Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Кацярыны Сумаравай: «Не ўяўляю сабе адпачынку без этудніка і палотнаў»


Мастачка Кацярына Сумарава ў Літве.

Мастацтва адпачынку: адказы і парады.

Кацярына Сумарава — прадстаўніца мастакоўскай дынастыі на чале з заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Васілём Сумаравым (сястра Дар’я Сумарава-Копач таксама займаецца жывапісам). Нарадзілася ў 1979 годзе ў Менску. Вучылася ў Беларускім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка, скончыла Дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працавала ў дзіцячай мастацкай школе № 3 Менску і Акадэміі мастацтваў. Ад 2007-га — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Бярэ ўдзел у міжнародных пленэрах, дыплямантка мастацкіх конкурсаў. Працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі і па-за яе межамі. Выхоўвае 11-гадовую дачку Марыйку.

Як вы праводзіце гэтае лета?

У Ярданіі.
У Ярданіі.

Актыўна, пераважна ў творчых вандроўках. Лета багатае на міжнародныя пленэры ды сымпозіюмы. Ужо вясной пачынаюць прыходзіць прапановы, і я кампаную свой час. Сёлета творчы маратон стартаваў з Магілёву і працягнуўся ў Злаціборы (Сэрбія), Ўроцлаве (Польша), Амане (Ярданія). Шкадую, што ня траплю ў жніўні ў Друю, дзе айцец Сяргей праводзіць пленэр — у Марыйкі іспыты ў мастацкую школу.

Сямейнае сэлфі.
Сямейнае сэлфі.

У ліпені адпачывала ў цудоўным мястэчку Юадкрантэ на Куршскай касе. Магічныя мясьціны! Была там на пленэрах, а сёлета цалкам сямейная вандроўка — сябры яшчэ ўзімку спакусілі паехаць зь дзецьмі. Ехалі дзьвюма сем’ямі. Пашанцавала і з надвор’ем, і зь цёплым морам, і, галоўнае, зь сябрамі. Дзеці ў захапленьні, а бацькі-мастакі яшчэ і на этуды пасьпявалі.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Няма адзінага ўспаміну, ёсьць сукупнасьць дэталяў, колераў, гукаў, пахаў. На лецішчы зь сястрой, мамай і яе сяброўкай хадзілі на далёкія выцечкі па ваколіцах. Зьбіралі букеты, лекавыя зёлкі. А з татам кожную раніцу езьдзілі на роварах на этуды, а ўвечары — у суседнюю вёску па сьвежае малако. Памятаю як зь дзедам зьбірала з бульбы прыгожых каларадзкіх жукоў. Дзядуля плёў кашы, ва ўсіх у сям’і быў свой. Нават мне, трохгадовай, сплёў маленькі кошычак. Я была шчасьлівая!

Бацькоўскае лецішча ў садовым таварыстве «Сябры» на Астрашыцкім возеры — асобная гісторыя, батанічны сад адпачывае. Кветкава-памідорава-агурковы рай, куды на лета сасланая наша котка Мусенцыя Какугава, пакуль мы ў разьездах. Як толькі вольны час — туды! Там мяне чакае газон — мой гонар, мая ноша. А таксама возера і лес.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Мастакоўскія прылады працы. Не ўяўляю сабе адпачынку без этудніка і палотнаў. Ну і такія рэчы як крэм для загару, актываваны вугаль і антыгістамінныя лекі. Калі са мной дачка, на ўсялякі выпадак бярэцца ўся аптэчка, плюс мяч, паветраны зьмей і шмат што яшчэ.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

На сымпозіюме ў Амане.
На сымпозіюме ў Амане.

​Кантактаваць зь людзьмі, заводзіць новыя знаёмствы і карыстацца мапамі. Дзякуючы прафэсіі, апошнім часам я шмат дзе пабывала: Гішпанія, Кітай, Арабскія Эміраты, Вугоршчына, Нямеччына, Францыя, Галяндыя. Ад выставаў да майстар-клясаў.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.

Кнігі на адпачынак ці ў творчыя паездкі не бяру. Па-першае, кожная паездка — гэта і ёсьць новая кніга: людзі, адносіны, традыцыі. Аддаю перавагу таму, каб гэты новы сьвет вывучыць і пасьпець крыху інтэгравацца. Па-другое, ці то адпачынак, ці то пленэр — усе дні багатыя на падзеі і зьмену карцінкі.

З музыкай па-рознаму. Ёсьць у нас дарожная флэшка «на траіх», на ёй пераважна клясыка року — сусьветнага і нашага. Альбом БГ «zoom zoom zoom» — на тры галасы. «Крамбамбуля» — канечне, «Тутутурысты». Марыйка сьпявае пра «тэкілу-маргарыту», куру-шчабятуру, а зь любімых — TNT (AС/DС) і «Багемская рапсодыя» Фрэдзі Мэркуры. У дачкі зараз час адкрыцьцяў, мікс неверагодны: Вайцюшкевіч, Паліна Рэспубліка, Боб Марлі, Ozzi Ozborn, Dire Straits, Imagine Dragons і так да бясконцасьці.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

На тэлефоне роўмінг, інтэрнэт — праз вай-фай. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку, не шкадуючы, дзялюся прыгажосьцю і цікавосткамі кожнага новага падарожжа.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

На хутары Вайцюшкі.
На хутары Вайцюшкі.

Я — вольная мастачка, таму няма істотнай розьніцы паміж звычайным жыцьцём і адпачынкам. А гэты самы «адпачынак» зьяўляецца часткай творчага працэсу і своеасаблівай «перазагрузкай».

Лета Джона Пазьняка: «Навучыўся пакаваць у валізку ня больш за 8 кг»

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG