Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў 12 лютага правёў тэлефонныя перамовы зь дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо.
Як піша амэрыканскі бок, Пампэо пацьвердзіў, што ЗША імкнуцца ўдасканаліць стасункі з Расеяй і пагадзіўся на працяг дыялёгу, абмеркаваў з Лаўровым апошнія санкцыі адносна Расеі згодна закону б забароне хімічнай і біялягічнай зброі. Таксама міністры абмеркавалі бягучыя праблемы ў Сырыі.
Паводле расейскага МЗС, Лаўроў назваў «нічым не апраўданым крокам» намер ЗША ўвесьці супраць Расеі санкцыі за атручваньне (гэтае слова расейскі МЗС бярэ ў двукосьсі, а здарэньне называе «мутнай гісторыяй») у Солсбэры Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі, «якіх з тых часоў ніхто ня бачыў» (зь якіх часоў — не ўдакладняецца).
Лаўроў, паводле расейскага МЗС, «перасьцярог ад любога ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Вэнэсуэлы, у тым ліку сілавое ўзьдзеяньне, чым пагражае Вашынгтон у парушэньне міжнароднага права». Ён выказаў гатоўнасьць правесьці кансультацыі па вэнэсуэльскай тэматыцы ў рэчышчы прынцыпаў Статуту ААН. Меркаваная прысутнасьць у Вэнэсуэле расейскіх кантрактнікаў у паведамленьні расейскага МЗС ня згадваецца.
Адносна Сырыі, паводле расейскага боку, Лаўроў і Пампэа «пагадзіліся зь неабходнасьцю працягнуць двухбаковы дыялёг у інтарэсах выкананьня рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН», таксама яны «абмяняліся думкамі пра кантакты за апошні час прадстаўнікоў МЗС Расеі і Дзярждэпартамэнту ЗША наконт сытуацыі вакол Карэйскага паўвострава і з мэтай прасоўваньня аўганскага ўрэгуляваньня».