Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінляндыя не захацела энэргіі зь БелАЭС, хоць мае патрэбу ў нерасейскай крыніцы


© Shutterstock
© Shutterstock

У Фінляндыі імпарт электраэнэргіі дасягае 70%, і большасьць імпартуюць з Расеі. Але фіны ўжо будуюць сваю АЭС.

На сустрэчы з журналістамі ў Хэльсынкі прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Фінляндыі Марку Кейнанэн адказаў на пытаньне БелаПАН наконт магчымасьці імпарту энэргіі зь БелАЭС.

Да таго Кейнанэн расказаў, што Фінляндыі важна супрацоўнічаць зь іншымі краінамі, бо фіны забясьпечваюць сябе электраэнэргіяй толькі на 30%. Астатняе – імпарт, і пераважна ён ідзе з Расеі.

Але імпартаваць энэргію зь Беларускай АЭС, якую будуюць пад Астраўцом, Фінляндыя наўрад ці стане:

«Цяпер Фінляндыя будуе сваю атамную электрастанцыю — „Олкілуата“, — адказаў на пытаньне пра імпарт энэргіі зь БелАЭС прадстаўнік МЗС Фінляндыі. — Яна мае быць дабудаваная ў бліжэйшыя гады. Мяркую, што пасьля завяршэньня гэтага праекту патрэба Фінляндыі ў імпарце электраэнэргіі паменшыцца».

Фінляндыя таксама паставіла перад сабой мэту вырабляць прынамсі палову ўласнай электраэнэргіі з аднаўляльных крыніц у пачатку 2020-х. Летась праз аднаўляльныя крыніцы фіны згенэравалі 45% уласнай электраэнэргіі і 57% цеплавай. У тым ліку 24% прыпадалі на гідраэлектрастанцыі, 16% здабывалася зь біямасы, каля 5% — з энэргіі ветру.

Раней ад энэргіі зь БелАЭС адмовіліся і іншыя краіны. Літоўскі ўрад у верасьні мінулага году ўхваліў плян блякаваньня імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС, каб ускладніць яе будаўніцтва, бо лічыць станцыю за менш як 50 км ад Вільні пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць БелАЭС, але сама Латвія не выказвала зацікаўленасьці ў куплі энэргіі зь беларускай станцыі. А Эстонія Літву падтрымлівае.

Польшча таксама не зацікавілася энэргіяй зь БелАЭС: ня мае патрэбы, лічыць праект небясьпечным і падумвае аб уласнай АЭС. Украіна і Расея не выказвалі зацікаўленасьці ў куплі энэргіі зь БелАЭС. А Ўладзімір Пуцін нават заяўляў, што Расея будуе станцыю ў Беларусі «сабе на шкоду».

***

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна паведамляюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюццавыкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG