Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ўсе стануць вэгетарыянцамі, глябальная сьмяротнасьць зьменшыцца на дзесяць адсоткаў


Усяго толькі тры дзесяцігодзьдзі таму меркаваньне большасьці дыетолягаў адносна вэгетарыянскай дыеты было скептычнае.

Аднак апошнім часам яны зьмянілі свае пазыцыі і лічаць вэгетарыянства адэкватнай харчовай стратэгіяй. Гэта — вынік шматлікіх дасьледаваньняў вэгетарыянскіх дыет на працягу апошніх 30 гадоў. Павелічэньне колькасьці навуковых публікацый па вэгетарыянстве ўнесла значны ўклад у харчовую эпідэміялёгію і паспрыяла лепшаму разуменьню сувязі паміж дыетай і хваробамі.

Афіцыйная пазыцыя ўсіх прызнаных нацыянальных асацыяцый дыетолягаў наступная: належным чынам сплянаваныя вэгетарыянскія (у тым ліку вэганскія) дыеты зьяўляюцца паўнавартаснымі і маюць перавагі для здароўя, такія як прафіляктыка і лячэньне некаторых захворваньняў. Гэтыя дыеты падыходзяць для ўсіх этапаў жыцьцёвага цыклу, уключаючы цяжарнасьць, пэрыяд ляктацыі, маленства, дзяцінства, падлеткавы ўзрост, дарослае жыцьцё, сталы век.

Вэгетарыянскія дыеты падыходзяць і атлетам. Вэгетарыянцы і вэганы маюць істотна паніжаную рызыку пэўных захворваньняў, у тым ліку ішэмічнай хваробы сэрца, цукровага дыябэту 2-га тыпу, гіпэртаніі, некаторых відаў раку і атлусьценьня. Да таго ж, дыеты на расьліннай аснове зьяўляюцца больш экалягічна ўстойлівымі, чым дыеты, багатыя на прадукты жывёльнага паходжаньня, паколькі яны выкарыстоўваюць менш прыродных рэсурсаў

Нядаўна навукоўцы правялі матэматычны аналіз і падмацавалі гэта сьцьвярджэньне шакуючымі лічбамі. Напрыклад, калі б увесь сьвет перайшоў на вэганізм, то выхлапы вуглякіслага газу скараціліся б на 70%, 8.1 млн сьмерцяў было б папярэджана штогод, а эканамічная выгада склала б каля 940 млн. эўра ў год! Дарэчы, калі б увесь сьвет перайшоў на вэгетарыянства, то выхлапы вуглякіслага газу скараціліся б на 6.3%, 7.3 млн сьмерцяў было б штогод папярэджана, а эканамічная выгада склала б каля 855 млн эўра ў год.

Цяпер нас на Зямлі каля 7 мільярдаў. Да 2050 года будзе 9 мільярдаў. Цяпер мы вырабляем дастаткова адзінак энэргіі альбо калёрый, каб накарміць 11 мільярдаў чалавек. Парадаксальна, што большасьць гэтых калёрый ідзе на харчаваньне жывёл, а не на харчаваньне тых, хто галадае. Паводле афіцыйных дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) галадаючых цяпер на зямлі — каля 800 млн.

Пераход на пераважна расьлінную дыету, якая адпавядае стандартным дыетычным рэкамэндацыям, можа зьнізіць глябальную сьмяротнасьць на 6-10%, а зьвязаныя з харчаваньнем выкіды парніковых газаў — на 29-70% у параўнаньні са стандартным сцэнарам у 2050 годзе (гэта калі мы будзем працягваць харчавацца як цяпер).

Высокае спажываньне чырвонага і апрацаванага мяса і нізкае спажываньне садавіны і гародніны зьяўляюцца важнымі фактарамі рызыкі, якія спрыяюць істотна раньняй сьмяротнасьці ў большасьці рэгіёнаў. У той жа час больш за мільярд чалавек маюць залішнюю вагу ці атлусьценьне. Менш за палову ўсіх рэгіёнаў сьвету адпавядаюць дыетычным рэкамэндацыям па спажываньні садавіны і гародніны (занадта мала) і чырвонага мяса (занадта многа), а таксама спажываюць зашмат энэргіі (калёрый).

Аўтары артыкулу мяркуюць, што ў параўнаньні з базавым сцэнарам (калі ўвесь сьвет будзе працягваць харчавацца як цяпер) прыняцьце глябальных дыетычных рэкамэндацый (калі мы будзем дысцыплінавана харчавацца, як раяць дыетолягі, ужываючы невялікую колькасьць мяса) прывядзе да 5,1 млн прадухіленых сьмерцяў у год і 79 мільёнаў захаваных дадатковых гадоў жыцьця. Адпаведныя лічбы для вэгетарыянскай дыеты — 7,3 мільёна прадухіленых сьмерцяў і 114 мільёнаў гадоў дадатковага жыцьця. Ну і нарэшце адпаведныя лічбы для вэганскай дыеты — 8,1 прадухіленых сьмерцяў і 129 мільёнаў гадоў жыцьця. Больш за палову сьмяротных выпадкаў (51-57% ва ўсіх трох сцэнарах) атрымаецца пазьбегнуць праз зьніжэньне спажываньня чырвонага мяса, 24-35% выпадкаў — праз павелічэньне спажываньня садавіны і гародніны, і 19-30% выпадкаў — праз больш нізкую распаўсюджанасьць залішняй вагі і атлусьценьня.

Прадухіленыя выпадкі сьмерці будуць амаль на палову (45-47% ) ад зьніжэньня ішэмічнай хваробы сэрца, на чвэрць (26%) — ад інсульту, 16-18% — ад раку, і 10-12% — ад цукровага дыябэту 2-га тыпу.

Даўгалецьце залежыць ня толькі ад ладу жыцьця, але і ад навакольнага асяродзьдзя. А навакольнае асяродзьдзе — гэта ня нешта вонкавае, што не залежаць ад нас. Тое, што мы бачым вакол сябе і чым дыхаем — гэта вынік нашых дзеяньняў. У якасьці прыкладу: людзі, якія рэгулярна ядуць ялавічыну, ужываюць у сярэднім у 150-160 разоў больш водных, зямных і энэргарэсурсаў плянэты, чым вэгетарыянцы.

Харчовая індустрыя адказвае за больш чым чвэрць усіх выкідаў парніковых газаў, з якіх да 80% зьвязаны з жывёлагадоўляй. Зьмена дыеты на карысьць расьліннай можа быць вельмі эфэктыўнай для прадухіленьня зьмены клімату. Больш за тое, толькі пераход да расьліннай дыеты можа забясьпечыць доступ да дастатковай колькасьці ежы, а таксама вады для насельніцтва сьвету.

Адмова ад мяса раз у тыдзень — гэта ўжо велізарны крок! Вось простая арытмэтыка. Сярэдняе агульнае спажываньне вады для вырабу 1 кг мяса складае 8600 літраў. У сярэднім мы спажываем 159 грамаў мяса на чалавека ў дзень. Памнажаем 0,159 кг на 8600 л. Атрымліваем 1366 літраў вады. Такім чынам, усяго адзін дзень адмаўленьня ад мяса адным чалавекам эканоміць 1366 літраў вады.

Іншыя прыклады і факты пра мясную індустрыю чытайце ў гэтым артыкуле.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG