Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выпадку аварыі на атамнай станцыі ў Астраўцы эвакуююць 6 тысяч жыхароў Літвы


Беларуская АЭС у Астраўцы ©Shutterstock

Як перадае партал delfi.lt, у выпадку аварыі на Беларускай АЭС плянуецца эвакуяваць 6 тысяч чалавек, якія жывуць у 30-кілямэтровай зоне вакол АЭС. Гэта прадугледжана ў абноўленым «Пляне абароны насельніцтва на выпадак інцыдэнту на БелАЭС».

«Мы заплянавалі эвакуацыю прыкладна 6 тысяч жыхароў», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік дэпартамэнту супрацьпажарнай аховы і выратаваньня Эдгарас Гяда.

Ён падкрэсьліў, што жыхары будуць эвакуявацца з найбольш небясьпечнай 30-кілямэтровай зоны толькі ў самым крайнім выпадку — калі здарыцца буйная аварыя ці ў выпадку неспрыяльных мэтэаралягічных умоваў, калі вецер будзе дзьмуць з усходу на захад.

8-20 кастрычніка ў Беларусі будуць працаваць экспэрты МАГАТЭ па ацэнцы гатоўнасьці да надзвычайных сытуацый на атамных электрастанцыях (EPREV), каб вызначыць узровень гатоўнасьці станцыі да ядзерных або радыёлягічных надзвычайных сытуацый.

Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.

Для Беларускай АЭС выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200.

Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энергаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першы блёк Беларускай АЭС практычна цалкам укамплектаваны супрацоўнікамі, другі — на 50%. Цяпер на Беларускай АЭС працуюць 1 353 чалавекі, зь іх каля 900 — апэратыўны пэрсанал.

Літва ня раз ставіла пад сумнеў выбар для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, якая ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Краіна ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі, пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюццавыкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG