Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Марская капуста дае выдатныя шанцы крыху зраўняцца зь японцамі ў харчаваньні. У ёй ёсьць ёд, мікраэлемэнты і мала калёрыяў.

За мільёны гадоў існаваньня Зямлі водарасьці набылі ўнікальныя ўласьцівасьці, якімі не валодае ні адна наземная расліна. Прызнаныя лідэры ў спажываньні водарасьцяў — японцы. Сярэдняае спажываньне ў Японіі марскіх водарасьцяў складае каля 10 кг на чалавека (у разьліку на сухое рэчыва), або прыкладна 100 кг водарасьцяў у год.

Сярод эўрапейскіх краін лідэрам харчовага выкарыстаньня марскіх водарасьцяў зьяўляецца Францыя , але тут гэта 10 г сухога рэчыва на чалавека ў год , што ў тысячу разоў менш, чым у Японіі.

Водарасьці перш за ўсё выдатная крыніца ёду. Чэмпіён па ўтрыманьню ёду — бурыя водарасьці. У прыватнасьці, лямінарыя пальчатарасьсечаная (гэта і ёсьць знаёмая нам марская капуста) утрымлівае ў сярэднім 1% ёду (сухая вага), што ў 30 000 разоў больш, чым канцэнтрацыя ёду ў марской вадзе. Такім чынам, у адным кіляграме лямінарыі ўтрыманьне ёду роўнае 100 000 літрам марской вады!

Чаму патрэбны ёд


Паводле прафэсара Юрыя Бандажэўскага, беларусам не хапае ёду. У выніку гэтага множацца розныя паталёгіі шчытападобнай залозы. Апрача таго, ёсьць яшчэ радыеактыўная паталёгія, якая ўзьнікла пры ўзьдзеяньні радыяцыі. Яны могуць быць узаемапераплеценыя, бо калі ў арганізьме назіраецца дэфіцыт ёду, то ён схільны кампэнсаваць яго недахоп радыеактыўным ёдам.

Паступленьне ёду павінна быць рэгулярным. Але калі проста кінуцца піць ёд або спажываць жменямі ёдаваную соль, можна прыйсьці да непажаданых вынікаў. Лепш за ўсё спажываць ёд у складзе арганічных прадуктаў — дароў мора, найгалоўнейшы зь якіх — марская капуста.

Дэфіцыт ёду ўяўляе сабой сур’ёзную праблему для здароўя ў сьвеце: паводле СААЗ (дадзеныя на 2003 г.), як мінімум 54 краіны пакутуюць ад дэфіцыту ёду, і амаль 2 мільярды чалавек не маюць належнага спажываньня ёду.

Ёд прысутнічае ў арганізьме чалавека ў невялікіх колькасьцях (15-20 мг), амаль выключна ў шчытападобнай залозе. Гармоны шчытападобнай залозы рэгулююць абменныя працэсы ў большасьці клетак, а таксама граюць вызначальную ролю ў працэсе раньняга росту і разьвіцьця большасьці органаў, асабліва мозгу. У арганізьме чалавека вялікая частка росту і разьвіцьця мозгу адбываецца падчас унутрычэраўнага пэрыяду і на працягу першых трох гадоў жыцця. Істотны недахоп ёду ў гэты крытычны пэрыяд можа прывесьці да гіпатэрыёзу і пашкоджаньня мозгу. Клінічным наступствам будзе незваротная разумовая адсталасьць. 43 мільёны людзей у сьвеце пакутуюць на разумовую адсталасьць, якая разьвілася ў выніку ёдавай недастатковасьці.

Дэфіцыт ёду ў любы пэрыяд жыцьця, у тым ліку ў дарослым узросьце, можа выклікаць разьвіцьцё вальляка зь мэханічнымі ўскладненьнямі і / або недастатковасьцю шчытападобнай залозы.

Колькі ёду патрэбна чалавеку на дзень


Штодзённая патрэба ў ёдзе залежыць ад узросту і фізіялягічнага стану і складае ад 90 да 250 мкг.

Рэкамэндаваная дзённая доза ёду складае 90 мкг для ўзроставай групы 0-59
месяцаў, 120 мкг для ўзроставай групы 6-12 гадоў, 150 мкг для падлеткаў і дарослых і 250 мкг падчас цяжарнасьці і ляктацыі.

Лямінарыя мае надзвычай вялікую колькасьць ёду: ад 1600 да 8000 мкг на 100 г сухіх водарасьцяў.

Утрыманьне ёду ў марской рыбе, крэвэтках, кальмарах, малюсках складае 100-500 мкг на 100 г. Колькасьць ёду ў прадуктах ня марскога паходжаньня нязначная.

Іншыя перавагі для здароўя


Апроч ёду, водарасьці зьяўляюцца выдатнай крыніцай шматлікіх вітамінаў (B1, B5, B11, B12, C, D і Е), а таксама мінэралаў кальцыя, фосфару і калію.

Акрамя вітамінаў і мінэралаў, марская капуста ўтрымлівае шэраг бія-актыўных элемэнтаў. У шэрагу дасьледаваньняў устаноўлена , што біялягічна актыўныя рэчывы з марскіх водарасьцяў валодаюць моцнымі супрацьвіруснымі, супрацьпухліннымі, супрацьракавымі (найбольш даказана , што спажываньне ёду зьніжае рызыку рака шчытападобнай залозы, малочнай залозы і страўніка), гіпаліпадэмічнымі (паніжаюць узровень ліпідаў у крыві, у тым ліку халестэрыну), гіпатэнзіўнымі (паніжаюць крывяны ціск), антыбактэрыяльнымі, супрацьгрыбковымі, супрацьзапаленчымі, імунамадулюючымі і іншымі карыснымі ўласьцівасьцямі.

Да таго ж, марская капуста ўтрымлівае ўсяго 25 калёрый на 100 г і таму зьяўляецца выдатным дыетычным прадуктам, які добра насычае і прадухіляе пераяданьне і зьвязаныя зь ім праблемы.
XS
SM
MD
LG