Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пачатак 2012 году на Беларусі было зарэгістравана амаль што 224 тысячы хворых на цукровы дыябэт.

У 5% хворых — цукровы дыябэт першага тыпу (ЦД1), у 93% — другога тыпу (ЦД2), у астатніх назіраюцца іншыя спэцыфічныя тыпы. Па ўсім сьвеце колькасьць хворых на цукровы дыябэт значна вышэй, чым колькасць дыягнаставаных выпадкаў. На маю думку, у нашай краіне колькасьць хворых на цукровы дыябэт (і тут я пераважна маю на ўвазе ЦД 2) у разы перавышае афіцыйную статыстыку.

У Беларусі па сёньняшні дзень распаўсюджаны міт, што дыябэтыкам нельга спажываць цукар. На захадзе ўжо даўно карыстаюцца зусім іншым падыходам да харчаваньня дыябэтыкаў. Дарэчы, ад дыябэту 2-га тыпу можна пазбавіцца, і харчаваньне іграе тут галоўную ролю.

Што такое дыябэт?


Цукровы дыябэт — гэта няздольнасьць арганізму засвойваць вугляводы ў выніку недастатковай вытворчасьці інсуліну або яго выкарыстаньня. Ёсьць два тыпы цукровага дыябэту: тып 1 (ЦД1) і тып 2 (ЦД2). Апошні таксама называюць «дарослым» дыябэтам альбо «інсуліна-залежным» дыябэтам. Дыябэт 2 тыпу зьяўляецца хранічным захворваньнем, якое характарызуецца высокім узроўнем глюкозы ў крыві ў выніку неэфэктыўнага выкарыстаньня інсуліну арганізмам (паніжанай выпрацоўкай інсуліну ці / або рэзыстэнтнасьці да інсуліну). Калі ўзровень глюкозы ў крыві падымецца вышэй за нармальны, але не дасягне парога дыябэту, надыдзе стан «прамежкавай гіпэрглікеміі», альбо, на народнай мове, «прад-дыябэтам». Гэта, аднак, не азначае, што ўсе прад-дыябэтыкі атрымаюць дыябэт. Тым ня менш, яны маюць павышаную рызыку і павінны трымаць узровень цукру ў крыві пад кантролем. Дарэчы, дыягназ «прамежкавая гіпэрглікемія» ставіцца, калі ўзровень цукру ў крыві нашча паміж 6.1 і 6.9 ммоль/л. Дыягназ «дыябэт» ставіцца, калі ўзровень цукру ў крыві нашча болей за 6.9 ммоль/л.

Пры дыябэце 2 тыпу падстраўнікавая залоза часта прадукуе дастаткова інсуліну, але цела мае праблемы з яго выкарыстаньнем. Людзі з дыябэтам і прад-дыябэтыкі ня могуць належным чынам перапрацоўваць глюкозу — асноўны цукар, які арганізм выкарыстоўвае для атрыманьня энэргіі. У выніку глюкоза застаецца ў крыві, і яе ўтрыманьне ў крыві расьце. Большасьць людзей з ЦД 2 і гіпэрглікеміяй маюць залішнюю вагу. Лішняя вага не спыняе прадукцыю інсуліну, але робіць цела менш адчувальным да інсуліну. У большасьці выпадкаў, страта вагі можа зьвярнуць назад гэтую праблему.

Рызыка разьвіцьця цукровага дыябэту 2 тыпу павялічваецца з узростам, атлусьценьнем і недахопам фізычнай актыўнасьці. Спорт дапамагае паменшыць тлушчавыя адкладаньні і палепшыць адчувальнасьць да інсуліну. Курцы таксама больш схільныя да разьвіцьця дыябэту. Акрамя таго, дыябэтыкі, якія паляць, падвяргаюцца больш высокай рызыцы пашкоджаньня нырак, хваробы сэрца, і іншых зьвязаных з дыябэтам ускладненьняў.


«Хуткія» вугляводы супраць «павольных»


Узровень глюкозы ў крыві наўпрост зьвязаны са спажываньнем вугляводаў. «Хуткія» вугляводы рэзка павышаюць узровень глюкозы, што ня надта добра для гіпэрглікемікаў ды людзей з дыябэтам. «Павольныя» вугляводы, адпаведна, павольна выпускаюць глюкозу ў кроў і, такім чынам, узровень застаецца стабільным. «Хуткія» (= «дрэнныя») вугляводы знаходзяцца ў салодкіх прысмаках, апрацаваных харчовых прадуктах, ліманадзе, сталовым цукры, прадуктах зь белай мукі (хлеб, макароны, печыва, тарты). Разумна пазьбягаць гэтых прадуктаў. Калі вам надта хочацца печыва, дык лепш зьесьці яго пасьля комплекснага прыёму ежы, у гэтым выпадку вызваленьне цукру ў кроў будзе запаволеным. «Павольныя» (= «добрыя») вугляводы знаходзяцца ў прадуктах з высокім утрыманьнем харчовага валакна: суцэльным збожжы, бабах, сачавіцы, гароху, гародніне, садавіне, арэхах, семках, пшанічным вотруб’і
.

Прадукты, якіх трэба пазьбягаць


Высокі ўзровень глюкозы ў крыві павялічвае рызыку разьвіцьця хвароб сэрца і інсульту, бо пашкоджваюцца, або закупорваюцца артэрыі. Пазьбягайце прадуктаў з наступнымі кампанэнтамі:

Насычаныя (= дрэнныя) тлушчы. Асноўныя крыніцы: малочныя прадукты з высокім утрыманьнем тлушчу і бялкі жывёльнага паходжаньня, такія як тлустыя гатункі мяса, сасіскі і бэкон.

Трансавыя (= вельмі дрэнныя) тлушчы. Асноўныя крыніцы: апрацаваныя закускі, маргарын. Транс-тлушчу варта пазьбягаць цалкам.

Халестэрын. Пытаньне халестэрыну для многіх застаецца спрэчным. Як правіла, у здаровых асоб, харчовы халестэрын не зьяўляецца фактарам рызыкі. Аднак у гіпэрглікемічных асобаў, у якіх балянс ліпідаў крыві скажоны, халестэрын зь ежы можа нават умацаваць дысбалянс. Асноўныя крыніцы дыетычнага халестэрыну: яечны жаўток, прадукты жывёльнага паходжаньня з высокім утрыманьнем тлушчаў ( печань і іншыя органы) , а таксама тлустыя гатункі мяса, малочныя прадукты з высокім утрыманьнем тлушчу (сыр, марозіва), вустрыцы, крэвэткі і ў меншай ступені іншыя малюскі.

Натрый (= соль). Абмяжуйце спажываньне солі да 6 г надзень, што складае 1 чайную лыжку. Прыміце да ўвагі колькасьць солі, якую вы спажываеце з гатовай ежай. Напрыклад, 3 кавалкі хлеба ўтрымліваюць 1 г солі, 2 лустачкі сыру ўтрымліваюць 0,5 грама солі. Іншыя прадукты, багатыя на соль: булённыя кубікі, соевы соўс, салямі, бэкон, марынаваныя прысмакі.


Агульныя рэкамэндацыі


Абмяжуйце спажыванне алкаголю.

Падтрымлівайце здаровую вагу цела

Займайцеся спортам

Пазьбягайце стрэсаў

Пазьбягайце недахопу сну

Нарэшце, рэгулярна правярайце ўзровень глюкозы ў крыві ў паліклініцы ці лябараторыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG