Камітэт у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын (КЛДЖ) папрасіў надаць доступ да мэдыцынскай дапамогі ў мэдыцынскай установе за межамі турмы, забясьпечыць жанчыне неадкладны доступ да адваката і належныя ўмовы ўтрыманьня пад вартай.
Раней падобныя захады КЛДЖ прымаў у дачыненьні Паліны Шарэнды-Панасюк, Марыі Калесьнікавай і Вікторыі Кульшы — таксама ў выніку скаргаў юрыстаў Respect-Protect-Fulfill.
Першапачаткова Алену Лазарчык асудзілі паводле артыкулаў 130, 342, 361-1, 368 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля яе таксама асудзілі паводле часткі 1 артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу, нібыта за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, і дадалі яшчэ паўтара года пазбаўленьня волі. Варта заўважыць, што прыцягваць да адказнасьці згодна з гэтым артыкулам у Беларусі могуць неабмежаваную колькасьць разоў.
Цяпер Алена знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 24 і мае шэраг праблемаў са здароўем. З-за ўмоў утрыманьня жанчына вельмі моцна схуднела, таксама мае сур’ёзныя праблемы з зубамі, якія немагчыма вырашыць у абставінах зьняволеньня.
Лазарчык ужо 4 гады знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі, і частку часу — у бесчалавечных умовах: у халоднай і волкай камэры, пры адсутнасьці нармальнага сну і доступу да незалежнага мэдыцынскага абсьледаваньня. Алена пазбаўленая пасылак, грашовых пераводаў, магчымасьці патэлефанаваць сваякам.
Доўгае знаходжаньне ў падобных умовах без мэдыцынскай дапамогі аказвае нэгатыўны ўплыў на здароўе зьняволенай, таму юрысты Respect-Protect-Fulfill зьвярнуліся ў КЛДЖ з просьбай прыняць у справе забесьпячальныя захады. Камітэт пагадзіўся з довадамі і заклікаў Беларусь надаць Алене «доступ да ўсебаковага мэдыцынскага абсьледаваньня і належнай мэдыцынскай дапамогі ў мэдыцынскай установе за межамі турмы, забясьпечыць ёй неадкладны доступ да адваката і забясьпечыць ёй належныя ўмовы ўтрыманьня пад вартай на час разгляду паведамленьня Камітэтам».
Забесьпячальныя захады КЛДЖ ёсьць абавязковымі для выкананьня.
КЛДЖ — міжнародны орган, які сочыць за выкананьнем Канвэнцыі аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні жанчын. Беларусь удзельнічае ў названай Канвэнцыі з 1981 году. Зварот у КЛДЖ — адзін зь нешматлікіх шляхоў, як беларускі могуць адстойваць свае правы ў міжнародных прававых мэханізмах.
Respect-Protect-Fulfill — беларуская незалежная няўрадавая некамэрцыйная праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Літве. Яна прасоўвае правы чалавека ў Беларусі і за яе межамі праз стратэгічныя справы ў грамадзкіх інтарэсах. Працуе з органамі ААН і іншымі міжнароднымі мэханізмамі, аддаючы прыярытэт тэмам, якія яшчэ не былі аб’ектам іх увагі.
Форум