Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля сустрэчы высокапастаўленых прадстаўнікоў Злучаных Штатаў, Даніі і Грэнляндыі, якая прайшла ў Белым доме ўвечары 14 студзеня, пацьвердзіў імкненьне Вашынгтону ўсталяваць кантроль над Грэнляндыяй — аўтаномнай тэрыторыяй Даніі.
Паводле Трампа, у ЗША добрыя адносіны з Даніяй, але Вашынгтон ня можа спадзявацца на Данію ў пытаньні абароны арктычнай выспы. Паводле яго, Данія нічога ня зможа зрабіць, калі Расея або Кітай «захочуць акупаваць» Грэнляндыю, ЗША ж змогуць зрабіць «усё». Трамп спаслаўся на нядаўнюю апэрацыю амэрыканскіх вайскоўцаў у Вэнэсуэле.
Міністры замежных справаў Даніі і Грэнляндыі Лярс Лёке Расмусэн і Вівіян Моцфэльт сустрэліся ў Белым доме зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Дж. Д. Вэнсам і дзяржаўным сакратаром Марка Рубіё. Пасьля сустрэчы міністры заявілі аб «канструктыўных» перамовах і намеры сфармаваць сумесную працоўную групу. Пры гэтым яны адзначылі, што засталіся «глыбокія рознагалосьсі» паміж бакамі ў пытаньні Грэнляндыі і прызналі, што ім не ўдалося зьмяніць пазыцыю адміністрацыі ЗША. Яны падкрэсьлілі, што «Грэнляндыя не прадаецца».
Данія 14 студзеня заявіла аб павелічэньні вайсковай прысутнасьці на востраве. Паведамленьні аб гэтым сфармуляваныя так, што іх можна тлумачыць як крок насустрач ЗША ў пытаньні аб умацаваньні абароназдольнасьці.
Паведамляецца, што ўвечары таго ж дня ў Грэнляндыю прыбыў дацкі ваенна-транспартны самалёт з вайскоўцамі на борце. У паведамленьні міністэрства абароны Даніі гаворыцца, што вайскоўцы шэрагу краін — саюзьнікаў па NATO прымуць неўзабаве удзел у місіі рыхтаваньня плянаў пашырэньня вайсковай супрацы ў рэгіёне.
Некаторыя краіны ўжо аб’явілі аб выпраўленьні ў Грэнляндыю сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў гэтай місіі або ў вучэньнях, якія маюць там адбыцца. Ідзецца не пра баявыя аддзелы, агульная колькасьць замежных вайскоўцаў складзе адзінкі або дзясяткі. У прыватнасьці, Нарвэгія накіравала двух афіцэраў. Нямеччына паведаміла аб адпраўцы 13 вайскоўцаў.
Аб накіраваньні францускіх вайскоўцаў для ўдзелу ў вучэньнях паведаміў таксама прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Імаверна, у вучэньнях прымуць удзел таксама вайскоўцы з Канады і Нідэрляндаў. Апэрацыя адбываецца не пад эгідай NATO.
Форум