«Літоўскі гісторык разважае пра тое, як Вільня магла стаць беларускай». Гэты тэкст на сайце Радыё Свабода выклікаў бурную дыскусію.
Адзін з камэнтатараў напісаў: «Сталін аддаў ім Вільню, а цяпер яны імкнуцца апраўдацца». А яму ў адказ: «а вам гродно, которое вы успешно разрушаете».
На гэты аргумэнт ніхто не адрэагаваў. А варта.
Чаму? Таму што пасьля вызваленьня Горадні ў гістарычнай забудове было зьнішчана, я думаю, ня менш за дваццаць пяць адсоткаў камяніц. Днямі на мясцовым сайце было інтэрвію са мной. Маладая журналістка вельмі добра падрыхтавалася, мне было самому цікава размаўляць. Але выходзіць інтэрвію, і я чытаю аб тым, чым мяне ўразіла некалі Горадня. Што такі горад пакінулі беларусам, гэта першае. Згодны. Другое: што ня ўсё «вайна і немцы» разбурылі. Аднак мною было ясна сказана: мяне ўразіла, што беларусы, атрымаўшы ў свае рукі такі горад, ня ўсё тут узарвалі і зруйнавалі… Бо займаліся гэтым мэтадычна, да апошняга часу ўключна.
Але вернемся да Вільні. Нам не хапае цьвярозага погляду, прагматызму, мы адмаўляемся глядзець праўдзе ў вочы, калі мова пра чульлівыя моманты. Я не кажу, што я не такі. Але я вучуся цьвярозаму погляду, жыцьцё вучыць. Ну хіба вам было б весялей, каб Вільня была беларускай, але палова Старога гораду была б зруйнаваная бульдозэрам, «бабай» і дынамітам? Вы ж самі разумееце цудоўна, што было б менавіта так. І першай зруйнавалі б Вострую браму. Зь ненавісным, выбачайце, «саўку» рыцарам, нашай Пагоняй. Успомніце: нядаўнія падзеі ў РБ 1995 году гэта як найлепей пацьвердзілі.
У самым лепшым разе беларусы б молатам разьбілі рыцара, каб замяніць менавіта гэтымі сваімі сярпом з молатам. А зь літоўцамі такі нумар не прайшоў.
А чаму так? Мабыць таму, што адбываецца своеасаблівая калянізацыя ўладай, у нашым выпадку савецкай, далучаных гарадоў, поўных помнікаў архітэктуры. Першымі пад прыцэл трапляюць, зразумела, пабудовы каталіцкія, каралеўскія. Магчыма, гэта адбываецца падсьвядома, я маю на ўвазе разбурэньне, замах на іх, але тым жа часам — мэтанакіравана.
Пацікаўцеся, як сёньня імкліва гіне Выбарг, адабраны некалі Сталінам у Фінляндыі. Зграбны архітэктурны ансамбаль, замак (дзе экранізавалі расейскую вэрсію раману Кафкі «Замак») разбураецца на вачах. Чаму? Напэўна таму, што там усё чужое. Чужога не шкада.
Я сёньня пачуў па дзяржаўным радыё даволі нечаканае. У календары датаў была ўзгадка пра чалавека, які быў адным з абаронцаў камяніц, калі «гарадзкія ўлады ў 1970-я гады актыўна заняліся разбурэньнем гістарычнай забудовы Верхняга гораду». Дзе? У Менску. Чаму? Напэўна таму, што забудова ў значнай ступені каталіцкая ці нават уніяцкая. Чужая. Удумацца толькі: на тое, што самае каштоўнае ў горадзе, яны — з дынамітам!
А чаму для мяне было нечаканым пачуць такое? Таму што савецкая традыцыя дыктуе: нічога не прызнаваць. У нас дагэтуль можна пачуць ці прачытаць, што вядомыя паэты, дзеячы, што загінулі ў 1937 годзе, проста памерлі. Тое, што расстралялі, агучваць нядобра, непрыгожа, недалікатна. Груба і жорстка.
Разбуралі Стары Менск, разбуралі Горадню. Чужое, каталіцкае, каралеўскае. У гэтым была віна гораду над Нёманам. Не шкада. Прыклады? Узарвалі тры касьцёлы ў гістарычнай забудове, ратушу, палац Радзівілаў. Важыліся ўзарваць самы вялікі ў Беларусі каталіцкі храм. Руйнавалі часам цэлымі кварталамі. Так што вайна тут зусім ні пры чым.
У Горадні існуе экскурсія «па месцах баявой славы» савецкіх разбуральнікаў. Мне хочацца запытаць чытачоў-патрыётаў: вам бы вельмі хацелася, каб такая экскурсія існавала для турыстаў у Вільні? Не? Ну дык трэба астыць са сваімі патрыятычнымі эмоцыямі. Накіруйце іх на абарону таго, што ў нас яшчэ засталося. Ня факт, што мы больш нічога ня страцім. Зусім ня факт.
Дзяржава дрэнна распараджаецца старымі пабудовамі, савецкі падыход у крыві прысутнічае, нікуды ня зьнік. І не жадае пераймаць вопыт суседзяў. Ня кажучы, сама рэстаўрацыя ў Беларусі ў жалосным стане. Камэнтар у гэтым рэчышчы быў пад маім блогам аб працах, што пачаліся на Старым гарадзенскім замку, яго напісаў Антон Астаповіч, кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Нагадаўшы, што грошы вылучаюцца на рэстаўрацыю невялікія, ён параўнаў сытуацыю ў Беларусі і ў Літве: «Ва ўсім сьвеце ўдзел дзяржавы ў рэстаўрацыі мінімальны, у асноўным яна адбываецца за інвэстыцыйныя сродкі, альбо за дабрачынныя. Тая ж Літва свае апошнія рэстаўрацыйныя праекты менавіта так і рэалізоўвала. Узяць, напрыклад, сядзібу Тышкевічаў у Затроччы. Гэта прыватная інвэстыцыя. Калі браць Медніцкі замак ці палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні — гэта субсыдыя па фундацыйных праграмах Эўразьвязу».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.