Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: Калябарацыя з вонкавымі акупантамі ня можа быць пасьпяховаю


Старшыня Рады Беларускай народнай рэспублікі зьвярнулася да беларусаў з нагоды 100-годзьдзя Першага Ўсебеларускага Зьезду. У віншавальным лісьце яна дадае, што менавіта падчас гэтага зьезду Рада БНР атрымала свой гістарычны мандат.

Сурвіла нагадала, што за прыналежнасьць да Рады БНР савецкія акупанты забілі прынамсі дваццаць чатырох радных БНР, у тым ліку чацьвярых прэм’ер-міністраў і аднаго старшыню Рады. Дзясяткі радных, паводле Івонкі Сурвілы, прайшлі празь зьняволеньне ў савецкім ГУЛАГу, цярпелі перасьлед ад гітлераўскіх акупантаў і ўладаў міжваеннай Польшчы.

«Гісторыя даказала, што калябарацыя з вонкавымі акупантамі ня можа быць пасьпяховаю. Беларускія структуры, створаныя, хай нават з найлепшымі памкненьнямі, пад эгідай міжваенных польскіх уладаў, ці, тым болей, нямецкіх нацыстаў, пацярпелі паразу. Паплаціліся за сваю трагічную памылку і тыя беларускія дзеячы, хто паверыў бальшавікам і вярнуўся з эміграцыі ў марыянэткавую БССР», — піша старшыня Рады БНР.

Івонка Сурвіла нагадала, што цягам дзесяцігодзьдзяў Рада БНР гуртавала беларускую палітычную эміграцыю, усталёўвала кантакты з урадамі дэмакратычных краінаў, даносіла да іх інфармацыю пра Беларусь, пра самастойнасьць беларускага народу. Гэтую функцыю, на думку Сурвілы, Рада будзе выконваць далей.

«Гэта працягненьне традыцыяў беларускага дэмакратычнага і незалежніцкага руху. Гэта забесьпячэньне юрыдычнае пераемнасьці паміж беларускай дзяржавай і воляй беларускага грамадзтва, выказанай на Першым Ўсебеларускім Зьездзе 1917 годзе і ўва Ўстаўных Граматах 1918 году», — гаворыцца ў звароце.

Рада БНР хоча перадаць гістарычны мандат, атрыманы на Ўсебеларускім Зьезьдзе, дэмакратычна абранай беларускай уладзе пры ўмовах гарантаванай незалежнасьці Беларусі, піша ў звароце Івонка Сурвіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG