Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Who is Mr. Rumas? Якім будзе курс новага ўраду

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Румас
Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Румас

Чаму Лукашэнка памяняў урад? У якой ступені мінулае і прафэсійная біяграфія Румаса вызначыць яго дзеяньні на пасадзе прэмʼера? Хто такія новыя людзі, якія прыйшлі ва ўрад разам з Румасам?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку навінаў парталу TUT.BY Вольга Лойка.

Чаму Лукашэнка памяняў урад?

Юры Дракахруст: У Беларусі новы ўрад і новы прэмʼер, 9-ы з пачатку незалежнасьці і 8-ы з часоў прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Зараз стаў больш зразумелым сэнс разносу, які ўчыніў Аляксандар Лукашэнка чыноўнікам у Воршы. Зараз відавочна, што гэта ня быў некантраляваны выплюх эмоцый, гэта была падрыхтоўка да істотнай зьмены ўладнага дызайну краіны. Чаму раптам гэта спатрэбілася?

Папярэднік спадара Румаса на пасадзе прэмʼера, Андрэй Кабякоў, заняў фатэль кіраўніка ўраду у сьнежні 2014 году, у разгар вострага валютнага крызісу, абвалу рубля. А што такое абвалілася зараз? ВУП, здаецца, расьце, рэальныя даходы насельніцтва растуць. Чаму трэба было так мяняць урад, прычым мяняць ня толькі кіраўніка ўраду, а практычна ўсё кіраўніцтва саўміну?

Вольга Лойка: Я ня думаю, што пытаньне мае адназначны адказ. Магчыма, што тут супала некалькі фактараў. Рост быў адносны, аднаўлены пасьля вострага крызісу і працяглага падзеньня, зараз гэты рост запавольваецца, бо ключавыя рашэньні не былі прынятыя. Зь іншага боку, урад дасягнуў стабілізацыі і пэўны час здавалася, што гэта працуе і гэтага дастаткова. Зараз стала зразумела, што гэтага недастаткова і трэба думаць, што рабіць далей.

Вось гэты набор фактараў сышоўся ў гэтай «бітве пад Воршай».

Урад быў неаднародны, некалькі віцэ-прэмʼераў, мне здавалася, не зусім упісваліся ў новыя ідэі і задачы. Так што магчыма, што раздражненьне некаторымі асобамі было мала зьвязанае з макраэканамічнай сытуацыяй. Жарко — гэта «справа ўрачоў», гэта самая маштабная карупцыйная сыстэма, якая была раскрытая за гэты час. Былі пытаньні да Калініна, асабліва ў тым, што тычылася жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва. Вось гэты набор фактараў сышоўся ў гэтай «бітве пад Воршай».

Аляксандар Класкоўскі: Я згодны з Вольгай у тым, што рост эканомікі быў вельмі ўмоўны і хісткі. І нават звычайнаму рабацягу было відавочна, што як ні шчоўкае бізуном Лукашэнка, як ні вылузваюцца са скуры чыноўнікі, гэтыю 1000 рублёў сярэдняга заробку так і ня могуць забясьпечыць. А быў жа такі заробак «папіцот». Лукашэнку нэрвуе тое, што ён ня можа даць тое, што ў беларусаў ужо было. А набліжаецца чарговая прэзыдэнцкая кампанія,

Ён ніколі вялікім рыначнікам ня быў, але цяпер абставіны так склаліся.

ці то ў 2020-м годзе ці ў 2019-м.

І Лукашэнку няма чаго прадʼявіць. Ён заўжды абяцаў «чарку і скварку», у 2001 годзе ён абяцаў сярэдні заробак у 100 даляраў, у 2006-м — 250, у 2010-м — 500. А што цяпер казаць?

Часам кажуць, што Лукашэнка жыве сёньняшнім днём, што ён ніякі не стратэг. Але ён адчувае, што расейскія даброты сьціскаюцца, як шчыгрынавая скура і далей будзе толькі горш. Той самы падаткавы манэўр у нафтавай галіне фактычна зьнішчае нафтавы грант для Беларусі. Масква бярэ за горла. Быў гэты выбух гневу ў Лукашэнкі, калі на «Гомсельмашы» ён пачаў казаць, што расейцы паводзяць сябе «па-барбарску» ў ЭАЭС і трымаюць беларусаў за васалаў. Гэта яшчэ адна прычына, чаму Лукашэнка вырашыў памяняць урад.

Я прыгадаў, што ў 2011 годзе Лукашэнка бэсьціў «рынкавую эканоміку Мясьніковіча-Румаса», маўляў, нам гэта непатрэбна і што мы не абыйдземся без «ручнога кіраваньня». Відаць, афіцыйны лідэр у гэтым пляне тое-сёе пераасэнсаваў. Ён вялікім рыначнікам ніколі ня быў, але цяпер абставіны так склаліся, што тое-сёе, натуральна, у абмежаваных маштабах, давядзецца рабіць празь «не хачу».

Who is Mr. Rumas?

Дракахруст: Большасьць беларускіх чыноўнікаў – у пэўным сэнсе асобы «бяз твару». Сяргей Румас – не зусім такі. Вы, Аляксандар, прыгадалі гісторыю 2011 году, калі Лукашэнка абвінавачваў Румаса за рынкавы «экстрэмізм». Ён неўзабаве тады страціў пасаду віцэ-прэмьера і пайшоў кіраваць банкам. Яшчэ адна асаблівасьць – здаецца, з часоў Чыгіра, першага прэм'ера Лукашэнкі, упершыню на чале ўраду становіцца прафэсійны банкір. Звычайна беларускія прэмʼеры – «моцныя гаспадарнікі». Цяпер прэмʼерам робіцца прадстаўнік усё ж іншай эканомікі.

Зараз сацыяльных сетках людзі прыгадваюць, што Румас, калі ўзначальваў банк разьвіцьця, спрыяў палітыцы беларусізацыі, падтрымліваў адпаведныя ініцыятывы, рабіў пэўныя захады ў гэтым накірунку. Гэта мае значэньне? На думку некаторых – не, у Беларусі прэмʼер будзе рабіць тое, што яму скажуць, а ня тое, што ён сам думае і хацеў бы рабіць.

Класкоўскі: Тое, што Румас – банкір, на мой погляд, мае значэньне. Некалькі гадоў таму Лукашэнка прызначыў старшынём нацбанку Паўла Калаўра. Уражаньне такое, што Калаўр здолеў патлумачыць афіцыйнаму лідэру, што ня трэба друкаваць вагонамі пустыя грошы, што ад гэтага эканоміцы толькі горш. І відавочна, што Калаўру дазволілі праводзіць дастаткова ўцямную, строгую грашова-крэдытную палітыку.

Нават пад мінулыя прэзыдэнцкія выбары 2015 году надта пернікі электарату не раздавалі. Таму мая выснова, што ў Беларусі ўсё ж ёсьць у «вэртыкалі» дастаткова кваліфікаваныя адмыслоўцы, якія мысьляць сучасна. І калі ім вызначыць пэўную рамку, даць дастатковыя паўнамоцтвы.

І што тычыцца канкрэтна Румаса, то ня ўсе заўважылі, што 2 гады таму кіраванаму ім банку разьвіцьця перадалі гэтую няшчасную дрэваапрацоўку, якая, паводле выразу Лукашэнкі, «кулялася ўвесь час», хаця ў яе ўбухалі шалёныя грошы.

А сёлета ў траўні Румас заявіў журналістам, што цяпер дрэваапрацоўка ўжо ня тая, што была раней, што выйшла на станоўчую рэнтабэльнасьць, а асобныя прадпрыемствы паказваюць неблагія вынікі.

У Беларусі ўсё ж ёсьць у «вэртыкалі» дастаткова кваліфікаваныя адмыслоўцы, якія мысьляць сучасна.

Так што Румас – не абстрактны рыначнік-тэарэтык, а чалавек, які можа зьмяніць сытуацыю ў канкрэтнай галіне. Таму тут пытаньне, якія паўнамоцтвы яму дасьць Лукашэнка.

Дракахруст: Пасьля таго, што вы, Вольга, назвалі «бітвай пад Воршай», некаторыя прадказвалі, што зараз пачнецца эпоха «закручваньня гаек». Спадар Румас не выглядае спэцыялістам менавіта па закручваньні гаек.

Лойка: Я б працягнула думку Аляксандра, што Румас апошнія два гады быў менавіта гаспадарнікам. Яго заслуга нават ня ў тым, што высілкамі адмыслоўцаў банку разьвіцьця непісьменна мадэрнізаваная дрэваапрацоўка змагла выйсьці з той жахлівай сытуацыі, у якой яна была. Самае каштоўнае тое, што менавіта ад Румаса і яго каманды мы даведаліся праўду, даведаліся, колькі каштавала гэтая дрэваапрацоўка і чым яна скончылася.

Для Беларусі гэта зараз ключавая праблема. Шмат праблемаў з канца 2014 году гэты ўрад усё ж вырашаў і спрабаваў вырашаць. Але што да праблемы абсалютна стратнага дзяржсэктару, то ніхто ва ўрадзе ня мог нават абазначыць гэтую праблему і сказаць, як яе трэба вырашаць.

Калі Румас будзе мець сьмеласьць, калі зможа выкарыстаць свой вопыт вырашэньня праблемаў дрэваапрацоўкі і сказаць, што мы можам зрабіць з дзяржсэктарам , гэта будзе подзьвіг. І тут банкірства ні пры чым, тут спадзеў на яго вопыт менавіта гаспадарніка.

Што да закручваньня гаек, то ў новым урадзе ёсьць пэўнае ўзмацненьне сілавікоў, адным з віцэ-прэмьераў стаў Уладзімер Кухараў, чалавек зь дзяржкантролю. Мне падалося, што гэта ня надта добры сыгнал. Але ён будзе курыраваць такія пытаньні, як будаўніцтва і ЖКГ. Магчыма, гэта сапраўды тыя сфэры, дзе было шмат незразумелага і дзіўнага, і людзі гадамі не маглі зразумець, чаму расьце камуналка і колькі яна насамрэч каштуе. Магчыма, нават гэтае прызначэньне дарэчнае.

Дракахруст: Ці ёсьць прызначэньне Румаса пасланьнем, сыгналам грамадзтву, што ў Беларусі пачынаецца эра рэформаў?

Румас – гэта сыгнал моцны, але гэта не сыгнал пра рэформы

Лойка: Мяркую, што не. Вось калі б старшынём ураду прызначылі Кірыла Рудага, тады я б сказала так, гэта сыгнал пра пачатак рэформаў. Румас – гэта сыгнал моцны, але гэта не сыгнал пра рэформы.

Хто прыйшоў разам з Румасам?

Дракахруст: Зараз найбольшая ўвага да асобы новага кіраўніка ўраду. А хто прыйшоў яшчэ ва ўрад і хто сышоў? Сышла даволі моцная, уплывовая постаць – першы віцэ-прэмьер Васіль Мацюшэўскі. На гэтым тыдні ён яшчэ рабіў стратэгічныя заявы пра тое, як Беларусі трэба весьці палітыку ў межах ЭАЭС. Ну а зараз ён сышоў. Са спадаром Мацюшэўскім зьвязваліся тыя нешматлікія і асьцярожныя крокі папярэдняга ўраду ў бок рэформаў. Таксама сышоў віцэ-прэмʼер Уладзімер Сямашка, які здаваўся непатапляльным. Ён шмат гадоў займаўся энэргетыкай і цяжкімі перамовамі з расейцамі па энэргетычных пытаньнях. А хто прыйшоў?

Лойка: Страта Васіля Мацюшэўскага вельмі істотная. Яго тандэм з Калаўрам быў самым моцным у макраэканамічным блёку за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Я не ўпэўнена, што мы некалі яго паўторым. Але я мяркую, што Мацюшэўскі вельмі хацеў пакінуць сваю пасаду, бо паўнамоцтваў у яго было мала, а наколькі я яго ведаю, ён чалавек больш бескампрамісны, чым Сяргей Румас.

Але замена дастаткова моцная. Пра Аляксандра Турчына вельмі добрыя водгукі ў бізнэса. Некалькі чалавек распавядалі, што зь яго дапамогай пачалі вырашацца некаторыя праблемы, якія не вырашаліся гадамі. Ён узяўся за 488-ы указ, на які ўвесь бізнэс скардзіцца ўвесь апошні год без перапынку.

Гэты ўказ дазваляў сілавікам даналічваць падаткі ўсім, нават добрасумленных субʼектам гаспадараньня на падставе таго, што яны нібыта супрацоўнічалі зь ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Гэта быў вялікі крок, прычым зроблены адкрыта і публічна.

Ігар Ляшэнка быў кіраўніком «Белнафтахіму», так што газавыя і нафтавыя праблемы ён, безумоўна, ведае. Хаця Ўладзімер Сямашка быў моцны перамоўшчык і гэта прызнавалі нават расейцы.

Дужыцца з расейскімі «цяжкавагавікамі» - гэта больш складана, чым гэтыя публічныя разносы ад прэзыдэнта.

Ляшэнку яшчэ давядзецца падужыцца з расейскімі «цяжкавагавікамі», а гэта няпроста, гэта больш складана, чым гэтыя публічныя разносы ад прэзыдэнта.

У Маскве перамоўшчыкі жорсткія і вопытныя. А ў Ляшэнкі няма часу на раскачку. Калі па газе яшчэ ёсьць час на перамовы, то па нафце і нафтапрадуктам, праблемы могуць узьнікнуць ужо напрыканцы году. І тады ад гэтага будзе залежыць лёс гэтага ўраду. І ня толькі яго.

Класкоўскі: Сямашка меў рэпутацыю лябіста дзяржаўнага сэктару, гэтых монстраў сацыялістычнай індустрыі. Ён увесь час казаў, што трэба даваць ільготы дзяржсэктару. А нядаўняя яго заява, што калі мы пабудуем АЭС, то электрычнасьць для насельніцтва падаражэе, наагул выклікала фурор.

Так што сыход гэтай фігуры можа азначаць, што гэтая палітыка лябізму дзяржсэктару ня будзе такой інтэнсыўнай. Ды і грошай на гэта няма.
Што тычыцца новай каманды, то відавочна, што яна маладзейшая, чым папярэдняя. І гэта ўжо плюс і ёсьць надзея, што гэта людзі з больш сучасным мысьленьнем.

Беларускія чыноўнікі ў прынцыпе даволі дысцыплінаваныя, хаця час ад часу і атрымліваюць у хвост і ў грыву за тое, што не адрэмантавалі недзе дах.

Калі б беларускім чыноўнікам загадалі «жэстачайшым чынам» за 5 гадоў пабудаваць узорную рынкавую эканоміку, яны б гэта зрабілі

У мяне ёсьць крамольная думка, што калі б ім загадалі «жэстачайшым чынам» за 5 гадоў пабудаваць узорную рынкавую эканоміку, яны б гэта зрабілі. Пытаньне галоўнае – ці будзе выдадзены carte blanche новаму ўраду. У мяне тут вялікага аптымізму няма, бо Лукашэнка проста баіцца разбураць тую палітычную сыстэму, якую ён збудаваў.

Але некаторыя рэчы, я мяркую, будуць рабіцца і найперш таму, што Расея паказала, што яна не зьбіраецца даваць шчодрыя субсыдыі.

І, дарэчы, Лукашэнка зрабіў шэраг палітычных заяваў, у прыватнасьці, што «мы ніколі ня будзем васаламі ніякай іншай краінай». Зразумела, каго ён меў на увазе.

Румас паміж сілавікамі і Макеям

Дракахруст: Як будуць складвацца стасункі новага прэмʼера з моцнымі групамі ў беларускай уладзе, якія, на думку некаторых, шмат што вызначаюць найперш у палітычнай сфэры? Я маю на ўвазе з адного боку сілавікоў, а з другога – МЗС і асабіста Ўладзімера Макея.

Класкоўскі: Я ня ведаю пра бэкграўнд стасункаў Румаса з гэтымі групамі. Мне здаецца, што Румас будзе ўсяляк сыходзіць ад гэтых разборак, ён будзе найперш працаваць як тэхнакрат. Мне здаецца, што барацьба клянаў у беларускай палітыцы – гэта крыху міталягізаваная сфэра. Гэта ёсьць, але ёсьць лялькавод, які гэтым кіруе. Трэба прыпалохаць анлайнавыя мэдыя – робіцца адмашка. Гэта вырашаецца не ва ўрадзе і нават не ў сілавых ведамствах.

Лойка: Я мяркую, што перасячэньне Румаса з гэтымі групамі не было такім ужо шчыльным. Сілавікі ў нас у апошнія гады імкнуцца, як яны кажуць, не ствараць праблем рэальнаму сэктару сваімі затрыманьнямі.

Яны бачаць, што пасьля некаторых гучных затрыманьняў кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў гэтыя прадпрыемствы проста абрынаюцца.

У бітве макраэканамістаў з сілавікамі я б не паставіла на макраэканамістаў

Але я мяркую, што дамоваздольнасьць і мастацтва перамоўшчыка Румаса дазволілі яму атрымаць паўнамоцтвы, каб мінімізаваць уплыў малазразумелых грамадзкасьці інтарэсаў сілавікоў. Можна прыгадаць тую ж «справу БелТА». Я ня ведаю, каму яна патрэбная. Яна стварае вялікія іміджавыя праблемы ў стасунках з Захадам, калі сапраўды ўскладніліся адносіны з Расеяй. Магчыма, будзе магчымасьць данесьці думку, што зараз як мінімум ня час, што зараз мы ня можам дазволіць сабе разборкі, якія некаму можа і патрэбныя, але шкодныя краіне.

Але ўпэўненасьці ў мяне ў гэтым няма. Сілавікі ў нас моцныя і ў бітве макраэканамістаў з сілавікамі я б не паставіла на макраэканамістаў.

Румас і «мяккая беларусізацыя»

Дракахруст: Ну і да таго, пра што я казаў напачатку – пра тое, што спадар Румас даволі актыўна ўдзельнічаў у тым, што называюць «мяккай беларусізацыяй». Гэтую лінію ён будзе працягваць і на пасадзе прэмʼера? Ці тое, што можна было на пасадзе кіраўніка дзяржбанку, ужо нельга будзе кіраўніку ўраду?

Ён як мінімум ня будзе беларусізацыі перашкаджаць

Лойка: Я думаю, што ён як мінімум ня будзе гэтаму перашкаджаць. Але перад ім зараз паўстануць вельмі складаныя пытаньні, у тым ліку і з Расеяй. Таму я баюся, што актыўным рухавіком беларусізацыі ён ня будзе. Але ў любым выпадку перашкаджаць ня будзе і падтрымка нейкі ініцыятываў у гэтым рэчышчы з боку банкаў і дзяржпрадпрыемстваў ня будзе ўспрымацца адмоўна. Насамрэч гэта ўжо вельмі шмат і гэтага можа быць і дастаткова.

Дракахруст: Зараз спадару Румасу давядзецца наўпрост глядзець у вочы расейскім партнэрам. А ў іх вачах наўрад ці будзе напісанае замілаваньне хоць якой беларусізацыяй, хоць мяккай хоць жорсткай.

Класкоўскі: Я мяркую, што ў гэтым пытаньні ня будзе такой рэвалюцыі, якая была на мяжы 90-х, калі і кіраўнікі парлямэнту гаварылі па-беларуску, і чыноўнікі сьледам адразу прыгадвалі матчыну мову. Аказалася, што яны яе добра ведалі. І цяпер ведаюць.

Для Румаса было б рызыкоўным пачаць першае пасяджэньне новага ўраду на беларускай мове

Для Румаса было б рызыкоўным пачаць першае пасяджэньне новага ўраду на беларускай мове. Але не выключаю, што нейкія жэсты і заявы ў гэтым рэчышчы могуць быць зробленыя. Ёсьць і пэўныя магчымасьці кадравай палітыкі. Бо сёньня, на мой погляд, міністэрства культуры не выконвае сваю функцыю ў сэнсе беларусізацыі. Магчыма, тут будуць нейкія зьмены. Гэтая палітыка «мяккай беларусізацыі» вельмі абмежаваная і непасьлядоўная будзе працягвацца. Бо з аднаго боку страшна раззлаваць Маскву, а з другога боку – Масква бярэ за горла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG