ЗША разглядаюць вайсковую інтэрвэнцыю ў Вэнэсуэлу як адзін з варыянтаў сваіх дзеяньняў супраць рэжыму прэзыдэнта Нікаласа Мадура. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра гэта ў інтэрвію тэлеканалу Сі-бі-эс, якое выйшла ў эфір у нядзелю.
«Ня хочацца гаварыць пра гэта, але вядома такі варыянт разглядаецца», — сказаў ён у размове з Маргарэт Брэнан, вядучай праграмы «Тварам да краіны».
Прэзыдэнт ЗША распавёў, што Мадура некалькі месяцаў таму зьвяртаўся да яго з просьбай аб сустрэчы, але атрымаў ад Трампа адмову. Пра гэта паведамляе выданьне The Hill. У публікацыі адзначаецца, што ў мінулым студзені некалькі дзяржаваў на чале з ЗША, прызналі часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы старшыню Нацыянальнай асамблеі Хуана Гуайдо.