Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Юліі Цімафеевай: Заўсёды маю з сабой фотаапарат


Юлія Цімафеева на літаратурным open-air форуме «Міжмор’е літаратур» у вёсцы Каптаруны.

Мастацтва адпачынку: адказы і парады.

Юлія Цімафеева — паэтка, перакладчыца. Адна з заснавальніц і рэдактарак інтэрнэт-часопісу перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Як і ўсе іншыя поры года — жыву і працую. Літаратура ў розных яе праявах — гэта мой асноўны занятак, а таму ў мяне няма ні фіксаваных выходных, ні адпачынкаў.

У Бэрліне.
У Бэрліне.

У траўні мы разам з мужам, пісьменьнікам Альгердам Бахарэвічам былі ў літаратурнай рэзыдэнцыі ў Бэрліне на беразе Ванзэе, дзе я працавала над уласнымі вершамі і перакладамі паэзіі Ўолта Ўітмэна, якія, спадзяюся, сёлета пабачу кнігай.

У чэрвені мы наведалі тры літаратурныя фэсты: ў Беларусі (фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», Менск), ва Ўкраіне («Острів Европа», Віньніца) і ў Польшчы («Wschód Kultury — Inne Brzmienia», Люблін).

Напрыканцы чэрвеня ў выдавецкай сэрыі «Wschodni Express» люблінскага выдавецтва Warsztaty Kultury у мяне выйшла першая польская кніга «Cyrk i inne wiersze», укладзеная і пераствораная знаным польскім паэтам і перакладчыкам Богданам Задурам. У межах фэстывалю «Inne Brzmienia» я ўдзельнічала ў дыскусіі, прысьвечанай перакладу, а таксама прэзэнтавала свой паэтычны зборнік, добра прыняты фэстывальнай публікай.

На фэстывалі ў Любліне.
На фэстывалі ў Любліне.

Адразу з Любліна мы з Альгердам рушылі ў Бэрлін, дзе пражылі амаль цэлы месяц, зноў жа працуючы. Да прыкладу, важная справа, зробленая ў Бэрліне, — выхад 20-га нумару часопіса «ПрайдзіСвет», адной з рэдактарак якога я зьяўляюся. Нумар называецца «Габрэйскі акцэнт», у ім мноства перакладных і арыгінальных тэкстаў, якія тым ці іншым чынам закранаюць мінулае і цяперашняе габрэяў.

У канцы ліпеня ўжо ў трэці раз адбыўся цудоўны літаратурны open-air форум «Міжмор’е літаратур» у вёсцы Каптаруны, на самай мяжы зь Літвой. Мы з Альгердам і Ірынай Герасімовіч сёлета выступілі яго куратар(к)амі. Мноства дыскусій, аб’яднаных агульнай тэмай «Нябачныя мяжы», былі прысьвечаныя абмежаваньням і ўзаемадзеньням літаратураў і літаратараў у нашым рэгіёне. Новыя знаёмствы, плённыя размовы, цікавыя чытаньні на адкрытым паветры, але яшчэ і высачэзныя някошаныя травы, гарачае сонца і чыстая вада мясцовага возера...

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Каптаруны.
Каптаруны.

Я нарадзілася ў вёсцы, а лета там — гэта самы гарачы працоўны час нават для дзяцей. Таму ніякіх паездак і ніякіх палёгак, адно што ў школу ня трэба было хадзіць. Напэўна, найлепшы мой летні дзіцячы ўспамін пра час, калі мне было гадоў шэсьць. Мы з малодшай сястрой заставаліся пад наглядам дзеда, зь якім то канюшыну хадзілі касіць, то ляшчыну зьбіраць, то здымаць у лесе пчаліныя раі з дрэваў. Дагэтуль памятаю тыя пахі.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Калі пытаньне пра вандроўкі, то заўжды бяру з сабой кнігі. Папяровыя і электронныя. Асабліва люблю чытаць у доўгай дарозе.

Каптаруны.
Каптаруны.

А яшчэ нават проста выходзячы на вуліцу, маю з сабой фотаапарат. Фатаграфія — цяпер важная частка майго жыцьця і самавыўленьня.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Каптаруны.
Каптаруны.

У літаратурным калёквіюме ў Бэрліне крыху падцягнула сваю нямецкую мову, якую некалі вучыла ва ўнівэрсытэце, але гадоў дванаццаць не карысталася зусім. А яшчэ ўпершыню вельмі блізка сутыкнулася з польскай мовай, якую не вучыла. Я паходжу з Гомельшчыны, Польшча ад нас далекавата. Але сёлета я адужала цэлую кнігу па-польску — «Cyborg w ogrodzie. Wprowadzienie do ekokrytyki» паэткі і дасьледчыцы Юлі Фядорчук, зь якой мы пазьней пазнаёміліся ў Каптарунах. Літаратурная экакрытыка і экапаэтыка — таксама адкрыцьці гэтага лета.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Бэрлін.
Бэрлін.

Музыку амаль ня слухаю. Што да кніг, то, акрамя згаданай кнігі Юлі Фядорчук, асабліва мне спадабалася «Two Lives. Gertrude and Alice» амэрыканскай крытычкі Джанэт Малкальм пра жыцьцё Гердтруды Стайн і Эліс Б. Токлас, дзьвюх лесьбіянак-габрэек у захопленым нацыстамі Парыжы. Яшчэ адзін нон-фікшн — «Sylvia Plath: A Literary Life» Лінды Вагнэр-Марцін пра паэтку, чыю творчасьць я люблю, але перакладаць не магу. На адным дыханьні прачытала раман «Амэрыканха» адной з самых знакамітых цяпер нігерыйскіх пісьменьніц Чымаманды Нгодзі Адычы пра эміграцыю ў ЗША, расізм, жыцьцё вялікага нігерыйскага гораду і каханьне.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

У Бэрліне.
У Бэрліне.

Не, нічога не адключаю.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

У Бэрліне.
У Бэрліне.

Я не дазваляю сабе адпачынак як такі. :) Некалі прачытаны ў школе верш Мікалая Забалоцкага запомніўся на ўсё жыцьцё: «Душа обязана трудиться/ И день и ночь, и день и ночь!» :)))

Ваша парада на адпачынак

Любіць і клапаціцца пра сябе. А яшчэ піць паболей вады.

Лета Віктара Марціновіча: «Кідайце ўсё і да бліжэйшага месца з вадой і соснамі»

Лета Глеба Лабадзенкі: «Я зразумеў, што Беларусь бясконцая»

Лета Міхала Сьцепанюка: «Паспрабаваць адключыцца ад усіх фэйсбукаў»

Лета Сьвятланы Алексіевіч: «Абажаю жыць у сябе за горадам»

Лета Альгерда Бахарэвіча: «Вандроўкі робяць нас свабоднымі. Bu samoje!»

Лета Алеся Дзянісава: «Dzieciuki запісваюць новы альбом»

Лета Ганны Кандрацюк: «У падарожжа бяру малітоўнік і мапу»

Лета Тацяны Караткевіч: «За дзень накручваю на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў»

Лета Кацярыны Сумаравай: «Не ўяўляю адпачынак без этудніка і палотнішчаў»

Лета Джона Пазьняка: «Навучыўся пакаваць у валізку ня больш за 8 кг»

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG