Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анімацыйны фільм беларускай рэжысэркі з Амэрыкі пра суперпоўню стаў найлепшым на фэстывалі «Анімаёўка-2017»


Фрагмэнт з мультфільма «And The Moon Stands Still»
Фрагмэнт з мультфільма «And The Moon Stands Still»

Анімацыйная стужка «And The Moon Stands Still» беларускай рэжысэркі Юліі Рудзіцкай прызнаная найлепшым беларускім фільмам на міжнародным фэстывалі «Анімаёўка-2017», які 29 кастрычніка завяршыўся ў Магілёве. Мастачка-аніматар раней зрабіла патрыятычны фільм «Будзьма беларусамі», які стаў гітом у інтэрнэце.

Фільм Юліі Рудзіцкай на «Анімаёўцы» прадстаўлялі як беларуска-нямецка-амэрыканскі праект. Ён адзначаны адмысловым дыплёмам і прызам «Вялікі хрустальны аловак». На «Анімаёўцы» мультфільм Рудзіцкай ўпершыню паказалі беларускаму гледачу, хоць ён неаднойчы станавіўся пераможцам на міжнародных фэстывалях.

Пра што фільм

На магілёўскім фэстывалі самой Юліі Рудзіцкай не было. Яна жыве і працуе ў Нью-Ёрку. Займаецца аўтарскім анімацыйным кіно, а таксама рознымі праектамі ў сфэры рэкламы, у тым ліку некамэрцыйнай і сацыяльнай, моўшн-дызайнам, ілюстрацыяй. Пра перамогу свайго фільму на радзіме яна даведалася ад Радыё Свабода.

Юлія Рудзіцкая
Юлія Рудзіцкая

«Мой анімацыйны фільм „And The Moon Stands Still“ мае некалькі сэнсавых пластоў, — сказала рэжысэрка. — Асноўны — архэтыпічная гісторыя пра цыклы Месяца. Moon standstill, або суперпоўня — рэдкая астранамічная зьява, калі поўная фаза месяца супадае з найкарацейшай яго адлегласьцю ад зямлі. Поўня наогул асаблівы час: актывізуе і творчую энэргію, і вар’яцтва. І вось гэты маленькі вядзьмак зь цікаўнага баязьліўца паступова ператвараецца ў сапраўднага эгаістычнага монстра, які ўжо ня можа спыніцца, якога прага разбурыць, зжэрці гоніць і гоніць наперад. І як вынік — залева, паводка, разбураныя жыцьці».

Глядач у мультфільме бачыць сувязь з паводкамі ў Амэрыцы і Беларусі

Юлія кажа: мультфільм дае свабоду інтэрпрэтацыі, і ёй даводзілася ў розных краінах чуць ад гледачоў розныя, часам нечаканыя вэрсіі.

«Напрыклад, колькі дзён таму гледачы на адным амэрыканскім кінафэстывалі ўбачылі ў фільме сувязь з разбуральнымі паводкамі ў Тэхасе і Пуэрта-Рыка і спыталіся пра гэта, — расказала Юлія Рудзіцкая. — А калі я працавала над раскадроўкай для фільму, у Беларусі былі вялікія паводкі, і некаторыя сцэны адпавядалі таму, што я бачыла ці чытала ў навінах. Гэта мяне ўразіла. І што яшчэ цікава, фэстывалі падаюць фільм і як дзіцячае, і як дарослае, і як жанравае кіно, у адным блоку з хорар-фэнтэзі-фільмамі».

Стужка ўганараваная на фэстывалі ў Босніі і Герцагавіне

Паводле Юліі, фільм паказвалі на кінафэстывалях больш як у 30 краінах амаль усіх кантынэнтаў. Ён адзначаны міжнароднымі ўзнагародамі ў ЗША, Расеі, Дамінікане, Партугаліі.

Адзін з такіх «Хрустальных алоўкаў» атрымала Юлія Рудзіцкая
Адзін з такіх «Хрустальных алоўкаў» атрымала Юлія Рудзіцкая

«28 кастрычніка, на ўсясьветны дзень анімацыі, фільм атрымаў прыз як „Найлепшы 2D-фільм“ на анімацыйным фэстывалі Banjaluka International Animation Festival ў Босніі і Герцагавіне, — прыгадвае суразмоўца Свабоды. — Тое, што ў такіх розных кантэкстах і культурах гледачы вельмі добра ўспрымаюць і разумеюць фільм, для мяне як для аўтаркі вельмі важна і прыемна».

Юлія Рудзіцкая сказала, што беларускі гледач зможа зноў пабачыць яе мультфільм на кінафэстывалі «Лістапад» — у кінатэатры «Піянэр» 8 лістапада.

Інтэрнэт папулярызуе анімацыю на беларускай мове і пра беларускае

На сёлетнім фэстывалі мультфільмаў на беларускай мове не было. Тое, што беларускамоўных стужак робіцца няшмат і іх амаль не паказвае беларуская тэлевізія, Юлія Рудзіцкая тлумачыць агульнай тэндэнцыяй «ня толькі з анімацыйнымі фільмамі, але і з агульнай сытуацыяй зь беларускамоўным кантэнтам».

«Зразумела, было б цудоўна, каб гэтая сытуацыя зьмянілася», — казала яна. — У мяне ёсьць задумкі зрабіць беларускамоўны анімацыйны фільм, і нават не адзін. Спадзяюся, ўдасца рэалізаваць задуму. Хтосьці мог ужо бачыць мой анімацыйны фільм «Будзьма беларусамі». Ён цалкам на беларускай мове».

Суразмоўца спадзяецца, што інтэрнэт паспрыяе росту цікавасьці да беларускамоўнай прадукцыі.

«Цяпер усё больш людзей, і асабліва маладое пакаленьне, глядзяць фільмы не па беларускай тэлевізіі, а ў інтэрнэце, — тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі Юлія. — Гэта дае магчымасьць больш свабодна выбіраць, што глядзець. Спадзяюся, што анімацыйных фільмаў на беларускай мове і пра беларускае будзе станавіцца болей, як аўтарскай, так і камэрцыйнай. Да анімацыі ёсьць цікавасьць ва ўсім сьвеце, і менавіта анімацыя — тое жывое сучаснае мастацтва, якое дае магчымасьць людзям з розных краін цікавіцца нашай нашай радзімай і беларускай культурай. Што да аўтарскай анімацыі, дык гэта штучнае мастацтва і такіх фільмаў робіцца няшмат».

Гран-пры фэстывалю — у палякаў

Кінатэатар «Радзіма» — традыцыйна асноўнае месца правядзеньня «Анімаёўкі». Тут праходзяць адкрыцьцё і закрыцьцё фэстывалю
Кінатэатар «Радзіма» — традыцыйна асноўнае месца правядзеньня «Анімаёўкі». Тут праходзяць адкрыцьцё і закрыцьцё фэстывалю

Сёлета «Анімаёўку» праводзілі дваццаты раз. Гран-пры фэстывалю з дыплёмам і прызам «Вялікі хрустальны аловак» заваявала польская стужка «Вой, маці» рэжысэркі Паўліны Зялкоўскай.

Кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіла на конкурс стужкі «Необычный детский сад» ды «Нянюшкины сказки». Рэжысэрцы апошняга Алене Пяткевіч уручылі заахвочвальны дыплём у намінацыі «За яркі мастацкі талент».

Арганізатарамі фэстывалю выступілі Міністэрства культуры Беларусі і Магілёўскі аблвыканкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG