Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расатам»: Будаўніцтва энергаблёкаў Беларускай АЭС ідзе паводле графіку


Працы па ўзьвядзеньню першага і другога энергаблёкаў Беларускай АЭС, якая будуецца паводле расейскага дызайну, ідуць паводле графіку. Пра гэта паведаміў журналістам 22 верасьня Сяргей Алонцаў, старшы віцэ-прэзыдэнт па будаўніцтве станцыі інжынірынгавай кампаніі «АСЭ», якая ўваходзіць у карпарацыю «Расатам».

«На дадзены момант на першым энергаблёку Беларускай АЭС завяршаюцца апэрацыі па праліву актыўных сыстэмаў бясьпекі на адкрыты рэактар: завершаны праліў на трэці канал бясьпекі, у бліжэйшы час спэцыялісты пачнуць праліў на чацьвёрты канал бясьпекі. Да 15 кастрычніка дадзеныя працы будуць завершаныя», — цытуе Алонцава ТАСС.

Пасьля гэтага, дадаў ён, на першым энергаблёку пачнуцца працы па зборцы рэактара і ўнутрыкорпусных прыстасаваньняў.

Паводле Алонцава, у канцы верасьня адмыслоўцы пададуць напругу на ўласныя патрэбы станцыі на камплектнае разьмеркавальнае прыстасаваньне. Падача напругі на ўласныя патрэбы паводле пастаяннай схемы — адна з ключавых падзеяў у будаўніцтве станцыі, бо дазваляе перайсьці да поўнамаштабных пусканаладачных прац, адзначыў старшы віцэ-прэзыдэнт.

Як раней паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, на беларуска-расейскіх перамовах у Сочы 21 верасьня з удзелам кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў абмяркоўвалася пытаньне аб падаўжэньні тэрміну вяртаньня крэдыту на будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі і зьніжэньня працэнтнай стаўкі.

Лукашэнка растлумачыў, што беларускі бок матывуе гэта тым, што тэрміны будаўніцтва расейскім бокам парушаныя. «Пакуль адкладаецца запуск першага блёка аж на год. Баюся, як мяне інфармуюць кантралёры, што, можа быць, Расея папросіць яшчэ пераносу гэтага тэрміну, што ўжо наогул недапушчальна. І калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, ня хочам ісьці ў суды, судзіцца, як гэта паводле дамовы), мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртаньня крэдыту трэба падоўжыць. І працэнтная стаўка павінна быць ня горшая, чым для іншых дзяржаваў. Да прыкладу, Армэніі, Бангладэшу, Вугоршчыныі гэтак далей», — адзначыў беларускі кіраўнік.

«Гэта прыкладна да 3% (аб зьніжэньні стаўкі па крэдыце). Непрыняцьця ніякага. Трэба проста дапрацаваць гэтае пытаньне. І я думаю, што мы можам вырашыць гэтае пытаньне ў тым ключы, у якім я сказаў», — дадаў Лукашэнка.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гаразенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энергаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG