Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Багінскай канфіскавалі маёмасьць і арыштавалі дачы — за акцыі са сьцягамі


Ніна Багінская

Ніна Багінская

Зь менскай кватэры 69-гадовай актывісткі Ніны Багінскай судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі і наклалі арышт на дачныя ўчасткі.

Пра гэта паведамляе сайт «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар».

Як расказала спадарыня Ніна, судам яна вінная ўжо больш за 40 мільёнаў:

«Штрафаў за ўдзел у акцыях у мяне ўжо набегла на 40 мільёнаў, на судовыя паседжаньні я ўжо не хаджу — ня бачу сэнсу, навошта марнаваць час? Першы раз судовыя выканаўцы прыйшлі ў маю адсутнасьць. Дома быў сын. Яны правялі вопіс маёмасьці. Я напісала заяву ў суд, што я ня згодная, бо гэта не мая маёмасьць, а маіх дзяцей. У адказ атрымала звычайную адпіску, на іх думку — усё законна. Праз тыдзень прыйшлі забіраць апісанае: двое ў цывільным і двое ў форме судовых выканаўцаў. У кватэру я іх не пускала, выклікала міліцыю. Судовыя выканаўцы ўсё здымалі на відэакамэру. Прыехаў нарад міліцыі, я ім паведаміла, што мяне хочуць абрабаваць. На якой гэта падставе гэтыя людзі хочуць забраць рэчы, якія нават мне не належаць? Дзяржава рэпрэсуе мяне, дык з маёй пэнсіі і вылічваецца! Пры чым тут мае дзеці, унукі і праўнукі?»

Ніна Багінская

Ніна Багінская

У мінулую пятніцу, 20 траўня, Ніна Багінская прыехала зь лецішча ў сваю менскую кватэру. Сын паведаміў ёй, што прыходзілі судовыя выканаўцы і забралі пральную машынку і мікрахвалевую печ.

«Але як жа так? Гэта ўсё належала маім дзецям, унукам, праўнукам. Унучка цяпер рукамі мые адзежу для майго сямімесячнага праўнука. Яны ў чым вінаватыя? Пазьней я атрымала ліст пра тое, што і на мае дачныя ўчасткі накладзены арышт — у Дамашанах і Мар’інай горцы. Я рыхтую пратэст у пракуратуру».

Тым часам Ніна Багінская атрымала чарговую судовую позву — за ўдзел у акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцягу» яе павінны судзіць адразу па двух пратаколах.

Ніна Багінская — удзельніца многіх вулічных акцыяў, куды яна нязьменна прыходзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG