Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першым ляўрэатам мэдаля імя Сяргея Ханжанкова стала Ніна Багінская


Ніна Багінская на цырымоніі ўручэньня мэдаля

13 сакавіка, у дзень нараджэньня Сяргея Ханжанкова, у Менску адбылася вечарына памяці палітычнага вязьня савецкага рэжыму 1960–70-х гадоў.

На думку заснавальніка руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, асоба Сяргея Ханжанкова яшчэ недастаткова ацэненая ў Беларусі.

«Ва ўсіх суседніх краінах ёсьць музэі шасьцідзесятнікаў, там шануюць дысыдэнтаў, і гэтак мусяць рабіць і ў Беларусі», — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Ён згадаў беларускіх дысыдэнтаў Сяргея Кукабаку, Лявона Баразну, супрацоўнікаў Акадэміі навук і мастакоў, якія ўваходзілі ў дысыдэнцкія колы.

«Але і на гэтым фоне Ханжанкоў таксама вылучаўся, ён вельмі на нас паўплываў сваім досьведам змаганьня з камуністычнай уладай і сваім нязломным характарам», — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Вядомы кінасцэнарыст Уладзімер Халіп згадаў часы, калі ў Менску судзілі Сяргея Ханжанкова — гэта быў пачатак 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Сам Уладзімер тады вучыўся на журналіста на філфаку БДУ. Тагачасны рэжым ён назваў «лютым, фактычна сталінскім». Паводле Ўладзімера Халіпа, яны зь сябрамі ведалі, што некалькі мужных студэнтаў Політэхнічнага інстытуту прадсталі перад судом за супраціў камуністычнаму рэжыму.

Уладзімер Халіп вітаў заснаваньне мэдаля імя Сяргея Ханжанкова.

«Бо нельга прыдумаць лепшага імя, якое б увасабляла барацьбу за незалежнасьць нашай краіны. Спадзяюся, гэты мэдаль будзе на доўгія гады захоўваць свой высокі ўзровень, бо ён адліты з нашых пакутаў, з нашай мары пра будучыню Беларусі», — сказаў Уладзімер Халіп.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў, што памяць Сяргея Ханжанкова ўшаноўваецца ў дні, калі ў Беларусі сьвяткуюць 100-годзьдзе абвяшчэньня БНР, і прапанаваў распачаць працу па ўсталяваньні ў Менску памятнага знаку ў гонар Сяргея Ханжанкова.

Удава Сяргея Ханжанкова Алена згадала рысы характару свайго мужа: чалавечнасьць, дабрыню, прынцыповасьць, сьціпласьць. Успомніла яна славутага расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына, які сказаў пра Сяргея Ханжанкова: «Гэты хлопец бараніў нашу агульную свабоду».

Тэатральны рэжысэр Валер Мазынскі дадаў да партрэта Сяргея Ханжанкова ўспамін, як запісваў зь ім інтэрвію.

«Мы хадзілі вакол той вежы, каб задаць яму пытаньні пра ягоны ўчынак, але ён быў вельмі сьціплы. Ён казаў: „Ды нічога асаблівага мы не зрабілі. Мы толькі вылічылі, што можна зрабіць, каб людзі больш слухалі Радыё Свабода ды іншыя галасы, якія распавядалі тое, што хавала ад людзей савецкая ўлада“».

«Дзейнасьць такіх людзей, як Сяргей Ханжанкоў, разбурае міт, што беларусы нібыта былі самым камуністычным народам у складзе былога СССР. Гэта ня так, што паказаў і прыклад Сяргея. Ёсьць і ў нас дысыдэнты, ёсьць людзі, якія дзейнічалі ў самыя змрочныя гады», — сказаў пра Ханжанкова паэт Славамір Адамовіч.

Сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч назваў Сяргея Ханжанкова героем.

«Гэта быў ледзь не адзіны герой таго часу, які мы завём савецкім застоем. Сяргей Мікалаевіч быў за нас, і нам ён неабходны, каб было на каго абапірацца ў цяперашняй барацьбе», — сказаў Мікалай Статкевіч.

Ніна Багінская
Ніна Багінская

У канцы вечарыны адбылося ўзнагароджаньне мэдалём імя Сяргея Ханжанкова. Камісія ў складзе 15 грамадзкіх дзеячоў назвала першага ляўрэата мэдаля. Ім стала грамадзкая актывістка Ніна Багінская.

Пасьля 25 сакавіка 2017 году, калі ў Менску арыштавалі дзясяткі актывістаў «Белага легіёну», а па ўсёй краіне сотні ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі былі затрыманыя, Ніна Багінская штодня выходзіла да будынка КДБ зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам «Свабода народу».

«Штодня мяне затрымлівалі і адвозілі ў РАУС, адкуль выпускалі толькі ноччу. Я ішла пешкі дадому, бо транспарт ужо не хадзіў, і зноў думала пра тое, чым магу дапамагчы маладым хлопцам, якіх трымалі ў „амэрыканцы“. Біцца я не магу, але ў мяне яшчэ моцныя ногі, і я вырашыла, што буду выходзіць з плякатам зноў і зноў. Таму і не баялася, а больш думала пра тое, як наступнай раніцай зноў прыйсьці да гэтага будынка», — сказала Ніна Багінская карэспандэнту Свабоды.

Штодзённы аднаасобны пікет Ніны Багінскай ля будынку КДБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:19 0:00

Аўтар і распрацоўнік бронзавай узнагароды імя дысыдэнта Сяргея Ханжанкова — менскі скульптар Гэнік Лойка.

Вясной 1962 году паўстала так званая «група Ханжанкова», якая мелася падарваць «глушылку» («радыёстанцыю № 3») паміж вуліцамі Даўгабродзкай і Чырваназорнай у Менску. У траўні 1963-га яе ўдзельнікаў арыштавалі. Георгі Сярогін і Сяргей Ханжанкоў былі асуджаныя на 10 гадоў, Віктар Храпавіцкі — на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Ханжанкоў адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і правёў у зьняволеньні ўвесь тэрмін.

Ханжанкоў: У лягеры была сабраная ўся савецкая гісторыя ў асобах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG