Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яйка, і што ў ім


На парозе — праваслаўны Вялікдзень. Фарбуем яйкі. Заадно вяртаемся да размовы пра іх харчовыя вартасьці.

Курачкі і пеўнікі

Куры-нясушкі — гэта іншая парода, чым бройлеры, якія вырошчваюцца на мяса. У сярэднім курыца зьнясе 6 яек на тыдзень. Гэта прыкладна 300 яек на год. Дзесьці праз 14 месяцаў прадукцыйнасьць нясушак падае. Колер шкарлупіны яйка (белая ці жоўтая) залежыць выключна ад пароды курэй. А вось колер жаўтка залежыць ад корму нясушак. Ярка-жоўты жаўток атрымліваецца, калі курэй кормяць кукурузай.

Дарэчы, сучасная прамысловасьць праводзіць суровы адбор яшчэ на пачатку лёсу вылупленых птушанят — маладыя пеўнікі (яйканосных парод) адбіраюцца і зьнішчаюцца ў газавых камэрах з дыяксідам вугляроду: яны непрыдатныя ні на яйкі, ні на мяса...

Вострым канцом уніз

Яйкі, як вядома, лепш трымаць у халадзільніку. Гэта зьніжае рызыку заражэньня сальманэлай. Акрамя таго, у халадзільніку яйкі ня так хутка высыхаюць.

У сярэднім 3 яйкі з 10 тысяч забруджаны сальманэлай. Сальманэла зьнішчаецца ўзьдзеяньнем тэмпэратуры. Так што найлепшы спосаб пазьбегнуць сальманэлы — гэта ніколі ня есьці сырыя яйкі.

Не захоўвайце яйкі ў непасрэднай блізкасьці ад рыбы, цыбулі, часнаку або іншай ежы з моцным пахам.

Яйкі лепей трымаць вострым канцом ўніз — так яны даўжэй застануцца сьвежымі.

На ўпакоўцы заўсёды стаіць тэрмін прыдатнасьці. Але яйкі можна зьесьці (у прыгатаваным відзе) і праз некалькі дзён пасьля сканчэньня тэрміну.

Вы можаце зрабіць тэст, калі вы ня ўпэўненыя, ці яйка яшчэ прыдатнае. Пакладзеце яго ў міску ці вялікую шклянку з падсоленай вадой. Яйка, што ўсплыве на паверхню, есьці ня трэба.

Гатуем «у мяшэчак» і «на цьвёрда»

Часьцей за ўсё яйкі вараць ці смажаць.

Ад 3 да 4 хвілін варыцца яйка «у мяшэчак»,

Ад 5 да 6 хвілін — паўмяккае яйка,

8 хвілін — яйка «на цьвёрда».

Лепей, каб яйкі падчас варкі былі поўнасьцю ў вадзе — яны зварацца раўнамерна. Звараныя іх лепш адразу заліць халоднай вадой — толькі тады спыніцца працэс варкі, а таксама лепш будуць лупіцца.

Харчовы профіль Адно яйка сярэдняга памеру ўтрымлівае 65-70 калёрый. Гэта — няшмат. Таму яйкі — выдатны сьняданак альбо абед.

Бялок

Існуе памылковае меркаваньне, што яйкі — гэта добры пастаўшчык бялку. На самой справе адно яйка ўтрымлівае ўсяго 6 г бялку. Для даведкі: даросламу чалавеку вагой 60 кг. на дзень патрэбна прыкладна 50 г. бялку. Яечны бялок аднак вельмі добра засвойваецца чалавечым арганізмам. Лічыцца, што ён увогуле засвойваецца лепш, чым усе іншыя бялкі (напрыклад, зь мяса ці малака).

Яшчэ адно памылковае меркаваньне (характэрнае для спартсмэнаў-аматараў) — нібыта бялок знаходзіцца выключна ў яечным бялку. На самай справе жаўток і бялок утрымліваюць больш-менш аднолькавую колькасьць дыетычнагя бялку! Жаўток, дарэчы, утрымлівае і усе астатнія карысныя рэчывы. Так што бялковы амлет — модна, але не рацыянальна. Яйкі — выдатная крыніца антыаксыданту мінэралу сэлену. З аднаго яйка атрымаем 20% ад сутачнай нормы. Гэтае самае яйка ўтрымлівае і 10% ад дзённай нормы вітамінаў В2 і В12.

Халін

Яйкі — адна з самых галоўных крыніц пажыўнага рэчыва халіну. Халін яшчэ не прызнаны вітамінам, але па сваёй структуры ён вельмі да іх падобны і, магчыма, аднойчы яго аднясуць да клясы вітамінаў. Халін зьяўляецца важным рэчывам ў вытворчасьці фасфатыдзілхаліна — аднаго з найбольш важных структурных будаўнічых блёкаў жывой клеткі. Яго ўнікальная «мылаподобная» структура дапамагае трымаць мэмбраны клетак вадкімі, але ў той жа час непранікальнымі. Цікава, што халін знойдзены ў мацярынскім малацэ. Яго таксама дадаюць у малочныя сумесі для немаўлят. З аднаго яйка вы атрымаеце адну чвэрць альбо адну траціну сутачнай нормы халіна. Больш за 99% халіну знаходзіцца ў жаўтку. Таму не выкалупвайце і не адкідайце жаўток са зваранага яйка, як робяць некаторыя.

Зэаксантын

Яйкі — добрая крыніца зэаксантыну. Зэаксантын — адзін з найбольш распаўсюджаных каратыноідаў, якія сустракаюцца ў прыродзе. Гэты пігмэнт сынтэзуецца ў расьлінах і надае ім характэрны аранжавы і жоўты колер. Назва паходзіць ад Zea Mays (сорт звычайнай кукурузы, у якім зэаксантын забясьпечвае асноўны жоўты пігмэнт) ды Хanthos, грэцкае слова «жоўты».

Зэаксантын зьяўляецца асноўным кампанэнтам пігмэнту ў сятчатцы вока. Невялікая колькасьць зэаксантыну таксама ўтрымліваецца ў мазгах. Зэаксантын грае важную ролю ў функцыянаваньні вачэй, бо ён адказны за вастрыню цэнтральнага зроку (яснасьць, зь якой аб’екты вылучаюцца ад іх асяродзьдзя), ён таксама памяншае наступствы асьляпленьня (так званага сіняга сьвятла).

Халестэрын

Мы пералічылі карысныя рэчывы ў яйках. Але для для аб’ектыўнасьці трэба дадаць, што яйкі — гэта крыніца дыетычнага халестэрыну. Два яйкі — гэта ўжо больш, чым максымальная бясьпечная колькасьць халестэрыну. Але калі ваш халестэрын увогуле не завышаны (альбо завышаны, але вы прымаеце паніжаючыя халестэрын мэдыкамэнты), дык ніякай драмы ў яечні няма: ваш арганізм лёгка справіцца з яечным халестэрынам.

Асобам з хваробамі сэрца і дыябэтам настойліва рэкамэндуецца абмежаваць спажываньне яек да 2-3 на тыдзень. Сюды, дарэчы, уваходзяць і яйкі з выпечкі. У выпечцы яйкі можна лёгка замяніць іншымі прадуктамі. Больш падрабязна пра гэта чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG