Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнкаў «разнос» ураду як сымптом палітычных «замаразкаў»


Аляксандар Лукашэнка ў час наведваньня Аршанскага інструмэнтальнага завода, 13 жніўня 2018 году

Пра што сьведчыць гастрольная пастаноўка спэктакля аднаго актора ў Воршы пад назвай «Цар добры, баяры дрэнныя»?

Як казаў былы прэм’ер Расеі Віктар Чарнамырдзін, ніколі такога не было, і от табе зноў. Сапраўды, апошні раз такі разнос адбыўся ў лістападзе 2013 году на «Барысаўдрэве». Быў доўгі перапынак.

Гучная, скандальная, рэзанансная паездка Лукашэнкі ў Воршу запомнілася кіроўным разносам, адмыслова паказаным усімі дзяржаўнымі мэдыямі. Але, мне падаецца, варта паглядзець на гэтыя падзеі ў шырэйшым кантэксьце. Думаю, пра фэномэн Воршы можна казаць вось у якім пляне.

Як Лукашэнка захацеў мадэрнізаваць прамысловасьць?

У 2013 годзе Лукашэнка загарэўся ідэяй мадэрнізацыі прамысловасьці. Выступаючы тым годам у Нацыянальным сходзе з пасланьнем, ён 59 разоў узгадаў гэтае слова. Кіраўнік дзяржавы загадаў на кожным прадпрыемстве распрацаваць плян мадэрнізацыі, каб хуткім часам перавярнуць краіну.

Аднак той грандыёзны праект, як і можна было чакаць, праваліўся. Справа ня толькі ў тым, што для яго рэалізацыі патрабаваліся вялізарныя грошы. Падыход да яго ажыцьцяўленьня быў чыста савецкі. Палічылі, што варта замяніць старыя станкі на новыя, як завод запрацуе. Вось у дрэваапрацоўчай галіне якраз так і зрабілі. Але большасьць прадпрыемстваў засталіся стратнымі. Бо ў рынкавай эканоміцы ёсьць такія рэчы, як пошук рынкаў збыту, канкурэнцыя, маркетынг і інш.

Здавалася, Лукашэнка атрымаў урок, засвоіў яго і больш у падобныя авантуры не палезе. Адбылася пэўная карэкцыя эканамічнай палітыкі. Напрыканцы мінулага году было прынята 10 прэзыдэнцкіх дэкрэтаў і ўказаў па падтрымцы бізнэсу. Дзяржаўныя мэдыі даводзілі, што ўзяты курс на «разьняволеньне дзелавой ініцыятывы».

Таму, калі год таму Лукашэнка раптам загадаў падняць Аршанскі раён «з руін і попелу», здаецца, мала хто з чыноўнікаў успрыняў гэта ўсур’ёз. Бо ці мала было кіраўніком дзяржавы выказана ўтапічных ідэяў? І задача давесьці сярэдні заробак у 2018 годзе да 1500 рублёў. І за два месяцы ліквідаваць беспрацоўе. І зьнізіць сабекошт прадукцыі на 25% у 2016 г. Ці праект па вытворчасьці мармуровага мяса. Хто цяпер памятае пра ўсе гэтыя сьмешныя загады? Думаю, гэтаксама ўрад і іншыя інстытуцыі паставіліся і да таго загаду пра Воршу.

Саўка ды Грышка пра крыкі Лукашэнкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

Лукашэнка вяртаецца да самога сябе 10—15-гадовай даўнасьці?

Але здаецца, што ідэя ажыцьцявіць мадэрнізацыю сярэдніх па памеры гарадоў захапіла Лукашэнку. Прычым у межах курсу на «разьняволеньне дзелавой ініцыятывы» можна было б паспрабаваць вырашыць гэтую праблему па-іншаму, рынкавымі мэтадамі. Напрыклад, правесьці тую ж Воршу на льготны падатковы рэжым, ператварыць горад у афшорную зону, каб туды пайшоў бізнэс, прадаць дзяржаўныя прадпрыемствы прыватніку за бесцань.

Аднак Лукашэнка патрабуе рэалізаваць гэты праект якраз звыклымі адміністрацыйна-каманднымі мэтадамі. Дарэчы, узгадаем і нядаўнюю нацыяналізацыю Аршанскага авіярамонтнага заводу. Гэта рэцыдыў старой хваробы? Калі мадэрнізацыя па галінах вытворчасьці правалілася, то чаму мадэрнізацыя па рэгіёнах можа мець пэрспэктыву?

І той жа разнос чыноўнікаў праз доўгі перапынак вярнуўся у арсэнал вобразу жорсткага кіраўніка.

Калі дадаць сюды «справу БелТА» як сымптом пераходу да яўных палітычных рэпрэсій, то вымалёўваецца нейкая новая ці, можа, хутчэй старая мазаіка. То бок складаецца ўражаньне, што Лукашэнка вяртаецца да самога сябе 10—15-гадовай даўнасьці, да звыклых мэтадаў кіраваньня. Чаму?

Тут можа быць шмат прычын. Найперш таму, што гэтыя мэтады раней добра працавалі ў сэнсе мацаваньня ўлады.

Ці перасталі чыноўнікі баяцца ўладара?

Але я зьвярнуў увагу на важны нюанс аршанскага разносу. Яго лейтматыў палягае ў тым, што чыноўнікі ня выканалі Лукашэнкаў загад.

«Чаму праваленыя і ня выкананыя даручэньні прэзыдэнта?.. Ён сядзеў, ня мог адрамантаваць дах — выканаць даручэньне прэзыдэнта. Хто меў права адмяняць мае рашэньні? А чаму ня выканалі, чаму не зрабілі, як я сказаў?.. Прэзыдэнт паставіў публічна перад народам жалезабэтонна задачу. Вырашыць — і кропка. А вы заняліся сабатажам... Пафігісцкае стаўленьне ўраду да даручэньняў прэзыдэнта».

Паўтаральная ўскосная згадка пра сябе («прэзыдэнт») — своеасаблівая прыкмета. Яна выкарыстоўваецца толькі ў выпадках, калі Лукашэнка хоча падкрэсьліць недапушчальнае, недастаткова трапяткое стаўленьне да ягонага статусу. То бок, у перакладзе на зразумелую мову, гэта азначае, што чыноўнікі перасталі баяцца ўладара. У пэрсаналісцкім аўтарытарным рэжыме гэта вялізная пагроза ўладзе. Дый узровень страху ў грамадзтве зьнізіўся. І ўсё гэта, як, магчыма, лічыць Лукашэнка, стала наступствам пэўнай карэкцыі палітыкі ў сфэры эканомікі, грамадзкага жыцьця, замежнай палітыкі. Тое, што ў мэдыях умоўна назвалі «лібэралізацыяй».

І ён вырашыў трохі адкруціць гэтую сытуацыю назад, паказаць, хто ў доме гаспадар. Адсюль і кампанія супраць карупцыі, і пагром найбуйнейшых мэдыяў, і разнос ураду, іншым чыноўнікам, учынены ў Воршы. Таму, магчыма, мы назіраем сымптомы палітычных «замаразкаў».


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG