Парлямэнт Вэнэсуэлы, апазыцыйны да прэзыдэнта Нікаласа Мадура, прызначыў новых часовых кіраўнікоў дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі PDVSA, а таксама даччынай амэрыканскай Citgo, піша Reuters.
Хуан Гуайдо, раней абвешчаны «часовым прэзыдэнтам» (і прызнаны такім большасьцю краінаў Амэрыкі і Заходняй Эўропы), казаў пра абвяшчэньне новага кіраўніцтва Citgo як пра гістарычную заяву і пачатак выратаваньня нафтавай прамысловасьці краіны.
Ці новае кіраўніцтва PDVSA толькі сымбалічнае, ці мае нейкі кантроль над здабычай нафты і газу ў Вэнэсуэле, пакуль незразумела — большасьць улады ў Вэнэсуэле дагэтуль застаецца ў Мадура. Але кантроль над замежнай Citgo, падобна, цалкам можа перайсьці да апазыцыі — ЗША падтрымлівае Гуайдо (настолькі, што амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп не выключае нават вайсковага ўмяшаньня).
Нікаляс Мадура тым часам заявіў у адным з інтэрвію, што Гуайдо «раней ці пазьней» адкажа за «парушэньне Канстытуцыі», якое праявілася ў «часовым прэзыдэнцтве».