Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі не захацелі ператварацца ў казурак. Карцінкі з выставы


На адкрыцьці выставы

Міжнародную кніжную выставу-кірмаш у Менску ў дзень яе адкрыцьця наведалі некаторыя чыноўнікі, дэпутаты, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый. Што іх цікавіла на выставе?

Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Жаўняк разам зь міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам пабывалі на некаторых стэндах.

Уладзімір Жаўняк
Уладзімір Жаўняк

Ім паказалі рэдкія старыя паштоўкі пра малую радзіму кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з прыватнай калекцыі Ўладзімера Ліхадзедава. Там выявы Копысі, Александрыі і Шклова. У тым ліку плян Копысі 1778 году, падпісаны расейскай царыцай Кацярынай.

Калекцыянэр патлумачыў, што паштоўкі з гэтымі мясьцінамі — вялікая рэдкасьць.

Уладзімер Ліхадзедаў перадае прывілей Раману Матульскаму
Уладзімер Ліхадзедаў перадае прывілей Раману Матульскаму

У прысутнасьці чыноўнікаў Уладзімер Ліхадзедаў паведаміў, што некаторыя рэдкія дакумэнты са сваёй калекцыі ён перадае ў Нацыянальную бібліятэку, дзе будзе створаны ягоны фонд. Сярод іх унікальны дакумэнт, падпісаны Жыгімонтам Вазам III ад 1617 году — прывілей менскаму манастыру Ўзьнясеньня на старабеларускай мове.

«Ён з калекцыі графаў Тышкевічаў, якая прапала, мне ўдалося знайсьці і вярнуць яго ў краіну. Вось каралеўская пячатка. Гэты дакумэнт напісаны мовай тагачаснага справаводзтва, старабеларускай», — тлумачыў калекцыянэр.

Далей чыноўнікі накіраваліся да нямецкага стэнда. Пасол Нямеччыны Пэтэр Дэтмар расказаў, што сёлета ў экспазіцыі робіцца акцэнт на творчасьці Франца Кафкі.

Пэтэр Дэтмар
Пэтэр Дэтмар

«Калі вы памятаеце яго апавяданьне „Пераўтварэньне“, альбо „Мэтамарфоза“, у вас ёсьць магчымасьць самому з дапамогай тэхнічных інструмэнтаў, з акулярамі 3D, адчуць, як адчувае сябе чалавек, які ператвараецца ў казурку».

Амбасадар патлумачыў, што, як і раней, усе кнігі з выставы нямецкі бок перадае беларускім школам, дзе вывучаецца нямецкая мова. Уладзімер Жэўняк пацікавіўся, якія гэта школы, і быў задаволены, што яны ня толькі ў Менску.

Як сказалі пазьней карэспандэнту Свабоды на нямецкім стэндзе, ніхто зь беларускіх чыноўнікаў ня выявіў жаданьня «ператварыцца» ў казурку. «Ім ня вельмі спадабалася б апынуцца ў своеасаблівай сатыры».

Ператварэньне ў казурку
Ператварэньне ў казурку

Пасьля чыноўнікі падышлі да расейскага стэнда. На завяршэньне ім уручылі пакеты з падарункамі. Уладзімер Жаўняк зьдзівіўся, што яму хацелі ўручыць два.

«Навошта два?» — сказаў ён, і адзін пакет у яго забралі.

Міхаіл Арда цікавіўся паштоўкамі

Старшыня афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Арда зьявіўся на выставе пазьней.

Міхаіл Арда ля расейскага стэнда
Міхаіл Арда ля расейскага стэнда

Ён таксама наведаў стэнд з калекцыяй Уладзімера Ліхадзедава і нават прапанаваў выкупіць для арганізацыі эксклюзіўныя паштоўкі, зьвязаныя з прафсаюзным рухам. Пазьней калекцыянэр сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Гэта несур’ёзна. Як можна купіць 10 паштовак ці 5 з калекцыі? Калекцыя чым цэніцца — паўнатой», — сказаў Уладзімер Ліхадзедаў.

Потым Міхаіл Арда падышоў да расейскай экспазыцыі, дзе яму падаравалі кнігу «Фідэль Кастра» з сэрыі «ЖЗЛ». Кніга, дарэчы, каштуе на выставе каля 30 рублёў.

