Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Соль выкарыстоўваецца ў якасьці ўзмацняльніка смаку і кансэрванта, а таксама дзеля паляпшэньня структуры харчовых прадуктаў. Сёньня пра тое, як зьвязаныя соль, гіпэртанія і старэньне.


Звычайная кухонная соль складаецца зь дзьвюх частак — хлярыду і натрыю. Адзін грам солі ўтрымлівае 400 мг натрыю і 600 мг хлярыду. Катыёны натрыю адыгрываюць пэўную ролю ў перадачы нэрвовых імпульсаў, яны таксама сочаць за падтрыманьнем вільготнасьці па-за клеткамі. Занадта высокае спажываньне натрыю можа прывесьці да затрымкі вадкасьці (ацёк), астэапарозу, парушэньня функцыянаваньня нырак і павышэньня артэрыяльнага ціску з усімі наступствамі. А гэта інсульт, ішэмічная хвароба сэрца і сардэчная недастатковасьць.

Соль і гіпэртанія

Афіцыйна падвышаны ціск (гіпэртанія) — гэта сысталічны ціск 140 мм ртутнага слупка і вышэй і / або дыясталічны ціск 90 мм рт.сл. і вышэй. Падвышаны крывяны ціск павялічвае рызыку сардэчна-сасудзістых захворваньняў. Паводле ацэнак, прыкладна палова дарослага (35 — 70 гадоў) насельніцтва мае падвышаны крывяны ціск. Адна з важных прычын павышанага ціску — празьмернае ўжываньні солі.

Што такое адчувальнасьць да солі?

Людзі, адчувальныя да солі, маюць больш нізкі крывяны ціск, калі яны знаходзяцца на так званая натрыевай дыеце. Адчувальнасьць да солі часьцей сустракаецца ў гіпэртонікаў (40 %), чым у людзей з нармальным крывяным ціскам (15-25 %). Людзі сталага ўзросту больш адчувальныя да солі, чым маладыя. Людзі з атлусьценьнем, з высокім узроўнем халестэрыну і хворыя на цукровы дыябэт 2 тыпу таксама больш адчувальныя да солі. Нарэшце, спадчыннасьць таксама адыгрывае ролю.

Колькі солі нам патрэбна і колькі мы спажываем?

У нармальных умовах чалавечаму целу дастаткова 1-3 грамы солі на дзень. Спартоўцам патрабуецца больш.

У Эўропе рэкамэндаваная максымальная сутачная доза спажываньня натрыю — 2.400 мг, альбо 6 г харчовай солі. Больш за 85 адсоткаў эўрапейскага насельніцтва спажывае больш: у сярэднім мужчыны ядуць каля 10 г на дзень, а жанчыны 7,5 г на дзень. Калі спажываньне солі памяншаецца да 6 грамаў на дзень, крывяны ціск паніжаецца і, такім чынам, паніжаецца і рызыка неспрыяльных наступстваў для здароўя.

Амаль 80 % солі мы спажываем у складзе прамыслова вырабленых прадуктаў. Асноўнымі крыніцамі солі зьяўляюцца хлеб, мясныя прадукты і сыр. Падлічана, што толькі пятая частка спажываньня солі — гэта сталовая соль, якую мы самі дадаём падчас прыгатаваньня ежы.

Тэламеры, соль і старэньне клетак

Тэламеры — гэта ахоўныя каўпачкі ў канцы храмасом. Кожны раз, калі клетка дзеліцца, тэламеры становяцца крышачку карацейшымі, і калі яны становяцца занадта кароткімі, то клетка спыняе дзяленьне і памірае. Гэткі ж самы генэтычны працэс зьвязаны з хваробамі старасьці (хваробы сэрца, рак, дыябэт 2-га тыпу і дэмэнцыя (слабы розум).

Зусім нядаўна навукоўцы ўпершыню выявілі, што соль можа быць зьвязана з клеткавым старэньнем. Яны высьветлілі, што падлеткі з залішняй вагой, якія рэгулярна спажывалі больш за 6 г солі на дзень, мелі больш кароткія тэламеры ў параўнаньні з аднагодкамі, якія спажывалі нармальную колькасьць солі.

Раней ужо было вядома, што паскоранаму ўкарачэньню тэламераў спрыяе высокі ўзровень тлушчу ў целе. Але новае дасьледаваньне паказала верагоднасьць таго, што натрый у солі працуе разам з атлусьценьнем і, гэткім чынам, паскарае непажаданы працэс.

Нядаўняе мэтадаследаваньне паказала, што большасьць падлеткаў перавышае дзённы ліміт у асноўным за кошт спажываньня хлеба, прамыслова апрацаваных круп (мюсьлі, крусьлі, сухія сьняданкі) і прамысловых соўсаў.

Вучоныя перакананыя, што цяга да солі і салёных прадуктаў ёсьць выпрацаванай звычкай. Такім чынам, рэкамэндацыя даросламу насельніцтву паменшыць спажываньне натрыю будзе больш пасьпяховай, калі дзеці не рассмакуюцца ў салёным.

Практычныя рэкамэндацыі

Абмяжуйце спажываньне солі да максымальна 6 г на дзень, што складае 1 чайную лыжку. Прыміце да ўвагі колькасьць солі, якую вы спажываеце з гатовымі прадуктамі. Напрыклад, 3 лустачкі хлеба ўтрымліваюць 1 г солі, 2 лустачкі сыру — 0,5 г солі. Іншыя прадукты, багатыя на соль: булённыя кубікі, соевы соўс, салямі, бэкон, марынаваныя прадукты, усе прамыслова вырабленыя запраўкі для салатаў і соўсы, салёная і вэнджаная рыба і мяса, рыбныя кансэрвы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG