Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пасол Расеі і таямніцы сустрэчы ў Сочы Лукашэнкі і Пуціна


Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

Што азначае прызначэньне Міхаіла Бабіча новым паслом Расеі ў Беларусі? Як гэта паўплывае на двухбаковыя адносіны? Пра што дамовіліся і наконт чаго пасварыліся ў Сочы кіраўнікі Беларусі і Расеі?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце каардынатар экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Дзяніс Мельянцоў, выкладчык расейскай Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец і расейскі журналіст Віктар Дзятліковіч. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Новы пасол: ажыўленьне прывіду саюзнай дзяржавы?

Дракахруст: Што азначае прызначэньне Міхаіла Бабіча паслом Расеі ў Беларусі, а таксама адмысловым прадстаўніком РФ па разьвіцьці гандлёва-эканамічнай супрацы зь Беларусьсю? Што азначае гэтае прызначэньне, зробленае празь дзень пасьля сустрэчы лідэраў Беларусі і Расеі? Кандыдатура Бабіча, асаблівасьці яго біяграфіі горача абмяркоўваліся напярэдадні прызначэньня. Некаторыя выказвалі меркаваньне, што спадар Бабіч стане гэткім «новым Мураўёвым». Стане? Ці шмат залежыць ад пасла? Дарэчы, а некалі раней прызначалі адмысловага прадстаўніка РФ па РБ? Што азначае гэты дадатковы ранг у пасла Бабіча?

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Мельянцоў: Сапраўды, гэта была скандальная гісторыя з прызначэньнем Бабіча. Адным з галоўных скандальных момантаў было тое, што Ўкраіна адмовілася ад яго ў якасьці пасла. Але адмовілася не «па сукупнасьці заслугаў», а з-за таго, што ён быў чальцом Рады бясьпекі РФ і, магчыма, прымаў удзел у прыняцьці рашэньня пра напад на Ўкраіну.

Другі момант — гэта тое, што пытаньне яго прызначэньня, выдачы яму агрэману трапіла ў публічную прастору. Гэта супярэчыць звычайнай дыпляматычнай практыцы. Узгадненьне амбасадара, агрэман — гэта як правіла далікатная гісторыя. Яна ня мусіць камэнтавацца. Тое, што ў выпадку Бабіча атрымалася інакш, сьведчыла пра тое, што праблемы зь яго прызначэньнем былі.

І тое, што ён быў зацьверджаны празь дзень пасьля сустрэчы ў Сочы беларускага і расейскага прэзыдэнтаў, дазваляе меркаваць, што адбыўся нейкі разьмен, зьдзелка і Беларусь усё ж пагадзілася на гэтага пасла.

Важна таксама згадаць, што Бабіч будзе і адмысловым прадстаўніком прэзыдэнта РФ. Такой пасады афіцыйна ў Расеі няма. Паводле палажэньня аб адміністрацыі прэзыдэнта РФ, там ёсьць два адмысловыq прадстаўнікі — па прыродаахове і па Ўкраіне. Іншых адмысловых прадстаўнікоў юрыдычна няма, яны ўзьнікаюць толькі тады, калі прэзыдэнт іх указам прызначае.

Яны маюць рэальны доступ да «цела» прэзыдэнта, але яснага юрыдычнага статусу ў гэтых пасадаў няма. Адсюль вынікае, што Беларусь робіцца важным накірункам зьнешняй палітыкі Расеі. Адмысловы прадстаўнік можа рабіць справаздачу прэзыдэнту наўпрост, праз галаву МЗС.

Дракахруст: Дзьмітры, і ваш адказ — што азначае гэтае прызначэньне на фоне ўсіх абставінаў і таго, што гэта адбылося празь дзень пасьля сустрэчы ў Сочы, пасьля непрыходу Лукашэнкі на запрашэньне на турнір па самба? Што азначае гэты ранг адмысловага прадстаўніка, якога ня меў ні спадар Сурыкаў, ні спадар Блахін, ні іншыя паслы РФ у Беларусі?

Балкунец: Прызначэньне новага пасла было даўно чаканым. Сурыкаў быў паслом 12 гадоў, гэта вельмі доўга, рашэньне пра яго зьмену нават зацягнулася. Быў зроблены выбар на карысьць маладога чыноўніка, які мае вялікі вопыт працы ў расейскіх рэгіёнах і давер найвышэйшага кіраўніцтва. Гэта паказвае, што Беларусь — у прыярытэтах расейскага кіраўніцтва. Наданьне Бабічу адмысловых паўнамоцтваў паказвае, што расейскае кіраўніцтва хоча больш апэратыўна вырашаць задачы, якія ўзьнікаюць у двухбаковых адносінах. Каб яны не выходзілі на ўзровень прэзыдэнтаў, а вырашаліся на працоўным узроўні.

Я згодны зь Дзянісам — каб не грузіць двух прэзыдэнтаў прынялі рашэньне перадаць частку гэтых паўнамоцтваў новаму паслу, бо ў яго цяпер атрымліваецца прамое падпарадкаваньне ня толькі МЗС, але і прэзыдэнту. Сёньня падчас прадстаўленьня новага пасла прэзыдэнт Пуцін падкрэсьліў, што ён будзе вельмі часта сустракацца зь Міхаілам Бабічам.

Мне здаецца, што адной з галоўных праблемаў, якія стаяць перад Бабічам, будзе функцыянаваньне будучай саюзнай дзяржавы. Гэта праект, які быў запушчаны ў 1999 годзе, на сёньня ўяўляе сабой нейкае мітычнае ўтварэньне. Частка палажэньняў дамовы не была рэалізаваная.

Сёньня гэта хутчэй саюз дзяржаваў, чым саюзная дзяржава. Перад Бабічам будзе стаяць задача правесьці рэвізію ўсіх адносінаў у межах саюзнай дзяржавы і правесьці карэкціроўку гэтай дамовы.

Але, на мой погляд, Менск ня будзе гатовы на больш шчыльную інтэграцыю, бо гэта прывядзе да страты часткі беларускага сувэрэнітэту. І спроба паглыбіць інтэграцыю будзе спараджаць канфлікт. Таму я думаю, што тут будуць больш эканамічныя пытаньні, паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі ў межах ЭАЭС, наконт чаго ў беларускага боку ёсьць шмат пытаньняў да Расеі.

Дракахруст: Віктар, Дзьмітры ўжо сказаў пра нейкі акцэнт на саюзную дзяржаву. І сапраўды, спадар Бабіч падчас яго прадстаўленьня Пуціным сказаў, што найвышэйшая форма інтэграцыі — гэта саюзная дзяржава. Апошніх некалькі гадоў з расейскага дыскурсу саюзная дзяржава амаль зьнікла, гаварылі толькі пра Эўразійскі саюз. Што азначае гэты акцэнт? Ну і шырэйшае пытаньне — ці зьменіць прызначэньне Бабіча кардынальна двухбаковыя стасункі?

Дзятліковіч: Я б не надаваў прызначэньню Бабіча такой ужо вялікай увагі ў тым сэнсе, што двухбаковыя стасункі ніяк кардынальна ня зьменяцца. Увогульле Бабіч у Расеі не ўспрымаецца як прадстаўнік сілавога блёку. Калі б ён такім быў, мы маглі б казаць пра «новага Мураўёва». Але апошнія 20 гадоў Бабіч працаваў на пасадах, так ці інакш зьвязаных з эканамічнымі пытаньнямі, што ва ўрадзе, што на пасадзе прадстаўніка прэзыдэнта ў рэгіёнах, і ня меў прамога дачыненьня да сілавых структураў. Ён успрымаецца найперш як эканаміст.

І гледзячы на тое, што цяпер менавіта эканамічныя праблемы зьяўляюцца цэнтральнымі ў беларуска-расейскіх стасунках, ягонае прызначэньне з расейскага пункту гледжаньня выглядае даволі лягічна. І ніякі гэта ня «новы Мураўёў», прынамсі, на першы погляд, а можа нават і на другі, і на трэці.

Што да статусу адмысловага прадстаўніка, то такі статус меў яшчэ з 2001 году Віктар Чарнамырдзін, калі ён быў паслом РФ ва Ўкраіне. Потым гэты самы статус меў і Міхаіл Зурабаў, наступнік Чарнамырдзіна на пасадзе пасла.

Дарэчы, акрамя пасла ва Ўкраіне такі самы статус меў былы міністар сельскай гаспадаркі, які быў адмысловым прадстаўніком прэзыдэнта ў Манголіі. Так што Беларусь у гэтым сэнсе апынулася ў адным шэрагу ня толькі з Украінай, але і з Манголіяй.

Таму прызначэньне на такую падвойную пасаду ня варта адназначна інтэрпрэтаваць такім чынам, што гэта паказьнік падвышанай увагі Расеі да адпаведнай краіны. Манголію нельга аднесьці да такіх краінаў.

Якая палітычная вага Бабіча?

Дракахруст: Віктар, вы прыгадалі было пасла РФ ва Ўкраіне Чарнамырдзіна. Яго роля там пацьвярджала прымаўку, што ня месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца. Тое, што мог Чарнамырдзін, тое, што дазвалялася яму, вызначалася далёка ня толькі яго фармальнымі паўнамоцтвамі. Ён быў «цяжкавагавік» для ўсёй постсавецкай прасторы. А Бабіч? Я паглядзеў сёлетні рэйтынг уплывовасьці расейскіх палітыкаў. Пры ўсёй яго ўмоўнасьці Бабіч на 88-м месцы з сотні. Да прызначэньня Бабіча былі чуткі, што прызначаць паслом Суркова. Вось гэта фігура сапраўды буйная. І няважна, ці былі ў яго эфэсбэшныя пагоны ці не, ён дасьць фору любому эфэсбэшніку.

А вось 88-е месца Бабіча, пры тым што Пуцін зрабіў яго адмысловым прадстаўніком — а яго ўласная вага, яна высокая?

Віктар Дзятліковіч
Віктар Дзятліковіч

Дзятліковіч: Яна безумоўна ніжэйшая, чым у Чарнамырдзіна. Проста несувымерны вопыт і прафэсійны, і палітычны. Але ва ўнутранай расейскай палітыцы Бабіч даволі ўплывовы чалавек. Аднак апошнім часам ён не ішоў на відавочнае падвышэньне. Трапіць з ураду ў глыбінку — гэта не падвышэньне. Статус прадстаўніка прэзыдэнта ў фэдэральнай акрузе — гэта цяпер ня вельмі ўплывовы статус, не такі, як быў раней. Таму хутчэй за ўсё для Бабіча пасада пасла ў Беларусі — гэта пэўнае вяртаньне зь нябыту.

Балкунец: Я мяркую, што вага Бабіча значна большая, чым вага пасла Сурыкава, якога ён зьмяняе, прычым вага ў разы большая. Падчас працы ў фэдэральнай акрузе яму даводзілася мець справу з усімі міністрамі. Пасада адмысловага прадстаўніка, акрамя пасады пасла, дасьць яму магчымасьць камунікаваць наўпрост зь міністрамі праз галаву МЗС. І я мяркую, што гэта пойдзе на карысьць двухбаковым адносінам і розныя супярэчнасьці будуць вырашацца не праз мэдыі, не праз скандалы, ня будуць даводзіцца да ўзроўню прэзыдэнтаў, будуць вырашацца на ўзроўні пасольства.

Аб чым дамовіліся і аб чым пасварыліся ў Сочы Лукашэнка і Пуцін?

Дракахруст: Што зафіксавала ў двухбаковых адносінах сустрэча ў Сочы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна? Пра тое, якія менавіта праблемы падчас перамоваў былі вырашаныя, публічна не паведамляецца. Але ўскосна, магчыма, пра нешта можна меркаваць. Лукашэнка сказаў загадкавую фразу: праблемы альбо хутка вырашаюцца альбо вельмі доўга і марудна, аднак не назапашваюцца новыя.

Ну і дэмарш беларускага лідэра — падчас перамоваў Пуцін сказаў, што ўвечары ён і Лукашэнка разам будуць мець спартовую праграму. Увечары Пуцін і сапраўды пайшоў на спаборніцтва па самба. Але без Лукашэнкі. Пазьней прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Пяскоў патлумачыў — у Лукашэнкі былі іншыя пляны. Што азначаюць гэтыя дэталі? Што вядома пра сустрэчу дадаткова да афіцыйных паведамленьняў?

Тут варта прыгадаць кантэкст, цэлы каскад заяваў Лукашэнкі пра двухбаковыя адносіны: ён казаў пра рызыку, што Беларусь стане часткай іншай дзяржавы, пра «барбарскія» паводзіны Расеі ў межах ЭАЭС, пра тое, што Беларусь ня будзе нічыім васалам, «я ў Крэмль даваць справаздачы ня ежджу».

Мельянцоў: Мы сапраўды можам толькі здагадвацца, бо інфармацыі вобмаль і на сайце беларускага прэзыдэнта, і на сайце расейскага. Але і напярэдадні сустрэчы зь беларускага боку была «накрутка», Лукашэнка сапраўды на падвышаных танах казаў пра «барбарства» расейцаў, далей усплыла гэтае скандальнае пытаньне з Бабічам, потым не прыйшоў на самба. Так што хутчэй за ўсё размова была цяжкая.

Гледзячы па тым, што кандыдатура пасла была зацьверджаная, былі знойдзеныя нейкія рашэньні, Беларусь пайшла на пэўныя саступкі, Расея пайшла на пэўныя саступкі.

Відавочна, што перамовы тычыліся і кандыдатуры пасла, і паставак беларускай прадукцыі на расейскі рынак, таму што апошнія паўгода мы назіралі шэраг забаронаў, абмежаваньняў, канфліктаў. Гэта тычылася і беларускай «малочкі», зусім сьвежая навіна — наконт забароны паставак шампіньёнаў.

Ужо і Эўразійская эканамічная камісія ўступілася за Беларусь і кажа, што РФ парушае права ЭАЭС...

Дракахруст: Дзяніс, напэўна, не на апошнім месцы было і нафтавае пытаньне, так званая «ператаможка».

Мельянцоў: Так, там ідуць досыць цяжкія перамовы, якім чынам будзе вызначацца цана на нафту. Па леташнім пагадненьні сапраўды быў уведзены гэты дзіўны тэрмін «ператаможка». Расея незадаволеная тым, што Беларусь перапрадае расейскія нафтапрадукты. І ўпершыню Расея запатрабавала кампэнсацыі стратаў. Раней Беларусі было дастаткова проста прыпыніць рээкспарт ці тое, што Расея лічыла рээкспартам. А цяпер Расея патрабуе кампэнсацыі. А гэта сурʼёзны ўдар па беларускім бюджэце, улічваючы тое, якія ў нас выдаткі на абслугоўваньне зьнешняга доўгу. Таму сапраўды гэтае пытаньне, хутчэй за ўсё, таксама разглядалася.

Дзятліковіч: У Маскве на дэмарш Лукашэнкі зь непрыходам на спаборніцтва па самба ня надта зьвярнулі ўвагу, гэта ня надта абмяркоўваецца. Сочы, мора, можа ў чалавека сапраўды зьявіліся нейкія іншыя пляны. Больш гавораць пра тое, што абмяркоўвалася на сустрэчы.

І агульная думка такая, што Пуцін паставіў перад Лукашэнкам пытаньне аб узроўні той эканамічнай дапамогі, якую Беларусь наўпрост ці ўскосна будзе атрымліваць ад Расеі ў найбліжэйшым часе. Зьвязваюць гэта з тым, што сама Расея пад эканамічнымі санкцыямі з боку Захаду, яна знаходзіцца ў вельмі цяжкай эканамічнай сытуацыі.

Цяпер на ўзроўні і ўраду, і прэзыдэнта абмяркоўваецца пытаньне, як спагнаць зь вялікіх мэталюргічных і іншых кампаніяў каля 8 мільярдаў даляраў, каб выконваць сацыяльныя травеньскія ўказы Пуціна. Пры гэтым ускосная і прамая падтрымка эканомікі Беларусі з боку Расеі — гэта прыблізна тыя самыя 8-10 мільярдаў даляраў.

Крэмль летась паведамляў, што толькі на цэнах на нафту для Беларусі Расея страціла за апошнія 5 гадоў 22 мільярды даляраў. І, безумоўна, шукаючы грошы на падтрымку сацыяльных праграмаў, на падтрымку бюджэту, расейскі ўрад, атачэньне Пуціна ня могуць не зьвяртаць увагі на тое, у што абыходзіцца падтрымка Беларусі.

Мяркуецца, што менавіта гэта было галоўнай тэмай гутаркі ў Сочы — у якіх формах, у якіх абʼёмах, і чаму Расея больш ня можа падтрымліваць Беларусь у тых абʼёмах, у якіх падтрымлівала ў мінулыя гады.

Дракахруст: Дзьмітры, ці не абмяркоўваўся ў Сочы абмен магчымых палітычных саступак Менску на захаваньне эканамічных бонусаў Масквы? Вось Асад прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. А Беларусь — не. Ці што іншае зрабіла б у такім рэчышчы. А Масква ў абмен захавала б узровень падтрымкі, нягледзячы на ціск амэрыканскіх санкцый. Такія схемы абмяркоўваліся ў Сочы?

Дзьмітры Балкунец
Дзьмітры Балкунец

Балкунец: Адзначу, што гэтая сустрэча анансавалася толькі беларускім бокам пасьля вядомай тэлефоннай гутаркі ў ліпені. І мне здаецца, што гэты візыт Аляксандра Лукашэнкі быў даволі спантанным. Бо была сустрэча ў Сочы зь фінскім прэзыдэнтам, якая загадзя анансавалася. А інфармацыя пра тое, што будзе сустрэча Пуціна з Лукашэнкам, зьявілася на стужках агенцтваў навінаў толькі раніцай у дзень сустрэчы.

Калі была сустрэча Пуціна з прэзыдэнтам Фінляндыі, там былі дзяржаўныя сьцягі, а на сустрэчы з Лукашэнкам — не.

Наконт абмену нейкіх палітычных рашэньняў на эканамічныя бонусы — я мяркую, што для Расеі пытаньне прызнаньня з боку Беларусі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ўжо неактуальнае.

Наконт Крыму — Менск не гатовы прызнаваць яго ў той форме, у якой бы гэтага хацела Масква. Але адзначу, што беларускія кампаніі актыўна вядуць гандаль з крымскімі кампаніямі. Напэўна, Маскву гэта на сёньняшні дзень часткова задавальняе.

Дракахруст: Якраз калі Пуцін размаўляў з прэзыдэнтам Фінляндыі, ён сказаў, што Расею непакоіць узмацненьне сілаў NATO непадалёк ад расейскіх межаў, непакояць сыстэмы супрацьракетнай абароны, якія можа і не зусім супрацьракетныя, а ўдарныя. А Беларусь — перадавы рубеж. Не?

Балкунец: Думаю, што пытаньне базы на тэрыторыі Беларусі не абмяркоўвалася, гэтае пытаньне таксама неактуальнае.

Аднак мяркую, што закраналася тэма пэўных зьнешнепалітычных ініцыятываў Менску. З боку Масквы ёсьць пэўныя прэтэнзіі.

Дракахруст: А можна больш канкрэтна?

Балкунец: Ну гэта і тое, што прыгадалі вы — Абхазія і Паўднёвая Асэтыя. Але больш сьвежы прыклад — візыт міністра Ўладзімера Макея ў Лёндан, які ў Маскве выклікаў ня вельмі станоўчае стаўленьне. Калі расейскія дыпляматы былі вымушаныя пакідаць Лёндан, Менск адкрываў для сябе акно магчымасьцяў для кантактаў зь Вялікабрытаніяй.

Пры сапраўдных саюзьніцкіх адносінах такія крокі ня вельмі карэктныя. Беларускія калегі маглі б прынамсі адкласьці гэты візыт на пэўны час. Такія маленькія дэталі адыгрываюць вялікую ролю. Я мяркую, што аб гэтым была размова ў Сочы.

І я не выключаю, што гэтыя рэчы ў комплексе маглі быць важным аспэктам у пытаньні прадастаўленьня новых фінансавых абавязаньняў. Ну і ў палітычным пляне Масква ня вельмі задаволеная тымі заявамі, якія пэрыядычна гучаць з вуснаў беларускага прэзыдэнта, калі ён называе расейскіх палітыкаў «барбарамі». Гэта ня надта этычна.

І пасьля гэтага прыяжджаць і прасіць дапамогу не зусім карэктна. Гэтыя рэчы маглі закранацца ў сяброўскім тоне, каб Аляксандар Лукашэнка разумеў, што трэба паводзіць сябе больш прыстойна на міжнароднай арэне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG