Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»


Мастацтва адпачынку. Адказы і парады.

Анатоль Лябедзька — адзін з лідэраў беларускай апазыцыі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі з 2000 да 2018 году. Былы палітвязень.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Анатоль Лябедзька з жонкай Сьвятланай.
Анатоль Лябедзька з жонкай Сьвятланай.

Для мяне лета яшчэ не закончылася, але ўжо ёсьць што згадаць. Былі чатыры дні на Балтыцы. Пашчасьціла з надвор’ем, плюс 21. Балтыка пад сонцам — гэта нешта неверагоднае! Тым больш Юрмала, дзе сосны, зь якімі можна абдымацца. Водар асаблівы... Гэта не паўднёвы адпачынак, дзе ты як на патэльні, а зусім іншае, калі менавіта кайфуеш ад сонца, ад вады, ад паветра. І вада была вельмі цёплай — хоць не вылазь. Яшчэ на дзень перад гэтым мы заехалі ў Рыгу, пахадзілі на старым горадзе, і гэта таксама вельмі ўтульна для сэрца і душы.

Выдатна адпачылі з жонкай Сьвятланай і нашымі сваякамі-сябрамі. У нас ёсьць сваякі, якія і вельмі блізкія нам сябры. Адпачынак у нас частка праходзіць разам, учатырох з камфортам для душы, для настрою. А што кароткі — дык нічога. Раней таксама даводзілася каротка адпачываць, большасьць зімой, калі мог на тыдзень зьезьдзіць у горы пакатацца на лыжах. Але цяпер магчыма, гэта ня ўвесь адпачынак на лета. Калі ўсё атрымаецца, дык літаральна на дні чатыры яшчэ зьезьдзім у Львоў.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Гэта школьныя вакацыі і магчымасьць паганяць мяч на поплаве. Там была збудавана адмысловая брама і мы, хлопцы, імкнуліся ўсе туды. Паміж дзялкамі, паміж працай на вёсцы, якой хопіць на 24 гадзіны на суткі — туды. А там рэчка Сула, прыток Нёману. Маё дзяцінства прайшло на Стаўпеччыне. І, канешне, лес, куды за белымі грыбамі хадзілі і за чарніцамі. А футбол быў у нас літаральна кожны вечар, ганялі да суцэльнай страты сіл, але для мне гэта быў адпачынак, было ў кайф. У піянэрскія лягеры я не езьдзіў, хаця была такая магчымасьць, бо я быў ня самы апошні вучань.

Была нават магчымасьць паехаць у «Артэк», самы знакаміты савецкі дзіцячы лягер у Крыме, але мяне «Артэк» зусім не прывабліваў. Угаворвалі і настаўнікі, і бацькі, але сказаў — не, не паеду. Не скажу, што быў ужо тады нейкім антыкамуністам, але не цягнула мяне гэта. У 4 ці 5 клясе я ўжо пачаў зарабляць грошы, улетку ішоў да бацькі, працаваць зь ім на камбайне, і за лета зарабляў, па сёньняшніх грашах, пад тысячу даляраў. Можа, нейкая камэрцыйная жылка спрацавала, што замест «Артэку» пайшоў на жніво. Але, абіраючы паміж тым, каб маршыраваць з чырвоным гальштукам у белай кашулі, і тым, каб працаваць як дарослы ды зарабіць грошы, я абраў апошняе.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Зараз заўсёды — гэта мае гаджэты, без якіх ужо не ўяўляю жыцьця і працы. Бяз сувязі зь «вялікай зямлёй» ужо немагчыма. А ўсё астатняе — па мінімуму. З гадамі дык яшчэ прасьцей. У адну торбу рэчы жонкі і мае скідваем, і наперад. Жонка, праўда, кнігі можа ўзяць, якімі захапляецца, а я ўсё, што мне трэба, знаходжу ў інтэрнэце.

А вось адну невялікую рэч заўсёды бяром у адпачынак — карты. Гуляем зь сябрамі ў карты, ў падкіднога дурня на чатырох. Гэта ў нас старажытная беларуская традыцыя. І рэжамся, і спрачаемся, і нават злуемся — гэта ёсьць. І застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі і гэтак далей. Літаральна кожны дзень увечары, як прыходзім у нумар, спачатку некалькі партый, а потым разыходзімся. Але гэта яшчэ і магчымасьць пагаварыць пра дзень, падзяліцца ўражаньнямі, захаваць успаміны. Таксама важна.

Ці адключаеце вы тэлефон у адпачынку?

Тэлефонам таксама карыстаюся, але ня ўвесь дзень. У Беларусі ён у мяне працуе 24 гадзіны на дзень, а ў адпачынку — пэўны час. Зь мяне бяруць абавязальніцтва, што тэлефонам я ня буду злоўжываць. Жонка і сябры даюць мне абмежаваны час, каб зайсьці, праверыць, паглядзець пошту, апошнія падзеі, але гэта не 24 гадзіны. Канешне, бывае добра, калі маўчыць трубка, калі падзарадка закончылася і ніхто ня можа датэлефанавацца. Але потым адчуваеш унутраны дыскамфорт, што чагосьці табе не хапае. Гэта ўжо такія звычкі, як паленьне, ад якіх сучаснаму чалавеку цяжка адмовіцца.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Дазваляю сабе дармаедзтва, якое звычайна мне не ўласьціва. Яшчэ, канешне, больш келіхаў піва, бо калі ты ўвечары па незнаёмым горадзе гуляеш, дык шмат дзе можаш спыніцца. А галоўнае — магу сабе дазволіць быць крыху такім дзіцём, якім у звычайным жыцьці, калі ты пад гальштукам, немагчыма. Калі падсумаваць: больш дзяцінства, больш дармаедзтва і больш таго, што можна назваць дрэннымі звычкамі. Я не палю, а вось келіх халоднага піва — з задавальненьнем.

Ваша парада на адпачынак

Старайцеся, каб адпачынак у вас быў не кароткім. Калі ён прадугледжаны, дык выкарыстоўвайце напоўніцу. Імкніцеся адкрываць нешта новае. Едзьце туды, дзе ніколі не былі, хадзіце туды, куды раней не дабіраліся, адкрывайце для сябе падчас адпачынку новы сьвет. Мне гэтак рабіць дапамагала мая праца, заўсёды імкнуўся больш пабачыць. А каб быў сямейны адпачынак, адпачываць лепш разам з сям’ёй. Гэта вельмі важна і добра.

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG