Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Лукашэнка зьмяніў урад праз палітычную неляяльнасьць?


Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць
Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць

Яшчэ адна вэрсія прычынаў зьмены ўраду. Можа крыху экзатычная для вонкавых назіральнікаў, аднак зразумелая для добра знаёмых зь беларускімі рэаліямі.

Дагэтуль Аляксандар Лукашэнка быў схільны да простых рашэньняў. Да складаных камбінацыяў ён не зьвяртаўся, гэта не ягоны стыль. Цяпер жа ён разгуляў эфэктную двуххадоўку. Задумаўшы памяняць урад, кіраўнік дзяржавы шукаў нагоду. І знайшоў яе, учыніўшы разнос у Воршы.

Як высьветлілася, гэта была добра падрыхтаваная «імправізацыя». Нагода (урад ня выканаў загаду прэзыдэнта адрадзіць Аршанскі раён), безумоўна, даволі штучная. Але ў нашай нядаўняй гісторыі былі яшчэ драбнейшыя падставы для зьмены ўраду. Так, у 2003 годзе Лукашэнка адправіў у адстаўку прэм’ер-міністра Генадзя Навіцкага, а таксама віцэ-прэм’ера і міністра сельскай гаспадаркі нібыта за тое, што ўрад ня выплаціў запазычанасьці сялянам і сельскагаспадарчым прадпрыемствам за прынятую ад іх прадукцыю.

Генадзь Навіцкі, фота 2003 году
Генадзь Навіцкі, фота 2003 году

​Якая ж сапраўдная прычына зьмены кіраўніцтва ўраду?

Малаверагодна, што ў аснове рашэньня эканамічныя фактары. Бо ў такім выпадку яно было б лягічнае тады, калі беларуская эканоміка перажывала крызіс, падалі ўсе паказьнікі, то бок у 2015–2016 гадах. Акурат цяпер эканоміка, паводле афіцыйнай статыстыкі, пайшла ў рост. Зьмяняць урад у момант эканамічнага ўздыму не зусім лягічна.

Думаю, існуюць некалькі прычынаў зьмены, як казаў Лукашэнка, «вярхушкі» ўраду. Спынюся толькі на адной. Гэта падазрэньне ў неляяльнасьці.

19 сьнежня 2010 году адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Згодна з Канстытуцыяй Беларусі (артыкул 83), толькі пасьля прынясеньня прысягі (інаўгурацыі) новаабраным прэзыдэнтам урад складае перад ім паўнамоцтвы. І толькі тады кіраўнік дзяржавы прызначае новы склад ураду, узгадніўшы папярэдне з парлямэнтам кандыдатуру прэмʼера. А ў рэальнасьці ўсё атрымалася па-іншаму. Як толькі ў пятніцу 24 сьнежня ЦВК абвясьціла афіцыйныя вынікі выбараў, так ужо ў панядзелак 27 сьнежня Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка ўраду Міхаіла Мясьніковіча. Прычым не было ніякага ўзгадненьня яго кандыдатуры з парлямэнтам.

Міхаіл Мясьніковіч. 2 лютага 2018 году
Міхаіл Мясьніковіч. 2 лютага 2018 году

Навошта Лукашэнку трэба было груба парушаць Канстытуцыю? Што такое экстраардынарнае здарылася, каб ігнараваць усе прадугледжаныя законам працэдуры і ў ліхаманкавым рэжыме адпраўляць у адстаўку ранейшага прэмʼера Сяргея Сідорскага?

Рэч у тым, што напярэдадні выбараў незалежныя СМІ пісалі пра Сідорскага як пра меркаванага кандыдата ў прэзыдэнты ўсуперак Лукашэнку. У дзень выбараў 19 сьнежня маса пратэстоўцаў рушыла да Дому ўраду, каб, паводле пэўных апазыцыйных лідэраў, весьці перамовы з прэмʼер-міністрам. Бо, на іхную думку, урад застаўся адзіным легітымным органам улады ў дзяржаве. Зразумела, сам Сяргей Сідорскі да ўсіх гэтых падзеяў быў ні сном ні духам. Але Лукашэнка, мабыць, успрымаў усё гэта зусім па-іншаму. Маўляў, дыму без агню не бывае. І Сідорскага саслалі ў Маскву чальцом калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі. Вернемся ў нашыя дні. ​

Сяргей Сідорскі
Сяргей Сідорскі

Сёлета 30 чэрвеня ў інфармацыйнай прасторы зьявіўся фэйк аб інсульце ў Лукашэнкі. У незалежных СМІ сталі разважаць, хто павінен выконваць абавязкі прэзыдэнта ў выпадку, калі з дзейным кіраўніком дзяржавы нешта здарыцца. Усе паказвалі на прэмʼера Андрэя Кабякова, сталі строіць нейкія прагнозы ў сувязі з гэтым. Сам ён такую інфармацыю ніяк не камэнтаваў. І хоць прэмʼер быў таксама ні сном ні духам, але што мог падумаць Лукашэнка? Вось, маўляў, толькі зьявіліся чуткі пра маю хваробу, як яны ўжо сталі ўладу дзяліць. Відавочна, для Кабякова ўсё гэта не магло скончыцца нічым добрым.

Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

У Беларусі для чыноўніка нічога ня можа быць страшнейшага, як падазрэньне ў неляяльнасьці. Але выпраўляць у адстаўку аднаго прэмʼера было неяк нелягічна. Таму памянялі ўвесь эканамічны блёк. І народу: маўляў, памянялі вінаватых у вашым дрэнным жыцьці.


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG