Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Хадановіч: Найбольш суаднесеныя з жыцьцём раманы ХІХ стагодзьдзя


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Цыкл эсэістычных кніг пра Міцкевіча аўтарства польскага паэта і літаратуразнаўцы Яраслава Марка Рымкевіча. Кнігу пра Гюстава Флябэра францускага дасьледніка Бэрнара Факанье (Bernard Fauconnier). Некалькі зборнікаў польскай паэзіі, якія выйшлі летась і да якіх цяпер дайшлі рукі. (Найбольш падабаецца кніга Эвы Ліпскай «Апэратыўная памяць».) «На засьнежаны востраў» Анкі Упалы. Некалькі кніжак нашых маладых пісьменьніц з сэрыі «Пункт адліку».

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Кажучы пра сучасную літаратуру, не буду спэкуляваць словамі «выдатная», «выбітная», «геніяльная». Ужыву — шчыра і з прыемнасьцю — слова «добрая». Вось жа, прачытаў некалькі напраўду добрых кніг беларускай прозы. «Танцы над горадам» Уладзімера Арлова. Другую частку «Хвілінкі» Ігара Бабкова. «Забойцу анёла» Вінцэся Мудрова. Ну, і нядаўна скончыў «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Я філёляг паводле адукацыі — і пра большасьць цікавых аўтараў калісьці даведаўся на лекцыях літаратуры (тых нямногіх выкладчыкаў, якім давяраў). Потым — зь літаратуразнаўчых кніг, якія чытаў. Ад некалькіх старэйшых сяброў, якіх лічу сваімі літаратурнымі настаўнікамі. Сёньня — ад сваіх калегаў-пісьменьнікаў. Проста зь сеціва. Цікавых сучасных паэтаў з розных краінаў часам адкрываеш, пачуўшы на фэстывалях.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Звычайна чытаю мастацкую літаратуру ня дзеля таго, каб пра штосьці даведацца. З задачай інфармаваньня сёньня лепей спраўляецца інтэрнэт. Кнігі ж мяне цікавяць найперш тым, ЯК яны напісаны, якія эмоцыі ў мяне выклікаюць. І калі зь іх можна нешта дазнацца — то найперш пра сябе самога. (Напрыклад, ніколі ня думаў, што буду спачуваць людзям, якія бяруць іншых у закладнікі. Але вось чытаў Бахарэвічаву «Белую муху» — і спачуваў ягоным гераіням.)

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Голад» Кнута Гамсуна. Не чытаў раней, каюся. А тут зацікавіўся беларускім выданьнем — і праглынуў. (Шчырыя камплімэнты перакладчыку Лявону Баршчэўскаму.)

«Словы на вецер». Дылан у перакладзе Хадановіча

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Калі гаворка пра нашу літаратуру, то найбольш доўгі сьпіс будзе сярод паэтаў і перакладчыкаў. Мне здаецца, менавіта ў паэзіі і мастацкім перакладзе зьявілася ў апошні час найбольш яскравых імёнаў. Марыя Мартысевіч і Наста Кудасава (а трохі раней за іх — Вальжына Морт і Вера Бурлак), Віталь Рыжкоў і Андрэй Адамовіч (і трохі раней — Макс Шчур і Сяргей Прылуцкі), Антон Францішак Брыль і Ігар Кулікоў, Уладзь Лянкевіч і Антон Рудак, Тацяна Сівец і Вольга Гронская, Тацяна Нядбай і Юля Цімафеева, Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская, Сярж Мядзьведзеў і Ганна Комар, старэйшыя за іх Аляксей Знаткевіч і Ігар Крэбс, якія летась выдалі файныя пераклады… А ёсьць цікавыя паэты, якія яшчэ не апублікавалі сваіх першых зборнікаў. Хацеў бы ўбачыць кнігі Стася Карпава, Галіны Сіўчанкі, Дашы Бялькевіч…

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Толькі сёньня рагатаў над кніжкай ізраільскага празаіка Узі Вайля (у перакладзе Паўла Касьцюкевіча). Колькі тыдняў таму — над кніжкай дзіцячага фінскага пісьменьніка Цімы Парвэлы «Эла і сябры» (у перакладзе Алены Казловай).

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Так. Зусім нядаўна — перачытваючы казкі Оскара Ўайлда. Дзіўная рэч. Стрымліваўся ад сьлёз, калі рыхтаваўся да публічных лекцыяў пра нашых расстраляных у 37-м паэтаў. А на казцы пра салаўя і ружу — плакаў, як бабёр.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Другі год запар чытаю беларускія дзіцячыя кніжкі як сябра журы прэміі Цёткі. Злуе і расчароўвае ладная частка таго, што выдаецца ў нас для дзяцей (асабліва ў дзяржаўных выдавецтвах, на нашыя падаткі). Гэта часьцяком проста ніжэй усякай крытыкі. Мабыць, пісьменьнікі і выдаўцы думаюць, што дзіця сьцярпіць усё. Сумна думаць, што нехта зь дзетак гэта чытае і ніхто не тлумачыць яму, наколькі гэта кепска.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Амаль не чытаю сучасных дэтэктываў, фантастыкі і фэнтэзі. Але з пэўнай сымпатыяй стаўлюся да клясыкаў-заснавальнікаў гэтых жанраў.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

На паперы нашмат камфортней. Але ў дарозе (а таксама з мэтай эканоміі месца на паліцы) можа быць чыталка. Так бы мовіць, ад бяды. Часта чытаю колькі кніг паралельна. Але здараецца, што нейкая адна бярэ ў палон і не адпускае, пакуль яе ня скончу. Раніцай ці вечарам? Калі ёсьць вольны час. Часьцей бываю вольны ўвечары і ўначы.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Колькасьць кніжак у мяне дома значна перавышае ўсякія нормы бясьпекі. Я іх стаўлю (а таксама кладу і запіхваю) на паліцах у два-тры шэрагі. Таму не заўсёды памятаю, што там, на самым дне. Здараецца і так, што я добра памятаю, дзе кніжка, але яна так глыбока і лезьці па яе так ня хочацца, што прасьцей узяць тэкст у сеціве.

Укладаючы «Перавыбранае» Барадуліна, адкідаў выбітнае для найвыбітнейшага

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Некаторыя знаходкі зьдзіўляюць мяне самога. Так, я знаходжу кніжкі, якія лічыў даўно згубленымі, падоранымі (і нават скрадзенымі). Знаходжу два асобнікі той самай кніжкі. Знаходжу на сваіх паліцах кніжкі сяброў. (І свае кніжкі на паліцах сяброў.)

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

«Найлепшы падарунак — кніга», — аднойчы сказала мне жонка, і падаравала стол-кнігу… Калі сур’ёзьней… Найлепшы падарунак яшчэ ў студэнцтве я атрымаў ад прадаўца-букініста, што ўбачыў, як я «прысмактаўся» да томіка францускай паэзіі, але ён мне відавочна не па кішэні. І скінуў кошт у чатыры разы.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Найбольш «суаднесеныя» з жыцьцём, як на мяне, клясычныя раманы ХІХ стагодзьдзя. Менавіта разгарнуўшы іх, прасьцей за ўсё забыцца, што проста чытаеш «словы, словы, словы» — і сачыць, як за нечым вельмі важным для цябе, за лёсам стэндалеўскага Жульена Сарэля ці флябэраўскай Эмы Бавары. У нашай літаратуры такое стала магчымым у ХХ стагодзьдзі, і тут па-за канкурэнцыяй — героі Караткевіча: Алесь Загорскі, Андрэй Беларэцкі. Нават зусім ужо надзвычайныя «супэргероі» Юрась Братчык ды Гервасій Выліваха — у іх столькі харызмы ды жыцьцялюбства, што забываеш пра ўсе нацяжкі і верыш.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытаў шмат, але яшчэ раней слухаў, што мне перад сном чытала мама. Усякія казкі ды гісторыі, вельмі часта — у вершаванай форме. Увечары слухаў, а назаўтра тэрарызаваў свой дзіцячы садок, забіраючыся на зэдлік і доўга чытаючы адтуль на памяць, скажам, казкі Пушкіна або вершы Юльяна Тувіма ў маршакоўскіх перакладах. А потым прыйшлі д’Артаньян і капітан Нэма, Джымі Гокінс і Більба Бэгінс (пра Фрода я ў дзяцінстве яшчэ ня ведаў). А перадусім — Мумітролі й кэралаўская Аліса.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Думаю, нешта з Маркеса. «Генэрал у сваім лябірынце» або «Восень патрыярха». Але там складаны сынтаксіс, можа быць цяжка. Мабыць, усё-ткі «Валадара пярсьцёнкаў».

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Калі мы бяром чыюсьці кніжку і чытаем — можна сказаць, якраз арганізоўваем такую прыватную літаратурную вечарыну. Для аднаго аўтара і аднаго чытача. Я на сваіх часта бываю яшчэ й перакладчыкам. Але ж вы хацелі імёнаў. Няхай гэта будуць паэты Шарль Бадлер, Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі і Леанард Коэн.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Я ўжо меў шчасьце зрабіцца героем некалькіх літаратурных твораў. У рамане ўкраінскага пісьменьніка Аляксандра Ірванца я нават кірую адной маленькай, але гордай краінай. Але найбольш сымпатычны мне вобраз атрымаўся ў вершы Ўладзімера Арлова «Мне прысьніўся Хадановіч…»

Што вы перачытваеце?

Борхеса й Картасара, Гогаля й Платонава, Барыса Віяна ды Італа Кальвіна. Але найперш улюбёную паэзію. Францускую і ангельскую, расейскую і польскую. У апошнія гады ўсё больш — украінскую. Некаторых з улюбёных паэтаў нават спрабую перакладаць: Рэмбо і Апалінэра, Одэна і Ейтса, Мандэльштама і Бродзкага, Мілаша і Шымборску, Андруховіча і Жадана. Зь беларускіх паэтаў перачытваю Багдановіча і Дубоўку, Кляшторнага і Таўбіна, Танка і Караткевіча, Стральцова і Барадуліна, Разанава і Арлова, і вельмі шмат маладзейшых за іх паэтаў і паэтак.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Увесь час абяцаю сабе грунтоўна засесьці за Дыкенса, ды вечна не хапае часу.

Літанкета Свабоды: Андрэй Хадановіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG