Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам назіраецца рост цікавасьці да вітаміну Е з боку навуковых дасьледчыкаў. Яны бачаць у ім патэнцыял для запаволеньня старэньня. Гэты вітамін нават часта называюць «антыўзроставым вітамінам».

Нядаўна навукоўцы зь Дзяржаўнага ўнівэрсытэту штату Арэгон, ЗША, выявілі, што дэфіцыт вітаміну Е можа выклікаць сур’ёзныя нэўралгічныя пашкоджаньні і ў выніку прывесьці да хваробы Альцгаймэра.

Навукоўцы арэгонскага ўніверсытэту даўно вывучаюць уплыў вітаміну Е на здароўе чалавека. Для сваіх іспытаў яны выкарыстоўваюць рыбак даніё, таму што многія іх гены падобныя на гены чалавека. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што рыбы, якія на працягу свайго жыцьця атрымлівалі замала вітаміну Е, мелі на 60 адсоткаў ніжэйшы ўзровень ліпасомаў ДГК-ПК, якія пастаўляюць важныя пажыўныя рэчывы ў мозг.

Чалавечы мозг вельмі багаты на доказагексаэнавую тлустую кіслату (ДГК), але ён ня можа выпрацаваць яе сам. Гэтая кіслата паступае ў мозг зь печані. У печань, у сваю чаргу, гэтая кіслата паступае з прадуктаў харчаваньня, у асноўным, з тлустай рыбы. Малекулы, якія дапамагаюць данесьці гэтую кіслату да мозгу, называюцца ліпасомы ДГК-ПК. Дасьледаваньне на рыбках даніё паказала, што колькасьць гэтых злучэньняў значна зьніжаецца, калі спажываньне вітаміну Е бывае недастатковым. Ранейшыя дасьледаваньні прывялі да высновы, што нізкія ўзроўні ДГК-ПК у плязьме чалавека зьяўляюцца біямаркерамі (паказчыкам), які можна прагназаваць высокую рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра.

«Наш досьлед паказаў, чаму вітамін Е неабходны для здароўя мозгу, — сказала прафэсар Марэт Трабэр, вядучы аўтар гэтага дасьледаваньня. — Вітамін Е можна параўнаць з будаўнічным блёкам. Вы ня можаце пабудаваць дом безь неабходных матэрыялаў, — тлумачыць Трабэр. — У пэўным сэнсе, калі паступленьне вітаміну Е з прадуктаў харчаваньня зьўляецца недастатковым, мы больш чым на палову скарачаем колькасьць будаўнічых матэрыялаў, якія патрэбныя для пабудовы мазгавой мэмбраны і падтрымкі дзейнасьці мозгу. Дэфіцыт вітаміну Е, такім чынам, стварае аснову для клеткавага пашкоджаньня мэмбраны і гібелі нэўронаў ».

Дадатковыя перавагі вітаміну Е для здароўя

Антыаксыдант

Вітамін Е зьяўляецца неад’емным складнікам антыаксыдантнай (ахоўнай) сыстэмы арганізма. Антыаксыдант ёсьць любое рэчыва, якое значна затрымлівае акісьленьне. Гэта агульная назва для ўсіх элемэнтаў так званай сыстэмы антыаксыдантнай абароны. Гэтая сыстэма адказвае за абарону клетак ад акісьляльнага стрэсу. Акісьляльны стрэс можа прывесьці да пашкоджаньня ДНК, РНК і бялкоў, што, у сваю чаргу, спрыяе разьвіцьцю захворваньняў. Штодзённае паступленьне вітаміну Е з прадуктаў харчаваньня — неабходная ўмова для аптымальнага функцыянаваньня антыаксыдантнай сыстэмы.

Вітамін Е ў харчаваньні спартоўцаў

Вітамін Е адыгрывае важную ролю ў харчаваньні спартоўцаў. Клінічныя выпрабаваньні з удзелам спартоўцаў паказалі, што вітамін Е, асабліва ў спалучэньні з Амега-3 тлустымі кіслотамі, істотна зьніжае акісьляльны стрэс, выкліканы фізычнымі нагрузкамі, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі, такімі як памяншэньне стомленасьці і павелічэньне працаздольнасьці.

Вітамін Е і ўзроставая макулярная дэгенэрацыя

Доказы карысьці ўжываньня пэўных мікраэлемэнтаў дзеля супрацьстаяньня ўзроставай макулярнай дэгенэрацыі (УМД) паступаюць з розных тыпаў дасьледаваньняў. Лябараторныя досьледы, іспыты на жывёлах і эпідэміялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што спэцыфічныя пажыўныя мікраэлемэнты могуць аказваць дабратворнае ўзьдзеяньне на фільтраваньне вокам кароткіх хваляў сьвятла, памяншаючы акісьленьне і запаленчае пашкоджаньне, а таксама памяншаючы апаптоз (сьмерць клетак) і ангіагенэз (утварэньне новых крывяносных сасудаў з ужо існуючых). Напрыклад, маштабнае дасьледаваньне ўзроставай акулярнай паталёгіі Pola (1999) паказала, што рызыка позьняй УМД памяншаецца аж на 82% у людзей з высокім узроўнем вітаміну Е ў крыві ў параўнаньні зь людзьмі з нізкім узроўнем гэтага мікраэлемэнту.

Колькі вітаміну Е нам патрэбна

Вітамін Е ўключае ў сябе восем прыродных злучэньняў: чатыры такафэролы (Альфа, Бэта, Гама і Дэльта) і чатыры токатрыенолы, з такімі самымі назвамі. Альфа-такафэрол лепш за ўсё засвойваецца клеткамі і таму, на сёньняшні дзень, лічыцца найбольш важнай формай і зьяўляецца эквівалентам утрыманьня вітаміну Е. Гэта значыць, што ўсе ізамэры (злучэньні) вітаміну Е вызначаюцца ў α-такаферол эквівалентах (αTE). 1 αTE адпавядае 1 мг α-такафэролу, 2,5 мг β-такафэролу, 10 мг γ-такафэролу ці 100 мг γ-такафэролу. На этыкетках вітамінных прэпаратаў утрыманьне вітаміну Е часам паказваецца ў міжнародных адзінках (МЕ). 1 МЕ роўная 0,67 мг альфа-такафэролу.

Вітамін Е тлушчараспушчальны. Гэта значыць, што для яго засваеньня чалавечаму арганізму патрэбна крыніца тлушчу.

Дадзеныя адносна спажываньня вітаміну Е беларусамі адсутнічаюць. Лічыцца, што больш за 90% амэрыканцаў не спажываюць дастаткова дыетычнага вітаміну Е ў выглядзе α-такаферолу, каб задаволіць сярэднюю сутачную патрэбнасьць. Сярэдні ўзровень спажываньня вітаміну Е ў Эўропе таксама вельмі нізкі. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што мы таксама ўжываем недастаткова вітаміну Е.

Дэфіцыт вітаміну Е зьвязаны з падвышанай рызыкай інфэкцый, анэміяй, адставаньнем у росьце, неспрыяльнага зыходу цяжарнасьці, як для дзіцяці, так і для маці.

Дарослым мужчынам (14-70 гадоў) трэба прыкладна 10 міліграм вітаміну Е на дзень, жанчынам — 8 мг, цяжарным жанчынам — 10 мг, кормячым жанчынам — 11 мг. Максымальная бясьпечная сутачная дазіроўка вызначана як 300 мг для дарослых.

Я не рэкамэндую прымаць гэты вітамін у сынтэтычным выглядзе. Рэкамэндую, аднак, уключыць прадукты, багатыя на гэты вітамін, у штодзённы рацыён. Найлепшыя натуральныя крыніцы вітаміну Е — розныя гатункі алею, арэхі, семкі, крупы, гародніна і садавіна, авакада, ягады.

Тры самыя выдатныя крынiцы вiтамiну Е:

1. Сланечнікавыя семкi: 2 сталовыя лыжкі ўтрымлiваюць 50% сутачнай нормы.

2. Мiндаль: 2 сталовыя лыжкі ўтрымлiваюць 35 % сутачнай нормы.

3. Сланечнікавы алей: 1 сталовая лыжка ўтрымлiвае 30 % сутачнай нормы.

Варта мець на ўвазе, што высокая тэмпэратура руйнуе вітамін Е ў прадуктах.

XS
SM
MD
LG