Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі гісторык разважае пра тое, як Вільня магла стаць беларускай


Літоўскае войска ўваходзіць у Вільню 28.10.1939
Літоўскае войска ўваходзіць у Вільню 28.10.1939

Старэйшы навуковы супрацоўнік Аддзелу гісторыі ХХ стагодзьдзя Інстытуту гісторыі Літоўскай акадэміі навук Альвідас Нікжантайціс у камэнтары на партале 15min.lt расказвае пра сытуацыю складанага выбару, перад якім стаялі літоўскія ўлады ў верасьні 1939 году. Неасьцярожны палітычны крок мог бы прывесьці да таго, што Вільня па вайне магла б стаць беларускай. Падаем тэкст камэнтару зь невялікімі скарачэньнямі.

«На сустрэчах з замежнікамі, падчас якіх трэба коратка прадставіць найнавейшую гісторыю Літвы, я часта паўтараю фразу, што Літве ў ХХ стагодзьдзі тры разы вельмі пашанцавала. У 1918 годзе літоўцы амаль цудам аднавілі Незалежнасьць, — піша Нікжантайціс. — Такі самы цуд паўтарыўся і 11 сакавіка 1990 году. І Літва адна з мала якіх краінаў у сьвеце, якія пасьля Другой сусьветнай вайны павялічылі даваенную тэрыторыю».

Сам факт, што літоўцы могуць лічыць сябе пераможцамі ў Другой сусьветнай вайне, пачалі асэнсоўваць толькі калі Літва зноў зрабілася незалежнай дзяржавай, зазначае гісторык і працягвае:

«Пры разглядзе мінуласьці зь цяперашняй пэрспэктывы яна часта выглядае вельмі лягічнай. Аднак сапраўдную складанасьць гісторыі і пачынаеш бачыць толькі тады, калі бярэсься разглядаць розныя сцэнары таго, што было б, калі б».

У 1939 годзе Літве зь Вільняй пашанцавала

Калі разглядаць розныя сцэнары мінуласьці, відавочна, што Літве вельмі пашанцавала зь Вільняй, лічыць А. Нікжантайціс:

«Усе мы добра ведаем, што пасьля падпісаньня пакту Гітлера-Сталіна ў 1939 годзе гэтыя два дыктатары разьдзялілі Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу. Рэалізоўваючы дамовы сакрэтных пратаколаў пакту, Сталін спачатку змусіў Літву пусьціць на сваю тэрыторыю савецкае войска, а ў 1940 годзе акупаваў і анэксаваў краіну.

Праўда, перад гэтым ён зрабіў літоўцам ласку, аддаўшы ім Віленшчыну. Цану гэтага падарунку сучасьнікі асэнсавалі даволі хутка. Адразу пасьля акупацыі Літвы нарадзілася папулярная прыказка: „Vilnius mūsų, o mes rusų“ (Вільня — наша, а мы — расейскія). Дагэтуль нідзе не давялося сустрэць развагі пра тое, што вельмі рэальны быў і іншы сцэнар: „Вільня — беларуская, а мы — расейскія“. А ўсё было ў тым самым 1939 годзе».

Спачатку Літва трапіла ў нямецкую зону ўплыву

Калі гавораць пра той лёсавызначальны для Літвы год, у папулярнай літаратуры часта забываюць згадаць, што савецкую акупацыю Літвы вызначыла не падпісаная двума тыранамі 23 жніўня 1939-га дамова, а папраўкі да яе, прынятыя 28 верасьня таго самага году.

«Паводле папярэдняга варыянту пагадненьня, — нагадвае гісторык, — у савецкую зону ўплыву апрача іншых тэрыторыяў патрапілі толькі Латвія і Эстонія, тым часам як Літва была аддадзеная Трэцяму Райху. Пэўныя карэкцыі ўнёс пачатак Другой сусьветнай вайны. Капітуляцыя Польшчы і... (бязь)дзейнасьць самой Літвы.

Гітлер, як можна здагадвацца зь яго дзеяньняў пасьля падпісаньня пакту, не імкнуўся адразу акупаваць Літву. Як паказалі крыху пазьнейшыя падзеі, ягоны плян быў больш рафінаваны: як выглядае, галоўнай мэтай Трэцяга Райху было ўцягнуць Літву ў вір Другой сусьветнай вайны, зрабіць яе марыянэткай Нямеччыны. Пра такі сцэнар сьведчаць канкрэтныя дзеяньні Нямеччыны пасьля акупацыі Польшчы».

Нямеччына падштурхоўвала Літву забраць Вільню сілай

Альвідас Нікжантайціс разглядае тагачасныя манэўры нямецкай дыпляматыі.

«9 верасьня 1939 году міністар замежных справаў Нямеччыны празь нямецкага пасла ў Коўне Э. Цэхліна запрапанаваў літоўскаму ўраду, каб Літва сама сілай забрала Віленшчыну ў Польшчы. Каб заахвоціць літоўцаў, немцы дзяліліся выведнай інфармацыяй пра польскія збройныя сілы, што заставаліся ў краі. З пададзеных імі дакумэнтаў было ясна, што на Віленшчыне Польшча ня мае збройных сілаў, якія б маглі сур’ёзна супрацьстаяць паходу літоўскага войска на Вільню.

І ўсё ж літоўскі бок на такія шматразовыя заахвочваньні Нямеччыны не паддаўся. Расчараванае бязьдзейнасьцю літоўцаў, 16 верасьня Міністэрства замежных справаў Нямеччыны дало загад паслу ў Коўне „пакінуць тэму Вільні“, а праз 12 дзён аддала Літву ў савецкую зону ўплыву, атрымаўшы за гэта немалы кавалак ужо заваяванай Польшчы.

Дасьледаваньні гісторыкаў паказалі, што кіраўніцтва Літвы разглядала магчымасьць далучэньня Вільні вайсковай сілай. Хоць большая частка палітыкаў найвышэйшага эшалёну, у тым ліку і прэзыдэнт А. Сьмятона, такую магчымасьць выключалі, некаторыя ўплывовыя сябры Партыі Таўцінінкаў і літоўскі амбасадар у Бэрліне К. Шкірпа балі актыўнымі прыхільнікамі такога сцэнару вяртаньня Вільні.

Вось жа ў верасьні 1939 году Літва адмовілася сілай вярнуць Віленшчыну. Гісторыкі дагэтуль дыскутуюць слушнасьць гэтага кроку. Разглядаючы пытаньне — што магло быць — зь сёньняшняй пэрспэктывы, можна вызначыць прынамсі некалькі пазытыўных наступстваў такога кроку:

  1. Літва самастойна і без дапамогі Сталіна вярнула б сабе так жаданую сталіцу;
  2. Літва, будучы марыянэткай Нямеччыны, магчыма, магла б мець нават свой урад і пазьбегла б савецкай акупацыі 1940 году.

Так сытуацыя выглядае з кароткачасовай пэрспэктывы. Аднак калі аналізаваць магчымыя доўгатэрміновыя наступствы такога кроку, пэрспэктывы Літвы выглядаюць ужо ня так прыгожа».

Некаторыя краіны скарысталіся нагодай, але прайграўшы вайну, страцілі захопленае

«Напярэдадні і падчас Другой сусьветнай вайны ня толькі Нямеччына, але і іншыя краіны скарысталіся спрыяльнай нагодай. Некаторыя зь іх пашырылі сваю тэрыторыю за кошт суседніх дзяржаваў. Такім чынам Польшча ў 1938 годзе заняла Цешынскі край, які належаў Чэхаславаччыне. Свае тэрыторыі за кошт Румыніі і Чэхаславаччыны павялічыла Вугоршчына. Румынія, якая далучылася да гітлераўскай кааліцыі крыху пазьней, ня толькі ўдзельнічала ў вайне супраць Савецкага Саюзу, але і вярнула землі, які СССР забраў у яе ў 1940 годзе, далучыўшы да іх яшчэ і частку сучаснай тэрыторыі Ўкраіны. Падобным чынам паводзіла сябе і саюзьніца Гітлера Італія.

Хоць некаторыя з гэтых актаў агрэсіі былі ўзаконеныя міжнароднымі пагадненьнямі (рашэньні Першага і Другога венскага трыбуналу 1938 і 1940 гадоў), аднак лёс усіх гэтых заваяваных тэрыторыяў пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны быў аднолькавы. Польшча была вымушаная вярнуць Цешын Чэхаславаччыне, а анэксаваныя Вугоршчынай румынскія і чэхаславацкія тэрыторыі рашэньнем Парыскай мірнай канфэрэнцыі 1946 году былі вернутыя іх былым уладальнікам.

Паводле гэтага пагадненьня і частка Букавіны была аддзеленая ад Румыніі і перададзеная СССР. Тое самае сталася і з захопленай фінамі Ўсходняй Карэліяй, а Італія была вымушаная вярнуць захопленыя раёны Югаславіі і Францыі. Апрача таго краіны-агрэсары (да іх была залічаная і Фінляндыя) былі вымушаныя выплаціць немалыя ваенныя рэпарацыі пацярпелым ад іх дзяржавам».

Літва рызыкавала страціць і Вільню, і незалежнасьць

«У сьвятле такіх фактаў, — лічыць А. Нікжантайціс, — можна было б прагназаваць лёс Віленшчыны, калі б у 1939 годзе яе сілай вярнула сабе Літва.

Рашэньнем Сталіна 1939 году перадаць Віленшчыну Літве былі незадаволеныя некаторыя беларускія камуністы. Ня выключаная магчымасьць, што пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны да іх галасоў прыслухаліся б лепей. У кантэксьце Ялцінскіх пагадненьняў і паваенных пераўладкаваньняў цалкам верагодна, што Літва не захавала б незалежнасьць. Вось тады мы хутчэй за ўсё і мелі б сытуацыю: „Вільня — беларуская, а мы — расейскія“.

Антанаса Сьмятону можна крытыкаваць за бесхрыбетнасьць у апошнія гады літоўскай незалежнасьці. Аднак, магчыма, тое, што ён ухіліўся ад правядзеньня рашучай акцыі далучэньня Вільні да Літвы, і вызначыла той факт, што сёньня мы можам лічыць Літву адной з краінай, якія перамаглі ў Другой сусьветнай вайне. чаго нельга сказаць пра К. Шкірпу. Яго неразумныя прапановы выступіць у 1939 годзе ў паход на Вільню маглі б на ўсе вякі перакрэсьліць спробы літоўцаў вярнуць сабе дарагі ім горад».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG