Ніна Багінская падчас пратэстаў супраць рэстарацыі «Поедим поедим» у Курапатах
72-гадовую Ніну Багінскую затрымалі 10 верасьня ў цэнтры Менску з плякатам «Беларусь рэпрэсаваная». Суд Цэнтральнага раёну сталіцы аштрафаваў актывістку на 1225 рублёў (50 базавых велічыняў).
За што судзілі? Паўторнае парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч. 3 арт. 23.34 КаАП).
Ніна Багінская з плякатам «Беларусь рэпрэсаваная», архіўнае фота
Багінская сказала, што зьбіралася ісьці да будынку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Актывістка прайшла ад «нулявога кілямэтру» да скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Энгельса, дзе яе і затрымалі. Багінская кажа, што пратэставала супраць «рэпрэсіяў» за Курапацкую варту, «гуляла з плякатам», выкарыстоўваючы канстытуцыйнае права на пратэст.
Паводле актывісткі, амапаўцы «прычапіліся» да свастыкі на плякаце, маўляў, яна забароненая ў Беларусі.
«Фашыстоўская свастыка чорная, а гэтая — чырвоная, крывавая і паяднаная зь сярпом і молатам. На маю думку, фашызм паядаўся з камунізмам», — патлумачыла сутнасьць плякату Багінская.
Паводле слоў Багінскай, пасьля суду плякат ёй не вярнулі. Актывістка кажа, што намалюе іншы і працягне пратэставаць супраць рэстарацыі «Поедим поедим», не зважаючы на штрафы.
Дзяжурны Цэнтральнага РАУС казаў Свабодзе, што ня ведае пра затрыманьне Багінскай.
Затрыманьне Ніны Багінскай, 10 верасьня
Ніна Багінская ня раз выходзіла на вулічныя пікеты і акцыі пратэсту, часам на адзіночныя пікеты, у тым ліку пад дзьвярыма КДБ. За гэта ёй пастаянна выпісваюць штрафы. Агулам з 2016 году яна павінна сплаціць дзяржаве больш за 18 000 рублёў. Штрафы яна прынцыпова ня плаціць, іх вылічваюць па 50% з пэнсіі. За адзіночныя пікеты Багінскую ўзнагароджвалі памятным знакам Віктара Івашкевіча і мэдалём Сяргея Ханжанкова.
У 2016 годзе з кватэры актывісткі судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі, але на новую пральную машыну і мікрахвалёўку для яе байнэт сабраў грошы за 5 дзён. Таксама ў Багінскай адбіралі лецішча.