Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слухаў Свабоду ў свой перадапошні дзень», — дачка легендарнага дысыдэнта Ханжанкова перадае Свабодзе бацькаў прымач


Дачка беларускага палітвязьня савецкіх часоў Сяргея Ханжанкова вырашыла перадаць беларускай рэдакцыі «Свабоды» прымач, на якім яе бацька шмат гадоў слухаў Радыё Свабода.

За савецкім часам Ханжанкова асудзілі на 10 гадоў лягераў за «спробу зрабіць дывэрсію» і «антысавецкую агітацыю ды прапаганду», калі разам з сябрамі ён хацеў узарваць менскую вежу-глушылку, якая перашкаджала слухаць Радыё Свабода. Пра прымач, архівы і запаветы Сяргея Ханжанкова гутарым зь ягонай дачкой Верай Лях.

— Вера, ваш бацька правеў 10 гадоў у мардоўскіх лягерах за тое, што хацеў узарваць глушылку Радыё Свабода ў Менску. А як часта ён слухаў Свабоду пасьля адседкі?

— Ён увесь час слухаў Радыё Свабода. Не было дня, каб ня слухаў. Добра памятаю шыпеньне, калі глушылі радыё. У дзяцінстве я не магла зразумець, чаму нельга ўключыць тэлевізар і паглядзець навіны, чаму трэба слухаць прымач, празь які амаль нічога не чуваць і ўсё трашчыць. Але ён не глядзеў навіны, якія ішлі па цэнтральным тэлебачаньні... Бацька слухаў Свабоду і ў перадапошні дзень свайго жыцьця...

—- Чаму вырашылі падараваць Свабодзе ягоны прымач?

— Хачу, каб ён захаваўся. Мне будзе лягчэй, калі я буду ведаць, што гэтая рэч знаходзіцца там, дзе павінна быць. Мае ўспаміны пра тату зьвязаныя з гэтым прымачом. Я ведаю, што тата быў бы ня супраць.

— Вам нядаўна споўнілася 40 гадоў. Я так разумею, што вы нарадзіліся ўжо пасьля таго, як бацька выйшаў з лягеру. Што ён расказваў пра тыя часы? І калі пачаў расказваць?

— Пра лягер я нават не ад яго даведалася. Ён мяне аберагаў ад усяго гэтага, гэтак жа як яго ў свой час аберагалі ягоныя бацькі. Мой дзядуля Мікалай Ханжанкоў нарадзіўся пад Смаленскам, зьехаў у Маскву вучыцца, там пазнаёміўся з бабуляй, потым іх арыштавалі, асудзілі і адправілі на 10 гадоў у Магадан. Там 13 сакавіка 1942 году ў пасёлку Усьць-Уціны Магаданскай вобласьці нарадзіўся тата, а потым ягоны малодшы брат Коля. Дзядзі Колі ня стала 7 гадоў таму. Яму было толькі 59 гадоў...

Сваю гісторыю бацька расказаў мне, калі я была ў дарослым узросьце. Ён апавядаў усё ад самага пачатку, тлумачыў, чаму нарадзіўся ў Магадане. Калі я ўсьвядоміла, што адбылося і чаму адбылося, я абсалютна спакойна гэта ўспрыняла і падтрымала тату. Бацька расказваў пра савецкую ўладу, пра рэпрэсіі, пра тое, як нявінных людзей расстрэльвалі, саджалі ў турмы. У 1990-я гады мы разам зь ім хадзілі на розныя мітынгі, добра памятаю стадыён «Дынама» зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

— Як бацька да савецкай улады ставіўся?

— Ён усё ведаў і ўсё разумеў, але пры мне, напэўна, не хацеў выказвацца. Ён заўсёды гаварыў, што гэта пэрыяд, які закончыцца калі-небудзь... Я пыталася яго, ці ён шкадуе пра тое, што адбылося, бо гэта былі 10 гадоў маладосьці, найлепшыя гады. Ён адказваў, што ён сустрэў там вельмі разумных, інтэлігентных людзей, якія яму вельмі шмат расказалі, ад якіх ён вельмі шмат даведаўся, і што тут бы ён ніколі з гэтымі людзьмі не сустрэўся.

— Ці былі ў вас у гасьцях ягоныя сябры па лягеру?

— Тата вельмі сябраваў з палітвязьнем Эдуардам Хамяляйненым, які жыве ў Фінляндыі. Эдуард мяне падтрымліваў моцна, калі тата хварэў. Ён адсядзеў пяць гадоў за антысавецкую агітацыю. Пасьля лягеру ўлады прапанавалі яму пакінуць краіну, як і многім палітвязьням за савецкім часам. І ён зьехаў у Фінляндыю. Тата яго вельмі паважаў.

— Які архіў застаўся ад бацькі? Ці пакінуў ён дзёньнікі, лісты?

— Захавалася ўся лягерная перапіска зь ягонай маці. Бабуля захавала ўсе лісты за 10 гадоў, і ён прывёз з лягеру ўсе лісты, якія атрымліваў.

Засталося шмат кніг, розных дакумэнтаў. Мне яшчэ балюча іх глядзець. Больш за год ужо мінула, але дагэтуль цяжка. Я заўсёды хацела, каб бацька нейкую кнігу напісаў, але ён усё адкладваў на потым. Яму было што напісаць...

— Як ягоны лёс паўплываў на вашае жыцьцё?

— Напэўна гэтая рыса генэтычна перадаецца. Я ў дзяцінстве заўсёды гаварыла праўду, была дзёрзкай, заўсёды была супраць нейкіх рамак, за што ўсё жыцьцё атрымлівала....

— Чым вы займаецеся? Раскажыце пра вашу сямʼю.

— Цяпер я атрымліваю дыплём культуроляга, заканчваю Інстытут сучасных ведаў імя Шырокага. Працую ў музычным каледжы. У мяне муж, 11-гадовы сын Юльян, які вельмі падобны на дзядулю. Мая маці, Ханжанкова Леаніла Сяргееўна, жыве разам з намі, ёй будзе 76 гадоў.

Фота: Кастусь Лашкевіч, TUT.BY
Фота: Кастусь Лашкевіч, TUT.BY

— Аляксандар Салжаніцын гаварыў пра вашага бацьку: «Згадваецца лёс Сяргея Ханжанкова, які адседзеў <...> за спробу — ці нават намер — падарваць глушальнік у Менску. Але ж сыходзячы з агульначалавечых клопатаў нельга зразумець гэтага злачынцу інакш як змагара за ўсеагульны мір». А які быў для вас галоўны бацькаў запавет?

— Бацька быў вельмі свабодным чалавекам, падарожнікам па сваёй сутнасьці. Працаваў 9 месяцаў на заводзе (восень, зіма, вясна), а потым звальняўся, і на тры месяцы ўплываў у паходы на байдарках. Так было шмат гадоў. Мне было каля 6 гадоў, калі ён адзін праплыў усю Волгу на байдарцы. Доўга рыхтаваў маршрут, мапы, зьбіраў грошы, ежу, прыехаў на цягніку і за цэлае лета праплыў усю Волгу адзін — ад вытоку да Касьпійскага мора.

Бацька ніколі нічому не вучыў, заўсёды слухаў, ніколі не рабіў заўвагаў і не даваў парадаў. Бацька гаварыў, каб я вучылася, хацеў, каб я абавязкова кімсьці ў жыцьці стала. У мяне зь ім заўсёды была нейкая сувязь, і я яе не страціла. Я адчуваю, што ён побач са мной. Ён цяпер быў бы вельмі рады за мяне. А я заўсёды ім ганарылася.

Перадача прымача Сяргея Ханжанкова для Радыё Свабода адбудзецца 2 чэрвеня падчас прэзэнтацыі кнігі Аляксандра Лукашука «Освальд у Менску», якая пачнецца а 18 гадзіне ў Менску ў «Галерэі Ў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG