Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня больш падрабязна пра тое, што дрэннага у так званых насычаных і транс-тлушчах і дзе яны бываюць.

Пэўная колькасьць тлушчаў нам неабходная. Перш за ўсё, тлушч зьяўляецца крыніцай энэргіі для арганізма. Па-другое, такія важныя вітаміны як A, D і Е засвойваюцца толькі з тлушчам (яны тлушчараспушчальныя). Мінімальная норма тлушчу складае каля 20 працэнтаў ад усёй спажыванай энэргіі (доля ад колькасьці калёрый спажыванай ежы). Менавіта столькі неабходна для таго, каб атрымаць дастатковую колькасьць незаменных тлустых кіслот. «Незаменных», таму што арганізм ня можа вырабіць іх сам, яны павінны паступаць у яго зь ежай.

Усе тлушчы складаюцца з тлустых кіслот і гліцэрыну. Тлустыя кіслоты могуць быць падзеленыя паводле хімічных уласьцівасьцяў на ненасычаныя і насычаныя.

Ненасычаныя тлушчы знаходзім галоўным чынам у алеях, тлустых гатунках рыбы (ласось, макрэль, селядзец, сардзіны), арэхах, семках.

Іх карысьць, у першую чаргу добры ўплыў на зьніжэньне халестэрыну, дастаткова вядомыя. Таму сёньня больш падрабязна пра тое, што дрэннага у так званых насычаных і транс-тлушчах.

Насычаныя тлушчы

Насычаныя тлушчы знаходзяцца у асноўным у маргарынах і тлушчах для смажаньня, а таксама ў сырах і іншых малочных прадуктах (за выключэньнем абястлушчаных), каўбасах і іншых мясных вырабах, тлустых гатунках мяса, тартах, пірожных, марозіве.

Насычаныя тлушчы павышаюць узровень халестэрыну ў крыві і павялічваюць рызыку сардэчна-судзінкавых захворваньняў. Рэкамэндавана, каб максымальнае спажываньне насычаных тлушчаў было ня болей за 10 працэнтаў ад усёй энэргіі за дзень. У пераліку на грамы гэта каля 28 грамаў для мужчын і 22 для жанчын на дзень. У Эўропе і ЗША вытворцы абавязаны паказваць колькасьць насычаных тлушчаў на этыкетцы. На жаль, у Беларусі заканадаўства да гэтага не абавязвае.

Транс-тлушчы

Транс-тлушчы — гэта ненасычаныя тлушчы з мадыфікаванай хімічнай структурай. Яны маюць яшчэ больш адмоўны ўплыў на ўзровень халестэрыну, чым насычаныя тлушчы. Рэкамэндуецца цалкам пазьбягаць спажываньня транс-тлушчаў.

У харчовай прамысловасьці ненасычаныя тлушчы (алей) могуць быць ператвораныя ў насычаныя тлушчы (цьвёрдыя тлушчы). Гэта адбываецца пры дапамозе спэцыфічнага хімічнага працэсу, так званай гідрагенізацыі. У нядаўнім мінулым вырабленыя такім чынам цьвёрдыя маргарыны і тлушчы для смажаньня, як правіла, утрымлівалі шмат транс-тлушчу. Сёньня, дзякуючы мадэрнізацыі гэтага працэсу, колькасьць транс-тлушчу можа быць значна зьніжана.
Расьлінны алей для прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня (фаст-фуды) і хлебабулачныя тлушчы для вырабу печыва і пірожных, як правіла, усё яшчэ ўтрымліваць высокі ўзровень транс-тлушчаў. Калі ў сьпісе інгрэдыентаў на этыкетцы значыцца «часткова гідрагенізаваны расьлінны тлушч», або «гідрагенізаваны тлушч», можна быць упэўненым, што прадукт утрымлівае транс-тлушч. Натуральны транс-тлушч знаходзіцца ў малочных прадуктах з высокім адсоткам тлушчу, а таксама ў тлустых гатунках мяса.

Чалавечаму арганізму транс-тлушчы зусім не патрэбныя. Транс-тлушчы зьяўляюцца сур’ёзным фактарам рызыкі для разьвіцьця сардэчна-судзінкавых захворваньняў. Дэпартамэнты аховы здароўя разьвітых краінаў раяць абмяжоўваць спажываньне транс-тлушчу максымальна да 1 працэнта ад усёй энэргіі. Аддаючы перавагу мясным і малочным прадуктам зь нізкім утрыманьнем тлушчу, і па магчымасьці пазьбягаючы прамысловага печыва і тортаў, можна зьвесьці спажываньне транс-тлушчаў да мінімуму.

Пра аўтарку

Лера Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, нарадзілася ў Беларусі, дзьве вышэйшыя адукацыі атрымала ў Галяндыі. Паводле другога дыплёму — бакаляўр здароўя. Заснавальнік прыватнай дыеталягічнай практыкі Terra e Luna ў Амстэрдаме і практыкуючы дыетоляг. Працуе як з клінічнымі пацыентамі (цукровы дыябэт, захворваньні сэрца, нырак), так і зь людзьмі, якія пакутуюць ад залішняй ці заніжанай вагі, наступстваў стрэсу. Яе фокус — даўгалецьце. Лера дапамагае людзям заставацца маладымі, г.зн. як мага даўжэй у аптымальным здароўі, пры ясным і вострым розуме і бадзёрасьці духу. Лера ўпэўненая, што дасягнуць гэтай мэты можна дзякуючы сучасным навыкам харчаваньня і прапануе свае паслугі землякам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG