Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культурны шок ад беларускай «Культуры»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ці можа штосьці сёньня мяняцца ў нашай «дрыгве»? Якую зьмену мог бы назваць я? У мяне радыё пастаянна настроенае на «Культуру». І яна раптам стала больш беларускай і менш правінцыйнай адначасова. Шчыра: не чакаў.

Зразумела, радыёстанцыя разьлічаная на тых, хто ў Беларусі цікавіцца культурай. Айчыннай і — шырэй. Ці задавальняла? Збольшага. Нярэдка раздражняла. Чым? Галоўным чынам музычным рэпэртуарам. Я меў адчуваць сябе рыхтык жыхаром расейскай правінцыі, якому штодзень круцяць савецкіх выканаўцаў і абавязковым чынам — вакальна-інструмэнтальныя ансамблі, што сьпявалі «з камсамольскім агеньчыкам» 40-45 год назад.

Калісьці сустрэў на вуліцы былога гарадзенца, даволі вядомага гітарыста, жыве ў сталіцы. І ўзгадалі музыку «Культуры». І знаёмы з горыччу сказаў, што музычнай часткай там загадвае чалавек, празь якога ў эфіры гучыць пераважна савецкая і расейская песьня. Карацей, гэта не было выпадковасьцю.

Раней устаеш, а табе — «Любовь, комсомол і вясна» — калі ласка. Сёньня ўстаеш — Джэніс Джоплін альбо Алесь Камоцкі. Розьніца?

Так, нявартай музыкі стала значна менш. «Культура» нарэшце засьпявала па-беларуску, а таксама па-ангельску — шырэй, чым было дагэтуль. Сучасную беларускую песьню некалі можна было пачуць раз ці два за дзень. Яе адсутнасьць старанна кампэнсавалі парай-тройкай украінскіх шлягераў ад «Акіяну Эльзы», якія гучалі рэгулярна.

Мяне зьдзіўляла раней, што па «Культуры» не пачуеш «Песьняроў». Не пачуеш беларускага року. Альбо, скажам, Забэйды-Суміцкага. Замест «Песьняроў» пастаянна маглі круціць Юрыя Антонава. Сотні, тысячы песень запісаныя за апошнія гады сучаснымі гуртамі, але яны ня мелі шанцаў прагучаць на гэтай радыёстанцыі. Таму што былі на беларускай мове. Цэлы пласт культуры быў нібы пад неагучанай забаронай.

Што да беларускай песьні, то на радыё пастаянна ставілі вясковыя гурты. Гэта нядрэнна. Але выходзіла, што, як і ў савецкія часы, беларускія сьпевы дапускалі пераважна толькі ў фальклёрных шатах. Як у музэйным этнаграфічным кутку, дзе ручнікі і лапці.

Канечне, нельга не ўзгадаць зараз рэскрыпт 2004 году, якім у эфіры павінна было гучаць 75 адсоткаў «беларускай музыкі». Тады я глядзеў яшчэ навіны РТР: склаўшы губкі баньцікам, Кацярына Андрэева, вядомая дыктарка, зачытала гэтае паведамленьне з дакорам у вачах на адрас «бацькі». Ай-яяй! Што ёй да таго, што песьні на роднай мове беларусаў, і да таго рэдкія ў эфіры, амаль зусім перасталі гучаць пасьля гэтага? На радыёстанцыях, можна сказаць, падцялі хвасты: прачыталі паміж радкоў рэскрыпт. Прыкладам «беларускай» песьні, якая была пажаданай у эфіры, стала тая ж «у нас на районе не звонят, а звонят» маскоўскага выканаўцы. Чаму? Таму што нарадзіўся ў Беларусі. А вось той, хто нарадзіўся ў Беларусі і працаваў на месцы на ніве сапраўднай беларускай песьні, звычайна шанцаў ня меў. Альбо мінімальныя.

Тады нават песьні «міжнародныя», на ангельскай, абмежавалі. На ўсякі выпадак. Вядомая радыёстанцыя, што палюбілася многім за рок-музыку, адразу «перафарбавалася», стала круціць рэстаранна-турэмную, расейскую, гэтак званы «шансон». За што палюбілася шафёрам аўтобусаў і маршрутак, людзям адпаведнага ўзроўню і музычных густаў.

У мяне ёсьць знаёмыя, людзі культуры, хто слухае «Культуру». Дык вось яны кажуць: з клясычнай музыкай было добра, нават у апошні год з фальклёрам з розных краінаў Эўропы, што пашырае нашы далягляды. Але што датычыць рэпэртуару савецкіх часоў, то (калі безь яго нельга абысьціся) «Культура» павінна была круціць таго ж Еўдакімава, Вуячыча і гэтак далей, запісаў якіх мы толкам ніколі ня ведалі і ня ведаем дагэтуль, а не сьпевакоў з Масквы, Тамбова і Тулы.

Канечне, калі зыходзіць з таго, што «рок — музыка свабодных людзей», то многія рок-музыканты апрыёры мелі невялікія шанцы прагучаць на той жа «Культуры». Аднак нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкай: зрушылася, «Культуры» можна папляскаць.

І само сабой паўстае пытаньне: у чым прычына? Чаму эфір запаўняла расейская музыка на шкоду беларускай? І чаму нарэшце стала мяняцца да лепшага? Думаю, прычына ў атмасфэры і ў людзях. Атмасфэра моцна ўплывае, яна можа зусім прыгнятаць. Можа змушаць «не вытыркацца», сядзець ціха, цішэй вады.

Фармальна: трэба вычэкваць гадамі, каб атмасфэра хоць крыху разрадзілася. Але, калі разважыць, вельмі моцна ўсё залежыць ад людзей. Каманда на той жа «Культуры» апошнім часам абнаўляецца. Калі прыходзяць новыя людзі, ім хочацца штосьці зьмяніць, «унесьці сьвежы струмень». І гэта атрымліваецца, слухач заўважае адразу. Трэба выкарыстоўваць сытуацыю, раз «германізацыі» пакуль ня будзе. Як паабяцана.

Трэба, аднак, яшчэ зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць. Адданымі слухачамі «Культуры» могуць быць пісьменьнікі і некаторыя зь іх слухаюць яе. Што даволі натуральна. Аднак хто не належыць да «генэральскага саюзу», той, за рэдкім выключэньнем, ня мае надзеі быць запрошаным ці проста ўзгаданым у перадачах гэтай радыёстанцыі. Ва ўсякім разе такое склалася ўражаньне пакуль. Але «Культура» мае быць, скажам, станцыяй усіх музыкаў, усіх пісьменьнікаў, незалежна ад членскага білету. Бо яны ж той нівы культуры менавіта — працаўнікі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG