Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніну Багінскую аштрафавалі на 1150 рублёў за забаронены «Першамай» у Менску


Архіўнае фота. Судзьдзя Вікторыя Шабуня

Першым аштрафаваны Алег Макоўскі на 230 рублёў. Ягоную справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня. Яна ж вяла працэс над актывістам Дзьмітрыем Сільчанкам.

Дзьмітры Сільчанка пакараны штрафам 50 базавых велічынь.

Амапаўцы ў судзе засьведчылі, што Сільчанка выкрыкваў 1 траўня «Баста!» і «Жыве Беларусь!». Сільчанка ад тлумачэньняў адмовіўся, сказаў толькі, што нічога падчас акцыі не парушаў.

Дзьмітры Сільчанка
Дзьмітры Сільчанка

Дзьмітры Сільчанка бачыў у матэрыялах справы рапарт міліцыянтаў, у якім сьпіс удзельнікаў акцыі 1 траўня — усяго каля 20 чалавек.

Пэнсіянэрку Ніну Багінскую завочна аштрафавалі на 50 базавых велічынь, гэта 1150 рублёў.

Сама актывістка ў суд не прыйшла. Сьведкі-амапаўцы пазналі яе на фатаздымках з акцыі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Сьведкі казалі, што спадарыня Багінская выкрыквала лёзунгі «Баста!» і «Жыве Беларусь!». Вырак вынесла судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Ніна Багінская на акцыі 1 Траўня
Ніна Багінская на акцыі 1 Траўня

1 траўня на заклік экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча ў Менску прайшла акцыя пратэсту супраць дзейнай улады. На Кастрычніцкай плошчы, паводле розных падлікаў, сабралося каля 200 чалавек, якія потым прайшлі па ходніках праспэкту Незалежнасьці. Міліцыянты не перашкаджалі акцыі, але пасьля яе былі затрыманыя і асуджаныя апазыцыйныя актывісты Павал Севярынец і Максім Вінярскі. Мікалая Статкевіча міліцыянты затрымалі яшчэ напярэдадні акцыі, ён быў асуджаны да арышту. Пазьней за першатравеньскую акцыю атрымаў адміністрацыйны арышт таксама вядомы актывіст Вячаслаў Сіўчык.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG