У Вэнэсуэле яшчэ адзін высокапастаўлены вайсковец перайшоў на бок кіраўніка парлямэнту Хуана Гуайдо, адмовіўшы ў легітымнасьці прэзыдэнту Нікалясу Мадура.
«Дзевяноста адсоткаў нас — вайскоўцаў — незадаволеныя» — заявіў палкоўнік Рубэн Пас Хімэнэс у відэазвароце. Паводле яго, войска выкарыстоўваюць для таго, каб Мадура ўтрымаўся ва ўладзе. Акрамя таго, палкоўнік, які зьяўляецца вайсковым лекарам, заклікаў армію не выконваць загадаў Мадура і адкрыць доступ у краіну гуманітарнай дапамогі, якая дастаўляецца з ЗША ў суседнюю Калюмбію. Цяпер яе не прапускаюць праз мяжу.
Раней генэрал вайскова-паветраных сілаў Вэнэсуэлы Франсыска Янсэнса таксама прызнаў Гуайдо дзейным прэзыдэнтам.
Злучаныя Штаты, якія, як і шэраг краін Лацінскай Амэрыкі і Эўропы, прызналі Гуайдо, падтрымліваюць прамыя сувязі з вайскоўцамі Вэнэсуэлы, пераконваючы іх адмовіцца ад падтрымкі Нікаляса Мадура. Пра гэта паведаміла ў пятніцу агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі ЗША.
Пры гэтым афіцыйна камандаваньне арміі Вэнэсуэлы заяўляе аб вернасьці Мадура.
Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам 23 студзеня. У краіне захоўваецца напружаная сытуацыя, аднак у шырокамаштабны канфлікт супрацьстаяньне пакуль не перайшло. Рычагі кіраваньня сілавымі структурамі пакуль у руках Мадура, якога прызнаюць прэзыдэнтам Расія, Кітай і яшчэ шэраг краін.