Ні Ўладзімер Жэўняк, ні Міхаіл Арда, ні намесьнік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі і экс-міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, не захацелі адказаць на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

Ігар Бузоўскі
Ігар Бузоўскі

Аднак пагадзіўся пагутарыць старшыня «Белай Русі» сэнатар Генадзь Давыдзька. Карэспандэнт пацікавіўся, як ён ставіцца да таго, што неўзабаве галоўную рэдактарку парталу Tut.by Марыну Золатаву будуць судзіць.

«Да закону я стаўлюся нармальна. І калі суд вызначыць яе вінаватай, значыць, яна вінаватая. Калі апраўдае, значыць, яна не вінаватая. І пры чым тут Золатава? Што вы робіце зь яе гераіню? Чалавек працаваў, бадай што парушыў заканадаўства. Гэта вырашае суд, разьбяруцца. Я тут ня бачу ціску на іншадумца, ні кропелькі».

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

На просьбу выказацца пра акт вандалізму ў дачыненьні «лавы Клінтана» ў Курапатах Генадзь Давыдзька адказаў, што «нічога ня ведае».

Рапота пра «балючую тэму»

Быў на выставе і дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Рыгор Рапота. Ён сказаў журналістам, што чытаў кнігі беларускага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, як доўга з расейскага боку будуць гучаць у адрас Беларусі абвінавачаньні ў пастаўках санкцыйнай прадукцыі і дэмпінгу, ён адказаў, што гэтыя закіды гучаць ня з боку Расеі, а з боку кантрольных органаў.

«Тэма балючая, пастаянна яе ўздымаюць у прэсе. Пераважна пра якасьць харчоў, іншым разам санкцыйныя пастаўкі. Гэта Рассельгаснагляд, калі быць аб’ектыўнымі. Мы ў іх пытаемся: „Дакуль?“

А яны кажуць: хлопцы, паглядзіце, мы расейскія прадпрыемствы душым ня ў меншай ступені, чым беларускія. Я палез на сайт і ўбачыў, што там сапраўды ідзе вельмі жорсткі кантроль за якасьцю прадукцыі.

Рыгор Рапота
Рыгор Рапота

Такі кантроль ніколі ня скончыцца, ён будзе. А калі ёсьць дамоўленасьць нешта не прапускаць праз тэрыторыю Беларусі і раптам яно зьяўляецца на тэрыторыі Расеі, гэта ўжо прадмет сумесных перамоваў.

Таму працэс бясконцы, але ён не павінен набыць палітычную афарбоўку. Што да дэмпінгу, то гэта не зьяўляецца прадметам абмеркаваньня».

Што чытаюць афіцыйныя асобы?

Першы намесьнік выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі распавёў карэспандэнту Свабоды, якія кнігі ён прачытаў ужо на новай сваёй пасадзе.

Віктар Гумінскі
Віктар Гумінскі

«Апошнюю я прачытаў кнігу „Нагорны Карабах“. Гэта больш палітычны бэстсэлер. А да гэтага дзьве кнігі з сэрыі „Сыбірыяда“ — „Канакрад“ і „Пурга“. Канакрад — гэта не азначае, што гэта той, што толькі коней крадзе. Гэта гістарычны раман. Прачытаў ужо тут, у выканкаме, і пераканаўся ў тым, што ў нас і сёньня ёсьць дастойныя аўтары і ёсьць што чытаць».

Былы амбасадар Уладзімер Дражын, які быў на выставе разам з экс-міністрам замежных спраў Пятром Краўчанкам, сказаў, што заўсёды адносіўся да кніг «зь цёплай душой».

«Я заўсёды ехаў за мяжу ў выправу на працяглую працу і вёз з сабой Якуба Коласа „Новую зямлю“, якая мне вельмі дарагая, Янкі Купалы „Выбраныя творы“ і Робэрта Раждзественскага „Выбранае“ ў трох тамах».

Намесьнік старшыні камісіі адукацыі, культуры і навук Піалаты прадстаўнікоў Аляксандар Сягоднік назваў карэспандэнту Свабоды тры свае ўлюбёныя кнігі. Гэта «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага, «Авадзень» Войніч і «Людзі на балоце» Івана Мележа.​

Аляксандар Сягоднік
Аляксандар Сягоднік

Генадзь Давыдзька пералічыў свае ўлюбёныя кнігі: «Сто гадоў адзіноты» Маркеса, «Майстар і Маргарыта» Булгакава і «Чорны замак Альшанскі» Караткевіча.

У міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча тры ўлюбёныя кнігі — «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Караткевіча і «Цень ад вясла» Міхася Стральцова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG