Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Польшчы Паўлік: Гэта — не палітыка, гэта — эканоміка, энэргія БелАЭС нам не патрэбная


Варшава ня хоча палітызаваць пытаньне бясьпекі БелАЭС і не плянуе закупляць энэргію адтуль, бо Польшчы хапае ўласнай электрычнасьці.

Польскі амбасадар у Беларусі Конрад Паўлік заявіў у інтэрвію «Эўрарадыё».

Паўлік заявіў, што Польшча зацікаўлена ў тым, каб усе магчымыя непаразуменьні, зьвязаныя з будаўніцтвам БелАЭС, былі «спакойна разьвязаны і прапрацаваны.»

— Для нас самае галоўнае пытаньне — пытаньне бясьпекі. Але мы ні ў якай меры, і я гэта падкрэсьліваю, не зацікаўленыя ў палітызацыі гэтага пытаньня. Што датычыцца куплі электраэнэргіі з Астраўца Рэспублікай Польшчай, то на дадзены момант мы ў такім імпарце не зацікаўленыя, ня маем у ім патрэбы. У нас ёсьць свае рэсурсы, зь якіх мы вырабляем электраэнэргію, перш за ўсё гэта буры і каменны вугаль.

Раней кіраўнік польскага МЗС Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што яго краіна ня будзе купляць энэргію беларускай атамнай станцыі, бо «у аснове яе ляжаць небясьпечныя тэхналёгіі».

У МЗС Беларусі запрасілі польскага амбасадара на размову, дзе адзначылі, што мае месца «відавочная палітызацыя рутыннага пытаньня будаўніцтва Беларускай АЭС праз дэманстрацыю асобнымі краінамі так званай „эўрапейскай салідарнасьці“ пад ціскам літоўскага боку».

У чэрвені сёлета літоўскі парлямэнт зацьвердзіў закон, у якім сьцьвярджаецца, што БелАЭС небясьпечная і ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы, экалёгіі Літвы і здароўю людзей.

Беларуская АЭС будуецца побач з Астраўцом, за 50 кілямэтраў ад Вільні. Крэдыт для будаўніцтва выдзеліла Расея. Увод у эксплёатацыю першага блёку заплянаваны на 2019 год.

XS
SM
MD
LG