Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе пасьля Мадура і пасьля Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Нікалас Мадура ў Менску, кастрычнік 2017-га
Аляксандар Лукашэнка і Нікалас Мадура ў Менску, кастрычнік 2017-га

Сьцісла

  • Дзяржаўнай незалежнасьці Вэнэсуэлы ўжо два стагодзьдзі, толькі прэзыдэнтаў у іх было 49.
  • Калі б беларускія дэпутаты, прымаючы ў 1994-м Канстытуцыю, прыгледзеліся да біяграфіі вэнэсуэльскага дыктатара Гомэса, дык уяўлялі б, які рэжым будзе панаваць у Беларусі наступныя чвэрць стагодзьдзя.
  • Адметна, як асьцярожна адрэагавалі ў Менску на падзеі ў Вэнэсуэле.

Дыпляматычны прыём. Нязмушаная нефармальная размова з адным высокапастаўленым урадавым чыноўнікам, якога ведаю не адзін год. Са зьдзіўленьнем слухаю, наколькі ў майго суразмоўцы лібэральны і нацыянальна арыентаваны погляд на многія важныя для Беларусі рэчы — у эканоміцы, ацэнцы расейскай пагрозы, дзяржаўнай незалежнасьці, сытуацыі з мовай... А вось калі размова заходзіць пра неабходнасьць палітычных рэформаў, свабодных выбараў — тут мой візаві мяняецца з твару:

«Разумееш, не дасьпела яшчэ наша грамадзтва. Мы ніколі ня мелі досьведу лібэральнай дэмакратыі. Замест свабодных выбараў атрымаем анархію, можам страціць незалежнасьць. Пакуль што, на пераходны пэрыяд, альтэрнатывы „моцнай руцэ“ няма...»

Маркес замест Чавэса

Калі настане той момант, калі ў Менску пачнуць пазбаўляцца ад тапонімаў, якія ўвекавечваюць шматлікіх айчынных і замежных таталітарных дзеячаў, мне б хацелася, каб пра Лацінскую Амэрыку беларусам нагадвала імя не правадыра баліварыянскай рэвалюцыі Уга Чавэса, як цяпер, а, напрыклад, калюмбійскага пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата Габрыэля Гарсія Маркеса.

Габрыэль Гарсія Маркес
Габрыэль Гарсія Маркес

Дзіўная рэч: адзін зь ягоных самых вядомых раманаў — «Восень патрыярха» — ня толькі ня быў забаронены ў СССР, а наадварот, шмат разоў перавыдаваўся і нават вывучаўся ў ВНУ. Раман — аб прыродзе аўтарытарнай улады. У цэнтры яго — абагульнены вобраз незьмяняльнага лацінаамэрыканскага прэзыдэнта, які, аднойчы захапіўшы ўладу, на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў, да самай сьмерці, імкнецца захаваць яе ў сваіх руках. Гэта ён, «пакаштаваўшы памідор з чыйго-небудзь агарода, з выглядам знаўцы павучаў аграномаў, якія яго суправаджалі: „Гэтай глебе нестае гною... Я распараджуся, каб завезьлі за кошт ураду“».

Не скажу, каб мы, студэнты 80-х, былі ў вялікім захапленьні ад гэтага ня самага простага твора. Тым больш што паралелі з савецкімі рэаліямі ў ім праглядаліся зь цяжкасьцю. Адным з галоўных правобразаў для раману стаў вэнэсуэльскі дыктатар першай паловы 20-га стагодзьдзя Хуан Вісэнтэ Гомэс. Большасьці не абазнаных у гісторыі людзей, асабліва моладзі, гэтае імя наўрад ці пра што гаворыць. А вось для пакаленьня Маркеса гэта была знакавая, сымбалічная фігура.

Як 27 год заставацца пры ўладзе і памерці на прэзыдэнцкім пасту

Калі б 25 год таму дэпутаты тагачаснага Вярхоўнага Савету, ствараючы новую Канстытуцыю, хаця б павярхоўна пазнаёміліся зь біяграфіяй вэнэсуэльскага дыктатара Гомэса, яны б, як у люстэрку, убачылі, што чакае Беларусь у наступныя прынамсі чвэрць стагодзьдзя яе гісторыі. Тое, якімі мэтадамі будзе выбудоўвацца рэжым аднаасобнай улады, як будуць скасоўвацца канстытуцыйныя абмежаваньні для незьмяняльнага прэзыдэнта, як пачнуць зьнікаць ягоныя палітычныя канкурэнты. І чым урэшце ўсё скончыцца.

Дык што гэта за асоба, Хуан Вісэнтэ Гомэс?

Хуан Вісэнтэ Гомэс
Хуан Вісэнтэ Гомэс

У юнацтве — малапісьменны пастух, рана застаўся бяз бацькі. Калі ён (шмат у чым выпадкова) апынуўся на вяршыні ўлады, многія лічылі, што вось цяпер пачнуцца прагрэсіўныя зьмены. Напачатку нібыта так і было. А потым...

Ён сем разоў мяняў Канстытуцыю — так, што кожны раз паўнамоцтвы прэзыдэнта пашыраліся.

Ва ўнутранай палітыцы ўмацоўваў цэнтралізацыю дзяржавы, стварыў жорсткую вэртыкаль улады.

На ключавыя пасады ў дзяржаве прызначаў асабіста адданых яму асобаў, пераважна землякоў, родам са штату Тачыра. Урэшце ў іхных руках сканцэнтраваліся найбуйнейшыя грашовыя патокі дзяржавы.

Асабіста ўзгадняў кандыдатуры дэпутатаў парлямэнту.

Панічна баяўся палітычных канкурэнтаў, якія б маглі адхіліць яго ад улады. Нават родны брат Гомэса, западозраны ва ўладных амбіцыях, у 1923 годзе быў зарэзаны.

Ідэалягічнай базай рэжыму стала тэорыя «дэмакратычнага цэзарызму». Ейны ключавы элемэнт — тэзіс пра «нясьпеласьць» асобных народаў (у тым ліку вэнэсуэльскага), няздольнасьць іх да самакіраваньня. З гэтага вынікала непазьбежнасьць зьяўленьня моцнага лідэра, які нібыта можа ўжываць найлепшыя мэтады кіраваньня, пазычаныя і ў дэмакратыі, і ў аўтакратыі. Маўляў, на вэнэсуэльскай глебе ня можа прыжыцца чужая для яе прыроды англасаксонская мадэль дэмакратыі.

Хуан Гомэс непадзельна кіраваў Вэнэсуэлай доўгія 27 гадоў і быў упэўнены, што застанецца ў гісторыі краіны як «бацька нацыі».

У 1935 годзе, калі Гомэс памёр, ахопленыя не жалобай, але эўфарыяй вэнэсуэльцы высыпалі на вуліцы і разграмілі шэраг урадавых будынкаў, рэдакцый афіцыйных газэт і дамоў найбліжэйшых хаўрусьнікаў Гомэса.

Сталіца Вэнэсуэлы Каракас, фота ©Shutterstock
Сталіца Вэнэсуэлы Каракас, фота ©Shutterstock

Наступны прэзыдэнт пачаў лібэралізацыю рэжыму, была прынятая новая, больш лібэральная канстытуцыя... Але потым былі новыя змовы, новыя перавароты, новыя рэвалюцыі. Вайсковая хунта — дыктатура — грамадзянская вайна — паўстаньне — дэмакратызацыя — Баліварыянская рэвалюцыя... І гэтак далей. Чаргаваньне можа мяняцца — сутнасьць застаецца нязьменнай.

Кожны раз, калі мне кажуць пра «нясьпеласьць» беларускага грамадзтва, ягоную негатовасьць да дэмакратыі, я згадваю прыклад Хуана Гомэса.

50 вэнэсуэльскіх прэзыдэнтаў

Нікаляс Мадура — 49-ы прэзыдэнт Вэнэсуэлы. І ўсё паказвае на тое, што недалёкі той час, калі там зьявіцца і 50-ы... І гэта толькі прэзыдэнты. А яшчэ ж былі каўдыльё, лідэры вайсковых пераваротаў, самазваныя дыктатары. Сябруе краіна з ЗША — і называецца Злучанымі Штатамі Вэнэсуэлы. Пасварылася з ЗША і будуе сацыялізм — і вось яна ўжо Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла.

Што будзе пасьля Лукашэнкі? Так хочацца думаць пра тое, што адразу пасьля скананьня аўтарытарызму краіну чакаюць хуткія дэмакратычныя зьмены: справядлівыя выбары, незалежны суд, разьняволеная прэса, хуткі рост эканомікі. Але як там будзе насамрэч? Якія аналёгіі ў айчыннай гісторыі шукаць, калі, апроч камуністычнай дыктатуры, на памяці некалькіх пакаленьняў і не было нічога іншага?

Вось нашым сябрам-вэнэсуэльцам прасьцей. Іхнай дзяржаўнай незалежнасьці — ужо два стагодзьдзі. У нас яшчэ панавала прыгоннае права і нішто не пагражала непадзельнаму цараваньню дынастыі Раманавых, а ў іх ужо былі і выбары, і падзел уладаў, і прэзыдэнт, і парлямэнт, і нібыта незалежны суд... Сьпіраль іхнай гісторыі незалежнасьці настолькі даўгая і пакручастая, што там можна знайсьці любыя паралелі з сучаснасьцю. Былі і дэмакратызацыя, і дыктатура, і вайсковыя рэжымы, і будаўніцтва сацыялізму. Збліжэньне з ЗША — і варажнеча з ЗША, збліжэньне з СССР — і поўны разрыў дыпляматычных адносін з Масквой... Прычым усё гэта — у самых неверагодных чаргаваньнях.

І цяпер, калі рэжым Мадура, выглядае, дажывае апошнія дні, а галодны, злы і экзальтаваны натоўп неўзабаве ўнясе ў прэзыдэнцкія пакоі Хуана Гуайдо, я б асьцярогся чакаць, што вось цяпер спакутаваную краіну чакае нарэшце паласа дэмакратыі і дабрабыту.

Пратэст у сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе 30 студзеня 2018
Пратэст у сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе 30 студзеня 2018

Адметна, як асьцярожна адрэагавалі ў Менску на падзеі ў Вэнэсуэле. Цытаты з афіцыйнай заявы МЗС: «З суперажываньнем адсочваем сытуацыю»; «Усе праблемныя пытаньні павінны вырашацца самім вэнэсуэльскім грамадзтвам і выключна шляхам мірнага дыялёгу»; «Вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца з узьніклымі цяжкасьцямі»... Які выразны дысананс з тым, як безаглядна падтрымала Мадура Масква. Пры такой рэакцыі спагнаць з Вэнэсуэлы пазычаныя сотні мільёнаў даляраў у Менску сякія-такія шанцы застаюцца. У Масквы — наўрад ці.

«Насыціцца ўладай немагчыма»

Гляджу па БТ апошні выпуск навінаў. Вэнэсуэла: мора людзей на вуліцы. Мадура перад сваімі прыхільнікамі трасе кулакамі і шле праклёны на адрас Гуайдо. Беларусь: строгі і напружаны прэзыдэнт праводзіць чарговую нараду зь міністрамі, якія зноў не забясьпечылі, ня выканалі, не дагледзелі...

Здымаю з кніжнай паліцы «Восень патрыярха» Маркеса. Эпізод, дзе незьмяняльны прэзыдэнт толькі што чарговы раз ператрос свой урад і ўзіраецца ў новыя твары:

«Ён вёў першае паседжаньне новага ўраду з выразным пачуцьцём, што ўсе гэтыя адборныя экзэмпляры новага пакаленьня новага стагодзьдзя — усё тыя ж звыклыя міністры даўнейшага часу з прыкрытым пыльнымі сурдутамі кволым нутром. Толькі гэтыя новыя былі больш славалюбныя, больш баязьлівыя і рабалепныя, больш бескарысныя і нікчэмныя за папярэдніх. І гэта пры нечуваным вонкавым доўгу краіны, які перавышаў кошт усяго, што можна было прадаць у гэтым царстве жалобы, якое прыйшло ў поўны заняпад».

Пра каго гэта было напісана на пачатку 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя? Пра Хуана Гомэса? Пра Нікаляса Мадура? Ці пра кожнага зь бясконцага шэрагу тых, хто, учапіўшыся за ўладу, не разумее, што «прага ўлады спараджае толькі няўтольную прагу ўлады» і што «насыціцца ўладай немагчыма».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG