Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Томскай вобласьці Расеі знайшлі чарговыя «сыбірскія Курапаты». ФОТА


Томская вобласьць. Усё, што засталося ад зямлянкі спэцперасяленцаў.

У сяле Палачка Верхнякецкага раёну Томскай вобласьці пошукавыя клюбы выявілі масавыя пахаваньні ссыльных і «спэцперасяленцаў» — ахвяраў сталінскага тэрору. Усяго ў вобласьці такіх пахаваньняў больш за 400.

«Яны непадобныя да магіл, проста ўзгорачкі або невялікія паглыбленьні ў зямлі, размытая вадой і парослыя травой, — распавядае старшыня рэгіянальнай рады Пошукавага руху Томскай вобласьці Максім Ялезаў. — Целы ляжаць за кілямэтар ад населенага пункту на глыбіні 40 сантымэтраў.

Таксама побач нам удалося знайсьці зямлянкі, дзе жылі спэцперасяленцы.

Мы пазначылі ўсе месцы пахаваньняў, зрабілі іх падрабязнае апісаньне, занесьлі каардынаты ў GPS, склалі акт і перадалі яго ў адміністрацыю вёскі. Зараз задача мясцовых уладаў правесьці працу па ўвекавечаньні памяці загінуўшых.

У будучыні магчымая эксгумацыя парэшткаў і перапахаваньне іх па ўсіх хрысьціянскіх канонах. Для гэтага неабходны спэцыяльны дазвол. Проста так весьці раскопкі нельга, у тым ліку паводле санітарных нормаў, бо многія загіблыя, сярод якіх дзеці, старыя і жанчыны, былі хворыя».

Месца масавага пахаваньня ахвяраў сталінскага тэрору ў вёсцы Палачка.
Месца масавага пахаваньня ахвяраў сталінскага тэрору ў вёсцы Палачка.

Вёска Палачка разьмешчана на месцы чатырох пасёлкаў для спэцперасяленцаў. Атрад пашукавікоў сюды запрасіла начальніца мясцовага паштовага аддзяленьня Ірына Янчанка, якая ў вольны час ужо некалькі гадоў разам з аднавяскоўцамі займаецца аднаўленьнем лёсаў тых, каго ў гады «Вялікага тэрору» саслалі ў гэты край.

«Спачатку адзінай крыніцай інфармацыі для мяне была невялікая выстава ў школьным музэі, дзе расказвалася, што да нас у вёску былі сасланыя некалькі тысяч людзей, — кажа Ірына. — Я стала шукаць падрабязнасьці, зьвярнулася ў раённыя архівы. Сабрала ініцыятыўную групу.

Мы высьветлілі, што ў 1931 годзе на тэрыторыі, дзе цяпер стаіць Палачка, высадзілі з барж перасяленцаў з Алтайскага краю, усяго больш за 6 тысяч чалавек. Пераважна гэта былі „ворагі народу“ і кулакі. Да вясны 1932 году жывымі засталося каля тысячы чалавек. Людзі выжывалі як маглі. Капалі зямлянкі, елі траву, карэньні».

Ужо некалькі гадоў Ірына Янчанка апытвае аднавяскоўцаў — нашчадкаў тых спэцперасяленцаў, і запісвае іх ўспаміны.

З успамінаў Марыі Шабаліной:

«У 1931 годзе бацьку прызналі „кулаком“. Увесну таго ж году маму і ўсіх дзяцей саслалі... У Томску нас пасадзілі на дзьве баржы, каго ў трум, каго на палубу. На незатопленым ўзгорку, дзе калісьці згарэла тайга, высадзілі.

Народу прыехала столькі, што давялося ўтварыць два пасёлкі. Камэндант абвясьціў, што калі будзем пісаць лісты, то адрас такі: пас Палачка, Мохаўскі сельсавет, Верхнякецкі раён Томскай вобласьці.

Празь некаторы час прыйшоў параход з баржай, у труме якой былі коні (каля 50 галоў) і сельгасінвэнтар. Некалькі коней у дарозе здохлі. Іх у выгрузілі на бераг, і мы ўначы, каб не заўважыў камэндант, падпаўзьлі і адрэзалі кавалкі, хто якія мог несьці. Людзі былі настолькі галодныя, што елі мяса дохлых коней».

Баржа са спэцперасяленцамі.
Баржа са спэцперасяленцамі.

Далей расказвае Ірына Янчанка:

«Усяго на тэрыторыі Палачкі сем масавых пахаваньняў ссыльных. На адно зь іх мы самі наткнуліся, калі сталі капаць сіласную яму: пайшлі косткі, чарапы. Мяне гэта жахнула: як такое можа быць? Прыбалты па ўсёй Томскай вобласьці ставяць камяні смутку для ўшанаваньня памяці сваіх продкаў, ніводная магілка ў іх не закінутая, а мы ня памятаем сваіх продкаў.

Сёньня ў Палачцы жывуць каля 300 чалавек, амаль усе яны нашчадкі ссыльных і рэпрэсаваных. Падчас працы ў архівах высьветлілася, напрыклад, што ў маёй сяброўкі бабуля зь дзядулем і двое іх маленькіх дзяцей памерлі ў зямлянцы, іх не пасьпелі выцягнуць, а яе маме ўдалося зьбегчы. Мясцовыя жыхары ўспомнілі, дзе іх пахавалі, і паказалі месца».

На месцы яшчэ адной масавай магілы ў вёсцы Палачка.
На месцы яшчэ адной масавай магілы ў вёсцы Палачка.

Да высьвятленьня праўды пра ахвяраў, пахаваных ў Палачцы, далучылася таварыства «Мэмарыял». Старшыня яго томскага аддзяленьня Васіль Ханевіч у інтэрвію Радыё Свабода сказаў:

«Падобныя пахаваньні былі каля кожнага спэцпаселішча, якіх у Томскай вобласьці больш за 400. Як правіла, гэта калектыўныя магілы, большасьць зь іх закінутыя. Раскопак на гэтых месцах ніколі не вялося, яны зарасталі травой. Лічу, што іх неабходна знайсьці, пазначыць і ўсталяваць там памятныя крыжы. Нашчадкам важна ведаць, дзе пахаваныя іх продкі, каб была магчымасьць прыйсьці, запаліць сьвечку, пакласьці кветкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG