Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Багінская ўдзячная моладзі за пральную машыну і мікрахвалёўку


Ніна Багінская

Ніна Багінская

69-гадовая ўдзельніца вулічных акцыяў Ніна Багінская паведаміла Свабодзе, што з удзячнасьцю прыме ў падарунак грошы, сабраныя неабыякавымі людзьмі на пральную машыну і мікрахвалёўку.

«Я разумею, што моладзі хочацца салідарнасьці. Я гэта вітаю і вельмі моцна ўдзячная. Але я лічу таксама, што трэба мець трываласьць дабівацца праўды ад дзяржавы. Браць ад моладзі грошы ці пральную машыну мне ня хочацца з маральных перакананьняў. Гэта ж моладзь такая, як я, — упартая, нацыянальна сьвядомая, але праз гэта ня мае асабліва магчымасьці зарабляць. Мне вельмі шкада моладзі, я вельмі ёй спачуваю. У мяне хоць пэнсія ёсьць, а ў іх — нічога», — сказала актывістка.

Ніна Багінская сказала, што лічыць ціск на сябе спосабам уладаў спалохаць іншых, хто хоча ўдзельнічаць у вулічных акцыях:

Ніна Багінская на акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга»

Ніна Багінская на акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга»

«Іншы чалавек паглядзіць, што вось у Багінскай забралі маёмасьць, і ня пойдзе на акцыю, спалохаецца. Гэта пры тым, што ў мяне кожны месяц і так з пэнсіі вылічваюць па 500 тысяч за штрафы. Больш нельга па законе. Дык цяпер яны за дзяцей узяліся, за іх маёмасьць. Але я буду змагацца за тое, каб нашу маёмасьць вярнулі».

Збор сродкаў у дапамогу Багінскай арганізавала актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Юля Сьцяпанава, пасьля таго як суд канфіскаваў у пэнсіянэркі тэхніку ў кошт шматлікіх нясплачаных штрафаў за ўдзел у вулічных акцыях. У інтэрнэце грошы сабралі за 5 дзён.

27 траўня дзеці Ніны Багінскай накіравалі ў суд скаргу, адзначыўшы, што канфіскаваная маёмасьць належыць ім. Пра гэта сьведчаць і прыкладзеныя дакумэнты на куплю-продаж тэхнікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG