У ахове кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура за апошнія некалькі дзён зьявіліся расейскія спэцыялісты з прыватных вайсковых кампаній, якія займаюцца сакрэтнымі місіямі па ўсім сьвеце. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дзьве крыніцы, блізкія да гэтых людзей.
Паводле іншай крыніцы Reuters, у Вэнэсуэле цяпер знаходзіцца цэлы кантынгент расейскіх вайсковых спэцыялістаў, але іх дата прыбыцьця і роля невядомыя.
На мітынгу ў Каракасе 23 студзеня сьпікер вэнэсуэльскага парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам — апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх перамог Нікаляс Мадура. Расея, якая ўклала мільярды даляраў у падтрымку вэнэсуэльскага кіраўніцтва, працягвае падтрымліваць ўрад Мадура.