Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хадзіць на суды і не плаціць штрафы», — Ніна Багінская аштрафаваная агулам на 18 000 рублёў


Ніна Багінская падчас несанкцыянаванай уладамі акцыі на 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

Актывістка Ніна Багінская 15 траўня завочна аштрафаваная судом Цэнтральнага раёну на 50 базавых велічынь (1150 рублёў). Яе судзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 1 траўня ў Менску.

Ніна Багінская сказала Свабодзе, што не пайшла на суд, бо ў яе «няма часу». Агулам з 2016 году яна павінна выплаціць дзяржаве больш за 18 000 тысяч рублёў. Гэта штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях і адзіночных пікетах.

«Штрафаў у мяне ўжо вельмі шмат. Я іх не плачу, дзяржава вылічвае з пэнсіі, штомесяц забіраюць 20% у залік штрафаў. Сама я не плачу і нават адмаўляюся ад дапамогі, якую мне прапаноўваюць розныя арганізацыі. Я лічу, што ня трэба плаціць, бо такім чынам мы падтрымліваем стагнацыю — аддаём грошы, якія выдзеленыя на разьвіцьцё, у кішэню існага рэжыму».

Летась дзяржава выставіла на аўкцыён адно зь лецішчаў Ніны Багінскай. Меркавалася, што выручаныя грошы пакрыюць штрафы. Але ўчастак у Дамашанах ніхто не купіў. Ніна Багінская кажа, што паразмаўляла з двума патэнцыйнымі пакупнікамі, патлумачыла ім сытуацыю, і тыя адмовіліся ад куплі. Цяпер яна па-ранейшаму вырошчвае на сваім пляцы садавіну і гародніну.

«Людзі зразумелі, што гэта палітычная справа, і ніхто не захацеў у яе ўлазіць. Да таго ж участак ацанілі ў 3500 рублёў, гэтага і далёка не хапіла б, каб заплаціць штрафы. Ня ведаю, што будзе далей з гэтым продажам, але я як езьдзіла, так і ежджу на сваё лецішча. Лічу, што гэты ўчастак мой. Я лічу, што самы правільны выбар — на суды не хадзіць, штрафы не плаціць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG