ІТ-спэцыялістку зь Берасьця асудзілі ў палітычнай справе
Алену Кулікову, якая працавала ў кампаніі Kernelics, асудзілі ў Берасьцейскім абласным судзе. Ёй інкрымінавалі часткі 1 і 2 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу (КК) — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Куліковай прысудзілі «хатнюю хімію», але дакладны вырак невядомы, піша «Наша ніва».
Вядома, што Алена чатыры гады адпрацавала інжынерам забесьпячэньня якасьці у кампаніі Tectus Media. Апошнія пяць гадоў працавала аддалена ў кампаніі Kernelics на пазыцыі спэцыяліста забесьпячэньня якасьці.
Вырак у Гомлі
У Гомельскім абласным судзе 13 студзеня вынесьлі прысуд жыхарцы абласнога цэнтра Натальлі Бачурынскай, якую прызналі вінаватай у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле артыкулу 361-2 КК прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі, піша «Вясна».
Яна знаходзіцца ў СІЗА № 3 у Гомлі зь ліпеня мінулага году. Натальля Бачурынская шмат фотаграфавала прыроду, асабліва птушак, яе добра ведалі ў зьліквідаванай уладамі арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 9 чалавек
У Беларусі іх зьняволілі за ўдзел у пратэстах, паведаміла «Вясна».
- Людміла Аўтушка
- Мікалай Воран
- Сяргей Гарун
- Вадзім Карпаў
- Даніэль Ландсей-Кейта
- Максім Леўша
- Яўген Малюгін
- Анжэла Сандалюк
- Сяргей Сандалюк
Цяпер у Беларусі 1129 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 1192. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.