Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Івана Ціхана: «Адпачынку ў спартоўцаў не бывае»


Мастацтва адпачынку. Адказы і парады.

Іван Ціхан — атлет, кідальнік молату, трохразовы чэмпіён сьвету ў 2003, 2005 і 2007 гадах, срэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыо-дэ-Жанэйра ў 2016 годзе, заслужаны майстар спорту Беларусі.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Працую, працую і яшчэ раз працую. Я трэніраваўся цэлае лета, потым выступаў на міжнародных спаборніцтвах, на Чэмпіянаце Эўропы. Вось і ўсё маё лета. Што незвычайнага можа быць, калі чалавек працуе і ідзе да сваёй мары, пераадольвае ўсялякія перашкоды? Звычайнае жыцьцё — гэта і ёсьць цуд.

Адпачынку ў спартоўцаў не бывае. Адпачынак — гэта зьмена дзейнасьці. У спартоўца вельмі кароткі час спартовай дзейнасьці. Хочацца гэты час пражыць максымальна эфэктыўна. Стандартнага адпачынку, які маюць на ўвазе людзі, калі кажуць гэтае слова, у мяне няма.

Дні адпачынку заўсёды ёсьць. Ты адпачываеш фізычна, але галава працуе над тымі задачамі, якія ты паставіў у трэніроўцы, тэхнічным працэсе.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

У мяне ўсё дзяцінства прыўкраснае, добрае. Я ўзгадваю ўсё дзяцінства. Яно не зьвязанае з засмучэньнямі, а з прыемнымі ўспамінамі аб сям’і, вёсцы, у якой я вырас (вёска Глоўсевічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласьці — РС), людзях, якія сустракаліся на маім жыцьцёвым шляху, пачынаючы ад настаўнікаў і выкладчыкаў, заканчваючы суседзямі.

Раней не было гаджэтаў, інтэрнэту. Мы зьбіраліся і разам гулялі дапазна. Вярталіся, толькі калі бацькі клікалі нас павячэраць. Абедалі мы самі, бо бацькі працавалі. Лета на вёсцы — самая гарачая пара, калі трэба сабраць ураджай. Дзеці ў гэтым дапамагалі.

Я ўзгадваю гэты час з задавальненьнем, мне прыносіць гэта радасьць і цёплае адчуваньне ў душы. Душа напаўняецца добрым, чыстым, сьветлым. Часам перажываю, што хочаш, але ня можаш тое самае паказаць сваім дзецям. Хаця, напэўна, у іх застануцца свае прыемныя ўспаміны.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Сто адсоткаў гэта мая спартовая баявая форма, якая не здаецца ў багаж і нікуды, а носіцца з сабой, каб яе не згубіць, каб мець магчымасьць выканаць тое заданьне, на якое ты едзеш. Кнігі, часопісы, красворды заўсёды ёсьць, каб крыху адцягнуць думкі ад выступу, зьняць напружаньне.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Я заўсёды вучуся. Сёлета, напэўна, толькі пацьвердзіў для сябе правіла, што ніколі ня варта здавацца. Другое, што трэба берагчы і любіць родных і блізкіх, і ўвогуле цаніць кожны дзень.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Слухаю музыку з інтэрнэту. Калі падабаецца, то я яе слухаю. Звычайна гэта расейскамоўны рок. Чытаю клясыку або гістарычныя кнігі. Нядаўна перачытваў «Ганну Карэніну» і Генрыха Сянкевіча «Quo vadis».

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Тэлефон не адключаю, бо ён для таго і створаны, каб родныя і блізкія маглі пазваніць і дазваніцца. Не падымаю, калі заняты. Стараюся ператэлефаноўваць, асабліва на нумары, якія ведаю. Калі не перазваніў, значыць, на жаль, не атрымалася. Той, каму патрэбна, патэлефануе яшчэ раз. Інтэрнэт, канешне, адключаю. Шмат часу там не праводжу. Бо ён адбірае вельмі шмат часу, калі не кантраляваць гэты працэс.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

У выходныя я займаюся ўсімі сямейнымі пытаньнямі. Няма такога, што я нешта люблю. Я выконваю тое, што патрэбна, займаюся тым, што павінен рабіць звычайны муж, бацька. Я жыву простым, звычайным жыцьцём чалавека, у якога ёсьць сям’я, дзеці.

Ваша парада на адпачынак

Я думаю, што чалавек падчас адпачынку павінен рабіць тое, аб чым ён марыць. Што падказвае душа, тое і рабіце. Каб ваша душа была спакойная, каб яна атрымала гэтае, і вы атрымалі задавальненьне, але ў межах годнасьці чалавека і грамадзтва.

Якім бы быў ваш адпачынак, калі б вы маглі не абмяжоўваць сябе ні ў фінансах, ні ў часе? Адпачынак мары?

Я б нешта ствараў у гэты час. Калі ўбачу, што нешта неабходна маёй дачцэ, сыну, маці, сястры, іншаму блізкаму чалавеку або сабе, я б гэта зрабіў. Я ад гэтага атрымліваю задавальненьне. Гэта не абавязкова хатнія справы. Галоўнае, каб яно было стваральнае.

Хаця часам мне падабаецца паляжаць. Але калі ты ляжыш, то мэдытуеш, марыш аб будучым, плянуеш, дэталізуеш нейкія ідэі. Работа ж ня толькі фізычная, але і думка, якая пасьля набывае формы, увасабляецца і дэталізуецца. Ляжаць на канапе, бачыць прыгожыя сны — гэта таксама вельмі прыемна і карысна. Я нармальны чалавек. Я ляжу, і мне гэта падабаецца. Каб працаваць, трэба добра паесьці і добра паспаць. Лепшае аднаўленьне — гэта моцны, здаровы сон. Ад работы і машына ламаецца. Чалавек таксама стамляецца.

Раскажыце самую забаўную гісторыю, якая з вамі здаралася ў адпачынку? Нечаканае здарэньне, цікавае знаёмства, рамантычная гісторыя?

Кожны дзень — гэта цуд. Мы адвыклі гэта бачыць, глядзець на гэта іншымі вачыма. Для нас гэта ўжо звычайнасьць, быт. Я ўдзячны за кожны дзень. У кожным дні можна знайсьці нешта выключнае і важнае для мяне. Я дайшоў да таго, што да кожнага дня трэба ставіцца, як да падарунка.

Лета Дзьмітрыя Плакса: «Вольны час немагчыма адрозьніць ад працы»

Лета Паўла Кірылёнка: Адпачывайце як мага часьцей

Лета Мікалая Халезіна: Дазваляем сабе выходзіць да мора з бутэлькай добрага віна

Лета Юліі Цімафеевай: Заўсёды маю з сабой фотаапарат

Лета Віктара Марціновіча: «Кідайце ўсё і да бліжэйшага месца з вадой і соснамі»

Лета Глеба Лабадзенкі: «Я зразумеў, што Беларусь бясконцая»

Лета Міхала Сьцепанюка: «Паспрабаваць адключыцца ад усіх фэйсбукаў»

Лета Сьвятланы Алексіевіч: «Абажаю жыць у сябе за горадам»

Лета Альгерда Бахарэвіча: «Вандроўкі робяць нас свабоднымі. Bu samoje!»

Лета Алеся Дзянісава: «Dzieciuki запісваюць новы альбом»

Лета Ганны Кандрацюк: «У падарожжа бяру малітоўнік і мапу»

Лета Тацяны Караткевіч: «За дзень накручваю на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў»

Лета Кацярыны Сумаравай: «Не ўяўляю адпачынак без этудніка і палотнішчаў»

Лета Джона Пазьняка: «Навучыўся пакаваць у валізку ня больш за 8 кг»

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG