Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»


Юры Зісер у Нармандыі.

Мастацтва адпачынку: адказы і парады.

Ад рэдакцыі: Юры Зісер адказаў на летнюю анкету Свабоды, калі яшчэ не было вядома пра затрыманьні рэдактараў і журналістаў парталу TUT.BY, БелаПАН і іншых выданьняў.

Юры Зісер — прадпрымальнік, дырэктар і ўласьнік УП «Надзейныя праграмы», генэральны дырэктар, заснавальнік і ўласьнік найбуйнейшага ў Беларусі парталу TUT.BY. Юры Зісер нарадзіўся ў Львове. Скончыў Паўночна-Заходні політэхнічны інстытут у Санкт-Пецярбургу па спэцыяльнасьці «Электронныя вылічальныя машыны». У 1977–1994 гадах працаваў праграмістам, сыстэмным аналітыкам і кіраваў рознымі праектамі. У Менску жыве з 1987 году.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Да мяне прыехала дачка з унучкай. Мы праводзім разам даволі часу. Апроч таго мы з жонкай вандравалі па Францыі — у Нармандыю. Наведалі шмат месцаў — Руан, Дэвіль, Трувіль, Этрэта і іншыя. Мы даўно марылі паехаць у Нармандыю.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

У дзяцінстве магчыма было езьдзіць на мора толькі ў Крым. Мы з бацькамі аб’езьдзілі ўвесь Крым. Таксама добра было ў Адэсе, пад Адэсай. Запомнілася мора, цудоўная трапічная расьліннасьць, сонца, усё яркае. Марожанае, газіроўка з аўтамата, ялцінскі кірмаш з фруктамі.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Мабільны тэлефон. Ну тое, што і ўсе. У мяне няма нейкага талісману.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Закрылі брэш у эрудыцыі, якая называецца Нармандыя. Ад узьбярэжжа Нармандыі я чакаў большай прыгажосьці. Я не магу сказаць, што там супэрпрыгожа. Беларусь ня горш. Мора халоднае, нам не па 20 гадоў, таму купацца мы не наважыліся. А вось Руан вельмі спадабаўся. Руанскі сабор, які на палотнах Манэ. Побач зь месцам пакараньня Жаны Д’арк цудоўны сучасны сабор. Па дарозе мы яшчэ заехалі ў Жывэрні, дзе наведалі дом-музэй Манэ з садам і саджалкай са знакамітымі белымі гарлачыкамі і мостам, які адлюстраваны на вялікай колькасьці яго карцін. Гэта было здорава.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

У асноўным клясыку, джаз і народную, розных народаў, у тым ліку і беларускую. Люблю барочную і сучасную клясыку. Джаз люблю 50-60-х гадоў, лацінаамэрыканскі джаз.

Апошнім часам больш чытаю пэрыёдыку і не хапае часу на кнігі. З апошняга, што пакінула ўражаньне, гэта кнігі Жазэ Сарамага. Ну і Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць, бо гэта пра наша жыцьцё напісана.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Юры Зісер разам з жонкай Юліяй Чарняўскай.
Юры Зісер разам з жонкай Юліяй Чарняўскай.

Не адключаемся, карыстаемся штодзённа, як і дома. Вялікае шчасьце, што летам меней пішуць у сацсетках. І менш важных навінаў. Інтэрнэтам можна карыстацца меней і гэта вельмі добра. Але я заўсёды онлайн.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Такога няма. Я ўсё сабе заўсёды дазваляю.

Ваша парада на адпачынак

Кожны для сябе выбірае спосаб адпачынку. Некаму патрэбны падарожжы, а нехта наадварот, купляе пуцёўку ў Турэччыну, бярэ гатэль, «усё ўключана» і два-тры тыдні не пакідае гэту тэрыторыю. Але галоўнае, што адпачываць неабходна. І абавязкова трэба браць адпачынак, а не працаваць гадамі. А як яго правесьці, кожны вырашае для сябе на свой густ.

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG