Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюб Пятра і Фяўроніі, або Рамантычнае знаёмства па-праваслаўнаму


Бацюшка Аляксій Гоманаў на пасяджэньні Клюбу Пятра і Фяўроніі, люты 2019

Яны застаюцца ў царкве Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы ў Маскве кожную нядзелю пасьля апошняга богаслужэньня. Зьнімаюць плашчы і палітоны, дастаюць смартфоны. Атмасфэра робіцца сьвецкай. У царкве пачынаецца пасяджэньне Клюбу Пятра і Фяўроніі.

Бацюшка Аляксій Гоманаў

Настаяцель прыходу Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы Аляксій Гоманаў зьнімае сваё літургічнае адзеньне ў рызьніцы і вяртаецца да вернікаў. Тыя тым часам расстаўляюць сталы, на якіх зьяўляюцца бутэрброды і плястмасавыя кубачкі з гарбатай. У такіх абставінах бацюшка Гоманаў пачынае даваць сваім пераважна маладым вернікам-слухачам парады наконт рамантычных зносінаў ды сямейнага жыцьця жанчын і мужчын, уперамешку з царкоўным вучэньнем на гэты конт.

На сайце Клюбу Пятра і Фяўроніі паведамляецца, што бацюшка Аляксій Гоманаў адказвае, сярод іншага, на такія пытаньні вернікаў: Як знайсьці запаветную другую палову? Што рабіць, каб не памыліцца ў выбары? На чым грунтуецца гармонія сямейнага жыцьця? Чаму разбураюцца сем’і і як гэтага пазьбегнуць?

Больш чым 200 шлюбаў

Усё пачалося ў 2007 годзе, калі вернікі падаравалі Гоманаву ікону з выявай Сьвятых Пятра і Фяўроніі, якія ў Рускай праваслаўнай царкве лічацца апекунамі сямейнага жыцьця. Бацюшка Гоманаў у адну нядзелю адслужыў малебен у гонар гэтай сьвятой сямейнай пары, і гэта стала штотыднёвай звычкай. Такім чынам нарадзіўся Клюб Пятра і Фяўроніі. За апошнія 11 гадоў, як паведамілі маскоўскаму карэспандэнту нашага радыё арганізатары Клюбу, сустрэчы з бацюшкам Гамонавым ва Ўсьпенскай царкве ў Маскве (пабудаванай у ХVІІ стагодзьдзі) паспрыялі заключэньню больш чым 200 шлюбаў.

«І так няма чаго рабіць», — адказвае 67-гадовы сьвятар на пытаньне нашага карэспандэнта, навошта яму спатрэбіўся царкоўны клюб «самотных сэрцаў», калі ў Расеі, як у шмат якіх іншых краінах, квітнеюць розныя інтэрнэтныя сайты і паслугі рамантычных знаёмстваў, у тым ліку і з праваслаўнай афарбоўкай, накшталт «Азбуки верности».

Ніякага сэксу перад шлюбам?

Кацярына Громава, памочніца бацюшкі Гоманава і галоўны каардынатар Клюбу Пятра і Фяўроніі, сказала нашаму радыё, што на кожнае пасяджэньне Клюбу прыходзяць ня менш за 120 чалавек. Большасьць жанчын, як правіла практыкуючых верніц, прыходзіць туды, каб знайсьці сабе мужа. Большасьць мужчын, дадала Громава, прыходзіць дзеля цікавасьці, паглядзець, як выглядаюць «праваслаўныя дзяўчаты».

«Стыль жыцьця праваслаўных хрысьціян залежыць наогул ад асабістага выбару. Некаторыя кураць і п’юць, іншыя вядуць аскетычнае жыцьцё. Нешматлікія адкрыта ставяцца зь цярпімасьцю да гомасэксуалізму, які адназначна асуджаецца звышкансэрватыўнай царквой. Але ў Клюбе Пятра і Фяўроніі большасьць вернікаў застаецца вернай прынамсі аднаму праваслаўнаму правілу: ніякага сэксу перад шлюбам», — адзначыла Громава.

Голас з народу

Пасяджэньні ў Клюбе Пятра і Фяўроніі канчаюцца недзе каля дзявятай гадзіны вечара. На той, на якой пабываў карэспандэнт нашага радыё, Андрэй, 28-гадовы электратэхнік, які якраз дамовіўся на сустрэчу з адной удзельніцай Клюбу, сказаў нашаму радыё:

«Найважнейшая для мяне не яе вера, а яе падыход да чалавека. Калі яна прыстойная, з добрай сям’і, мае добрую адукацыю і выхаваньне, я думаю, мы знойдзем агульную мову зь нябёсамі».

На аснове матэрыялу маскоўскага карэспандэнта Радыё Свабода Мэт’ю Лаксмура (Matthew Luxmoore).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG