Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшыя дыеты 2017 году


Сёньня пагаворым пра самыя лепшыя дыеты мінулага году па вэрсіі Рэйтынгу найлепшых дыет амэрыканскага News and World Report.

Група паважаных экспэртаў склала рэйтынг з 40 дыет. У якасьці крытэрыяў разглядаліся такія аспэкты, як: уплыў дыеты на падтрыманьне здаровай вагі, агульнае і сардэчнае здароўе, пажыўная каштоўнасьць, бясьпека і гэтак далей.

1. DASH

На першым месцы апынулася амэрыканская дыета DASH. Назва паходзіць ад Dietary Approaches to Stop Hypertension (дыетычны падыход да спыненьня гіпэртаніі або занадта высокага крывянога ціску).

Калі вы хочаце харчавацца паводле прынцыпаў гэтай дыеты, дык трэба спажываць шмат садавіны, гародніны, абястлушчанага (або зь нізкім утрыманьнем тлушчу) малака і малочных прадуктаў, цэльнага збожжа, бабовых, семак і арэхаў. Рэкамэндавана ўмеранае спажываньне рыбы і птушкі. Неабходна зьвесьці да мінімуму спажываньне прадуктаў зь вялікім утрыманьнем натрыю (солі), чырвонага мяса, цукру і вырабаў з яго, а таксама прадуктаў, багатых на насычаныя і транстлушчы.

Паводле DASH пажадана два ці больш разы на тыдзень ужываць выключана вэгетарыянскія стравы. DASH багатая пажыўнымі рэчывамі, пра якія, у прынцыпе, даўно вядома, што яны паніжаюць артэрыяльны ціск — калій, магній, кальцый, бялок і харчовыя валокны.

2. Міжземнаморская дыета

На другім месцы апынулася добра вядомая міжземнаморская дыета. Агульнапрызнана, што людзі ў краінах, якія мяжуюць з Міжземным морам, жывуць даўжэй і менш пакутуюць ад раку і сардэчна-судзiнных хваробаў, чым у сярэднім людзі ва ўсім сьвеце.

Сакрэт — гэта актыўны лад жыцьця, кантроль вагі і дыета зь нізкім утрыманьнем чырвонага мяса, цукру і насычаных тлушчаў і высокім утрыманьнем расьлінных прадуктаў.

Раней я ўжо пісала пра дыету Грэцкага востраву Ікарыя ды італьянскага востраву Сардынія. Абедзьве гэтыя дыеты ёсьць варыянтам міжземнаморскай дыеты.

Натуральна, харчовыя рацыёны італьянцаў, грэкаў, гішпанцаў і французаў адрозьніваюцца, але яны маюць і агульныя рысы, якія, як лічыцца, і ёсьць залогам даўгалецьця.

Агулам дыета доўгажыхароў з розных частак Міжземнамор’я вызначаецца вялікай колькасьцю гародніны і садавіны, пераважна вэгетарыянскім рацыёнам і вельмі памяркоўным спажываньнем алькаголю.

Жыхары гэтага рэгіёну ядуць таксама шмат прадуктаў з суцэльнага збожжа, бабоў, бульбы і аліўкавага алею. Каровіна малако і прадукты зь яго адсутнічаюць, але зрэдку доўгажыхары спажываюць авечы ці козі сыр і ёгурт.

Рыбу і морапрадукты яны ядуць у сярэднім некалькі разоў на тыдзень. Мяса можна ўбачыць на стале вельмі рэдка, пераважна на сьвяты.

Шырока ў стравах выкарыстоўваюцца мясцовыя зёлкі: размарын, шалфей, арэгана, базылік, чабор.

Адметна, што жыхары Міжземнамор’я (у тым ліку і асобы вельмі сталага ўзросту) штодзённа выпіваюць 2-3 шклянкі мясцовага чырвонага віна.

3. Флексітарыянства

Трэцяе месца заняло флексітарыянства або, іншымі словамі, — гнуткае ці нетрывалае вэгетарыянства. Флексітарыянцы імкнуцца есьці менш мяса, але на адмаўляюцца ад яго ўвогуле.

Цікава, што флектсітарыянцы важаць на 15 адсоткаў менш, чым мясаеды; яны таксама маюць больш нізкі ўзровень сардэчна-судзінных хваробаў, дыябэту і раку і жывуць у сярэднім на 3,6 гады даўжэй.

Калі вы жадаеце паспрабаваць флексітарыянства, дык гэта вельмі проста! Ніякія катэгорыі прадуктаў выдаляць ня трэба. Наадварот варта дадаць некаторыя прадукты. Рацыён прапануецца ўзбагаціць за кошт тофу, фасолі, сачавіцы, гароху, арэхаў, семак, яек, садавіны і гародніны і прадуктаў з суцэльнага збожжа. Стравы флексітарыянскага стала базуюцца на расьлінных бялках, а не на жывёльных.

***

Ці заўважылі вы тое самае, што заўважыла я? Усе тры вышэйапісаныя дыеты маюць аднолькавую базу — ежу расьліннага паходжаньня. Усе тры дыеты не выключаюць прадукты жывёльнага паходжаньня, але прадугледжваюць іх памяркоўнае спажываньне.

І з жывёльных прадуктаў перавага аддаецца найбольш карысным — рыбе, нятлустаму ёгурту, казінаму ці авечаму сыру, зрэдку птушцы ці нятлустаму мясу.

Тое, што тры лепшыя дыеты робяць акцэнт на ежы расьліннага паходжаньня, — лягічна. Добра вядома, што вэгетарыянцы, а таксама тыя, хто ўжывае жывёльныя прадукты толькі зрэдку, жывуць даўжэй і хварэюць менш.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што вэгетарыянцы маюць істотна паніжаную рызыку пэўных захворваньняў, у тым ліку ішэмічнай хваробы сэрца, цукровага дыябэту 2-га тыпу, гіпэртаніі, некаторых відаў раку і атлусьценьня.

Дарэчы, афіцыйная пазыцыя ўсіх прызнаных нацыянальных асацыяцый дыетолягаў наступная: належным чынам сплянаваныя вэгетарыянскія (у тым ліку вэганскія) дыеты зьяўляюцца паўнавартаснымі і маюць перавагі для здароўя, такія як прафіляктыка і лячэньне некаторых захворваньняў.

Гэтыя дыеты падыходзяць для ўсіх этапаў жыцьцёвага цыклу, уключаючы цяжарнасьць, пэрыяд ляктацыі, маленства, дзяцінства, падлеткавы ўзрост, дарослае жыцьцё, пажылы век.

Калі вам цікава даведацца пра іншыя факты пра вэгетарыянства, дык прачытайце мой ранейшы артыкул на гэты конт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG