Мадура пачаў самыя маштабныя вайсковыя вучэньні ў гісторыі Вэнэсуэлы

Нікаляс Мадура, архіўнае фота
Нікаляс Мадура, архіўнае фота

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура 10 лютага ўзначаліў вайскова-цывільныя вучэньні, якія Deutche Welle называе самымі маштабнымі ў гісторыі краіны.

Вучэньні маюць працягнуцца 5 дзён. У іх бяруць удзел як вайскоўцы, так і паліцыянты. Мае быць задзейнічаная ў тым ліку тэхніка расейскага і савецкага паходжаньня, як зэнітна-ракетны комплекс «Ігла-С» і зэнітныя ўстаноўкі ЗУ-23.

Мадура паабяцаў, што ягоныя салдаты прымусяць ЗША дорага заплаціць за любую спробу «дакрануцца да сьвятой зямлі вэнэсуэльскай радзімы». Ён назваў вучэньні ня толькі найбуйнейшымі, але і «самымі важнымі» ў гісторыі краіны. Манэўры прымеркаваныя да 200-годзьдзя Ангастурскага кангрэсу, на якім была абвешчаная незалежнасьць краіны.

Тым часам ужо другі высокапастаўлены вайсковец перайшоў на бок кіраўніка парлямэнту Хуана Гуайдо, адмовіўшы ў легітымнасьці прэзыдэнту Нікалясу Мадура. Reuters са спасылкай на ананімнага супрацоўніка Белага дому сьцьвярджае, што ЗША знаходзяцца ў «непасрэдным кантакце» з вэнэсуэльскімі вайскоўцамі, якіх заклікае спыніць падпарадкаваньне Мадура.

Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам 23 студзеня, яго прызналі такім ЗША, большасьць краінаў Паўднёвай Амэрыкі і Заходняй Эўропы. У краіне захоўваецца напружаная сытуацыя, аднак у шырокамаштабны канфлікт супрацьстаяньне пакуль не перайшло. Рычагі кіраваньня сілавымі структурамі пакуль у руках Мадура, якога прызнаюць прэзыдэнтам Расея, Кітай і яшчэ шэраг краін.

​
XS
SM
MD
LG