Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія малочныя прадукты лепшыя: тлустыя або абястлушчаныя?


Да нядаўняга часу дыетычны тлушч лічыўся галоўным ворагам стройнай фігуры і здароўя. Трэнд на абястлушчаныя прадукты разышоўся практычна па ўсім сьвеце.

Аднак апошнім часам усё часьцей гучаць крытычныя заўвагі. Хтосьці сьцьвярджае, што з абястлушчаных малочных прадуктаў не засвойваецца кальцый. Хтосьці кажа, што тлушч з малочных прадуктаў зусім не такі шкодны (для сэрца), як прынята лічыць, а нават наадварот — карысны. У гэтым артыкуле паспрабуем разабрацца ў сытуацыі.

Малочная індустрыя апошнія дзесяцігодзьдзі зазнала сур’ёзныя зьмены. Вытворцы малочных прадуктаў масава сталі вырабляць абястлушчаныя (0% тлушчу) і малатлустыя (0.5%-3%) прадукты. Практычна ўсе малочныя прадукты можна купіць абястлушчанымі: малако, ёгурт, кефір, тварог... У ЗША, напрыклад, у краме наагул складана знайсьці высокатлусты ёгурт.

Паводле абавязку прафэсіі я размаўляю пра харчовыя звычкі з вялікай колькасьцю людзей. Большасьць маіх пацыентаў купляе абястлушчаныя молочныя прадукты, нават ня ведаючы толкам, навошта. Проста думаюць, што «абястлушчанае — карысна». Мяне як дыетоляга такія пакупніцкія паводзіны трывожаць. Прычын таму некалькі.

Першая і, бадай, самая галоўная, гэта тое, што тлушчараспушчальныя вітаміны А, Д, Е і К засвойваюцца нашым арганізмам толькі пры наяўнасьці дыетычнага тлушчу. Менавіта таму, яны так і называюцца — тлушчараспушчальныя.

Другая прычына маёй трывогі — ня ўсе ведаюць, што пэўная колькасьць тлушчаў нам неабходная. Перш за ўсё тлушч ёсьць крыніцай энэргіі для арганізму. Мінімальная норма тлушчу складае 20 адсоткаў ад усёй спажыванай энэргіі (доля ад колькасьці калёрый спажыванай ежы). Менавіта столькі неабходна для таго, каб атрымаць дастатковую колькасьць незаменных тлустых кіслот. Незаменных — таму што арганізм ня можа вырабіць іх сам, яны павінны паступаць зь ежай.

Аднак тут неабходна зрабіць важную заўвагу. Тлушч з нашай дыеты павінен пераважна быць ненасычаным, а малочныя прадукты ўтрымліваюць якраз насычаныя тлушчы. Насычаныя тлушчы павышаюць узровень халестэрыну ў крыві і павялічваюць рызыку сардэчна-судзінных захворваньняў. Рэкамэндавана, каб максымальнае спажываньне насычаных тлушчаў было ня болей за 10 % ад усёй энэргіі за дзень. У пераліку на грамы гэта каля 28 грамаў для мужчын і 22 грамаў для жанчын на дзень. У Эўропе і ЗША вытворцы абавязаны паказваць колькасьць насычаных тлушчаў на этыкетцы. На жаль, у Беларусі заканадаўства да гэтага не абавязвае. Шклянка тлустага малака (3,7% тлушчу) утрымлівае каля 5,5 г насычаных тлушчаў, то бок прыкладна чвэрць нормы. Так што, як бачым, ня ўсё так страшна. Для параўнаньня: 100 г сьвіной каўбасы ўтрымлівае 9 г насычанага тлушчу, а 100 г лівернай каўбасы — 10. 5 г.

Што тычыцца засваеньня кальцыю з малочных прадуктаў, то сьцьвярджэньне, што кальцый з абястлушчаных прадуктаў не засвойваецца, мае пэўнае абгрунтаваньне. Аб’ектыўна кажучы, кальцыю знойдзем больш у нятлустых і абястлушчаных малочных прадуктах, чым у тлустых. Аднак, для засваеньня кальцыю неабходны вітамін Д. У абястлушчаных малочных прадуктах гэтага вітаміну няма, таму кальцый з абястлушчаных прадуктаў засвойваецца горш (калі толькі вы не ясьце іх у спалучэньні з прадуктамі, якія ўтрымліваюць і вітамін Д, і тлушч).

Лічу сваім абавязкам заўважыць, што апошнім часам меркаваньне, што малочныя прадукты важныя для моцных і трывалых костак, падвяргаецца (абгрунтаваным) сумневам. У прыватнасьці, рэгулярнае спажываньне малака (але не кісламалочных прадуктаў і сыру) прыводзіць да падвышанай рызыкі пераломаў. Больш падрабязна пра шкоду малака чытайце ў гэтым маім артыкуле.

Падвядзем вынікі. Тлустыя (у меру) малочныя прадукты больш карысныя, чым абястлушчаныя. Аднак пры іх спажываньні (як, у прынцыпе, і ва ўсім) патрэбна мера.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG