Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьце колькасьць краінаў ЭЗ, якія прызналі Гуайдо прэзыдэнтам Вэнэсуэлы


Мадура (зьлева) і Гуайдо
Мадура (зьлева) і Гуайдо

Расьце колькасьць краін Эўрапейскага зьвязу, якія заявілі ў панядзелак аб прызнаньні кіраўніка парлямэнту Вэнэсуэлы Хуана Гуайдо часовым прэзыдэнтам краіны.

На гэты момант з афіцыйнымі заявамі пра гэта выступілі 12 дзяржаваў — акрамя Гішпаніі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі і Францыі гэта Аўстрыя, Швэцыя, Нідэрлянды, Фінляндыя, Данія, Партугалія, Латвія і Літва.

Усе гэтыя краіны падкрэсьлілі, што прызнаюць Гуайдо часовым прэзыдэнтам як гаранта правядзеньня датэрміновых выбараў да таго моманту, як у краіне будзе адноўленая дэмакратыя.

Напярэдадні мінуў 8-дзённы тэрмін, які шэраг краін Эўрапейскага зьвязу далі дзейнаму прэзыдэнту Вэнэсуэлы Нікалясу Мадура, легітымнасьць якога аспрэчвае Гуайдо, на прызначэньне выбараў. Мадура згодны толькі на парлямэнцкія выбары — але не на прэзыдэнцкія.

Пры гэтым Эўрапейскі зьвяз ня выступіў з адзінай пазыцыяй аб прызнаньні Гуайдо. У праекце заявы ад імя ЭЗ, распаўсюджанай у панядзелак, гаворыцца, што Эўразьвяз «пацьвярджае сваю падтрымку Нацыянальнай асамблеі (парлямэнту) і яе кіраўніка», а таксама, што аб прызнаньні Гуайдо кіраўніком дзяржавы краіны Эўразьвязу будуць заяўляць у індывідуальным парадку. Паведамляецца, у прыватнасьці, што супраць прызнаньня на гэты момант выступіла Італія. Злучаныя Штаты і шэраг краін Лацінскай Амэрыкі раней прызналі Гуайдо.

Рычагі кіраваньня ў Вэнэсуэле, у тым ліку і сілавымі структурамі, пакуль застаюцца ў руках Мадура. Яго лічаць легітымным прэзыдэнтам такія краіны, як Расея, Куба, Турцыя і Кітай. Мадура ў панядзелак заклікаў грамадзянаў краіны адпрэчыць гуманітарную дапамогу, якую маюць намер накіраваць у Вэнэсуэлу Злучаныя Штаты.

Ён таксама заявіў аб пачатку збору подпісаў супраць ваеннага ўварваньня, у падрыхтоўцы якога ён абвінаваціў Вашынгтон. Паводле Мадура, ён накіраваў ліст папу Рымскаму Францішку з просьбай дапамагчы наладзіць дыялёг з апазіыцыяй.

Хуан Гуайдо абвясьціў сябе прэзыдэнтам, заявіўшы, што выбары, на якіх Мадура летась атрымаў перамогу, прайшлі з парушэньнямі закону. У Вэнэсуэле працягваецца востры эканамічны крызіс, адзначаецца недахоп прадуктаў і найважнейшых тавараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG