Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Альгерда Бахарэвіча: «Вандроўкі робяць нас свабоднымі. Bu samoje!»


Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай.

Мастацтва адпачынку. Адказы і парады.

Альгерд Бахарэвіч — пісьменьнік і перакладчык. Аўтар кніг «Сарока на шыбеніцы», «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня», «Дзеці Аліндаркі», «Белая муха, забойца мужчын», «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры» ды іншых. У 2017 годзе ў выдавецтве «Логвінаў» выйшаў 900-старонкавы раман «Сабакі Эўропы», які атрымаў прэмію «Кніга году», быў высока ацэнены крытыкамі, прэзэнтаваны ў Нямеччыне і ва Ўкраіне, намінаваны на прэмію Ежы Гедройця, вынікі якой будуць абвешчаны ўвосень 2018 году.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Мы з жонкай, паэткай і перакладчыцай Юляй Цімафеевай — літаратары, а ў літаратараў адпачынкаў не бывае. Таму лета мы бавім за працай, як і кожныя восень, зіму і вясну. Праўда, праца гэтая — любімая, і пакідае нам пэўную свабоду дзеяньняў, так што скардзіцца не выпадае. Гэтае лета для нас — доўгае, пачалося яно яшчэ ў траўні: увесь месяц мы пражылі ў Бэрліне, у Літаратурным калёквіюме на Ванзэе, дзе мелі стыпэндыю Інстытуту Гётэ.

Выступ у Бэрлінскім Літаратурным Калёквіюме. Побач перакладчык Томас Вайлер. Фота Юліі Цімафеевай.
Выступ у Бэрлінскім Літаратурным Калёквіюме. Побач перакладчык Томас Вайлер. Фота Юліі Цімафеевай.

Фантастычна прыгожае месца: возера, нязмоўкны птушыны сьпеў, лясы, паркі, побач гістарычныя мясьціны — подых вялікага гораду практычна не адчуваўся. Кожны дзень стаяла такая сьпёка, што я з поўным правам залічваю гэты наш травень да лета. Вярнуўшыся, мы ўзялі ўдзел у фэстывалі інтэлектуальнай кнігі ў Менску. А першы афіцыйны дзень лета прынёс мне прэмію «Кніга году» за маіх «Сабакаў Эўропы».

Віньніца. Прэзэнтацыя "Сабакаў Эўропы". Альгерд Бахарэвіч і ўкраінская крытыкіня Ганна Улюра. Фота Юліі Цімафеевай.
Віньніца. Прэзэнтацыя "Сабакаў Эўропы". Альгерд Бахарэвіч і ўкраінская крытыкіня Ганна Улюра. Фота Юліі Цімафеевай.

Затым былі тры літаратурныя фэстывалі. Першы — «Востраў Эўропа» у Віньніцы ва Ўкраіне, дзе я прэзэнтаваў свой раман, вельмі цёпла прыняты тамтэйшымі чытачамі. Другі — фэстываль «Inne Brzmienia» у польскім Любліне, дзе ў Юлі выйшла кніга вершаў у польскім перакладзе вядомага паэта Богдана Задуры («Cyrk I inne wiersze»). Дужа прыемна, што і гэтую кніжку польскія знаўцы ацанілі высока. І трэці фэстываль: літаратурны оўпэн-эйр-форум у вёсцы Каптаруны на самай мяжы Беларусі і Літвы, дзе мы тры дні дыскутавалі пра нябачныя межы ў культуры, літаратуры, творчасьці, успрыманьні, межы паміж мовамі і людзьмі...

Бэрлін. Фінал чэмпіянату сьвету па футболе. Альгерд Бахарэвіч заўзее за Харватыю на фан-зоне каля Брандэнбургер Тор. Фота Юліі Цімафеевай.
Бэрлін. Фінал чэмпіянату сьвету па футболе. Альгерд Бахарэвіч заўзее за Харватыю на фан-зоне каля Брандэнбургер Тор. Фота Юліі Цімафеевай.

Амаль увесь ліпень мы зноў пражылі ў Бэрліне, дзе я напісаў некалькі эсэ, якія ўжо даўно чакалі рэдактары розных выданьняў. Наогул, за гэтае лета я напісаў каля 10 тэкстаў, рэдагаваў расейскі пераклад «Сабакаў» і даў некалькі вялікіх інтэрвію, выступіў на 20 розных імпрэзах. Але лета яшчэ ня скончылася. Хто ведае, што яно яшчэ можа прынесьці — запрашэньні заўжды прыходзяць нечакана, нават самыя прадказальныя.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

У канцы васьмідзясятых мае бацькі любілі ўлетку выправіцца ў адпачынак у Крым — на машыне, «дзікунамі», як тады казалі. На другой машыне з намі ехалі мае дзядзька і цётка разам з пляменьнікамі. Мы прыяжджалі і жылі проста на пляжы, у намётах. Чорнае мора — першае мора ў маім жыцьці. А першае мора ніколі не забываецца. Памятаю, зь якой нецярплівасьцю я заўжды чакаў сустрэчы зь ім. Пасьля доўгай дарогі ў «Жыгулях» праз усю Ўкраіну ты выходзіш на парослы калючкамі дзікі пляж і нешта такое невымоўнае крычыць ад радасьці ўнутры — і мора адгукаецца ўхвальным гулам, такое знаёмае і такое назаўжды чужое, бо ты разумееш, што зь ім ужо зусім хутка давядзецца разьвітацца.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева ў Віньніцы на фэстывалі "Востраў Эўропа". Фота Сяргея Шупы.
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева ў Віньніцы на фэстывалі "Востраў Эўропа". Фота Сяргея Шупы.

Вядома, мы зь Юляй заўсёды бярэм з сабой кнігі. Гэтае лета для мяне — час зоркі нарвэскай літаратуры Карла Увэ Кнаўсгара, за шасьцітомны аўтабіяграфічны раман якога я ўзяўся летась.

З другім томам "Маёй барацьбы" Карла Увэ Кнаўсгара на беразе Шпрэе.
З другім томам "Маёй барацьбы" Карла Увэ Кнаўсгара на беразе Шпрэе.

Першы том я прачытаў у польскім перакладзе, а ў нашым сёлетнім летнім Бэрліне адолеў па-нямецку другі і пачаў трэці.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Новыя знаёмствы — заўжды каштоўныя. За гэтае лета мы пазнаёміліся зь вялікай колькасьцю пісьменьнікаў, паэтаў, перакладчыкаў, дасьледчыкаў з розных краін: Бразыліі, Польшчы, Украіны, Нямеччыны, Швайцарыі, з Афрыкі... Мабыць, самае незвычайнае знаёмства — з Альбэрта Мангелем, чалавекам, якому дыктаваў сьляпы Борхес, уладальнікам знакамітай бібліятэкі, канадыйска-аргентынскім пісьменьнікам і эсэістам.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай.
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай.

Пра кнігі я ўжо сказаў, а што да музыкі — часам я слухаю Вагнэра, Ігі Попа і «The Stooges», Шастаковіча, хоць не магу сказаць, што музыка неяк вызначае маё лета. А яшчэ мы ж жонкай наведалі апошнія канцэрты гурта «TonqiXod» — вялікія прыхільнікі іхнай творчасьці. У Бэрліне пашчасьціла паўдзельнічаць у афрыканскай вечарыне — і нават патанчыць. Наогул, музыка, якую мы слухаем у сваіх падарожжах — гэта пераважна музыка чыгуначных колаў, новых моваў, самалётаў і ветру, галасоў гарадоў і вуліц.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Не. Лета для нас — пара напружанай і цікавай працы, а праца ў наш час патрабуе і тэлефону, і інтэрнэту. Я маю на ўвазе ня чыстую творчасьць, а тое, што дапамагае яе рэалізоўваць у тэкстах, выступах і праектах.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Улетку я дазваляю сабе ўсё тое, што і цягам усяго году. Магчыма, пытаньне ў тым, што дазваляе сабе лета ў дачыненьні да нас, бяспраўных і шчасьлівых перад ягонай уладай. Усе мы залежым ад сонца.

Ваша парада на адпачынак

Быць адкрытым да сьвету: да новых знаёмстваў, ідэй, моваў, краін. Абавязкова выправіцца ў нейкае падарожжа — вандроўкі робяць нас свабоднымі. Карацей, bu samoje! — як кажуць на бальбуце.

Лета Алеся Дзянісава: «Dzieciuki запісваюць новы альбом»

Лета Ганны Кандрацюк: «У падарожжа бяру малітоўнік і мапу»

Лета Тацяны Караткевіч: «За дзень накручваю на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў»

Лета Кацярыны Сумаравай: «Не ўяўляю адпачынак без этудніка і палотнішчаў»

Лета Джона Пазьняка: «Навучыўся пакаваць у валізку ня больш за 8 кг»

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG